Кандыдат у Прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч прапануе змяніць у Беларусі падыходы да дзяржаўнага кіравання. Аб гэтым яна заявіла сёння, выступаючы на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, паведамляе БЕЛТА.
Таццяна Караткевіч прызнала, што «ўнутры дзяржапарату ёсць шмат добрых і прыстойных людзей». «Мы не будзем праводзіць чыстак, прафесіяналы застануцца на сваіх месцах», — расказала яна аб тым, што будзе рабіць у выпадку свайго выбрання на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
Пры гэтым, паводле слоў кандыдата, каб грамадства кантралявала ўладу на месцах, неабходна ўвесці выбары мэраў і кіраўнікоў абласцей, якія «павінны падпарадкоўвацца не «шышцы» з Мінска, а людзям на месцах». «Гэта дазволіць зрабіць рэгіёны больш самастойнымі, самастойна прыцягваць інвестыцыі, развіваць мясцовую інфраструктуры і ствараць рабочыя месцы», — лічыць яна. «Нам важна, каб чыноўнікі былі сучаснымі, прымалі адэкватныя рашэнні, таму наступныя пяць гадоў спецыялісты пройдуць стажыроўкі за мяжой», — запэўніла Таццяна Караткевіч.
Яна лічыць, што краіне неабходна актыўней прыцягваць інвестыцыі і не павінна быць «ніякіх здзелак за зачыненымі дзвярамі ў кабінетах чыноўнікаў», а ўся інфармацыя павінна быць «даступная для грамадскага кантролю». На думку кандыдата, такі падыход дасць магчымасць па-сапраўднаму змагацца з карупцыяй. «Сёння ёсць барацьба з асобнымі карупцыянерамі, але ніяк не з карупцыяй. Гэта значыць лечаць сімптом, а не хваробу», — заявіла Таццяна Караткевіч.
На яе думку, для барацьбы з карупцыяй неабходна адкрытасць і празрыстасць сістэмы прыняцця рашэнняў, даступная грамадству поўная фінансавая справаздачнасць, а таксама «змяншэнне колькасці сітуацый, дзе рашэнне аддаецца на разгляд чыноўнікаў». «Кантроль і барацьба з блатам будзе ажыццяўляцца і праз адкрыты конкурс на кіруючыя пасады, каб іх займалі толькі дастойныя і лепшыя. Гэта добры вопыт іншых краін, ён даказаў сваю эфектыўнасць», — сказала кандыдат у Прэзідэнты.
Яна чарговы раз крытыкавала эканамічную палітыку кіраўніцтва Беларусі. Таццяна Караткевіч, у прыватнасці, лічыць, што неабходна рэфармаваць падатковую сістэму, а асобныя падаткі і пастановы адмяніць. Пры гэтым Таццяна Караткевіч запэўнівае, што ў выпадку прыходу да ўлады зможа павысіць зарплаты і правесці пенсійную рэформу. «Пенсія павінна быць мінімум 75 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне, а для тых, хто пачаў задумвацца аб сваёй старасці, я прапаную ўвесці накапляльную сістэму, адкрыць прыватныя пенсійныя фонды для дадатковых пенсійных зберажэнняў», — растлумачыла Таццяна Караткевіч.