Абнаўленне дзятлаўскага гарадскога кінатэатра “Спадарожнік” пачалося ў 2012 годзе. У 2012 – 2013 гадах былі заменены вокны, дзверы, зроблены дзве залы: танцавальная і для паказу кіно. З 2014 года ў фае кінатэатра пачаў працаваць бар. У апошнія паўтара года калектыў кінатэатра займаўся бягучым рамонтам: рамантаваў ганак, аздабляў тэрыторыю вакол будынка, рамантаваў сцяну ў танцавальнай зале.
У 2013 годзе ў кінатэатры ўстаноўлена абсталяванне для паказу фільмаў у фармаце 3D і зманціравана гукавая сістэма Dolby, што значна павысіла якасць відэапаказу. Акрамя традыцыйнага кіно, “Спадарожнік” цяпер запрашае моладзь і на дыскатэку. Пастаянна працуе бар “Спадарожніка”, які прапануе паслугі дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту ўдзень і паўналетняй моладзі – вечарам. Усё больш папулярным становіцца святкаванне ў бары кінатэатра розных святаў і адметных дзён, у прыватнасці, дзеці з бацькамі тут любяць адзначаць дні нараджэння.
Кінатэатр “Спадарожнік”, які з’яўляецца асновай камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Дзятлавакінавідэасетка”, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных раённых мерапрыемствах, забяспечваючы паказ тэматычнага кінавідэараду. Акрамя стацыянарных у горадзе, кінавідэапрадпрыемства практыкуе і выязныя паслугі ў сельскіх школах раёна, у санаторыі “Радон”. Даход прадпрыемства вырас са 162 501 тысячы рублёў у 2011 да 403 363 тысяч рублёў у 2014 годзе.
Тэкст і фота Б. ВАРНА
НА ФОТАЗДЫМКАХ: кінатэатр сёння і да абнаўлення.