11-12 верасня ў Гродне прайшла XVII шматгаліновая выстава-кірмаш «Еўрарэгіён «Нёман-2015». Урачыста адкрыў мерапрыемства і браў удзел у ім старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Удзельнікамі выставы-кірмашу, сярод іншых раёнаў Гродзеншчыны, сталі і дзятлаўчане.
На «Еўрарэгіёне «Нёман», які праходзіў у гродзенскім спарткомплексе «Нёман» на плошчы 1,6 тысячы квадратных метраў, на выставачных пляцоўках сваю прадукцыю і паслугі прадставілі больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый. Гасцям выставы дэманстравалася прадукцыя прадпрыемстваў мяса-малочнай, машынабудаўнічай, хімічнай, мэблевай, тэкстыльнай прамысловасці працаваў кірмаш спажывецкіх тавараў, сувенірнай, плодаагародніннай прадукцыі, вырабаў народных промыслаў, быў прадстаўлены турыстычны патэнцыял Гродзеншчыны. На адкрытай пляцоўцы працавалі самадзейныя творчыя калектывы Гродзеншчыны, майстры-ўмельцы.
Для дзятлаўчан, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі “Еўрарэгіёна “Нёман”, гэты год не стаў выключэннем. Сёлета нашы землякі прадставілі на выставе-кірмашы прамысловую прадукцыю, сферу паслугаў і турызм.
У межах секцыі ўнітарнага прадпрыемства “Гроднахарчпрам” сваю марку “Алгонь” прадстаўляў Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод. У сваю чаргу, Дзятлаўскі сыраробны завод быў куратарам секцыі холдынгу “Гроднамясамалпрам”, у якую ўвайшлі прадпрыемствы Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава, Шчучына, Ашмянаў і Навагрудка. Дзятлаўчане змяглі стварыць на выставе тэматычную “Сырную страну” з яе насельнікамі, дэгустацыяй прадукцыі і выставай узнагародаў за яе якасць. Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства Вольгі Болцік, яны хочуць здзівіць гасцей выставы сваімі навінкамі – мяккімі сырамі “Рыкота” і “Капрэзі”. У час агляду экспазіцыі выставы-кірмашу наведалі секцыю “Гроднамясамалпрама”, дзе пазнаёміліся з прадукцыяй нашых сыраробаў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, яго намеснікі і ганаровыя госці мерапрыемства.
У ліку прадпрыемстваў Гродзеншчыны, якія прадстаўлялі тэхнічныя навінкі, сёлета была і “Дзятлаўская сельгастэхніка”.
Турыстычныя магчымасці Дзятлаўшчыны на “Еўрарэгіёне “Нёман-2015” прадставіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. “З намі цікава”, – заявілі ў выставачным слогане дзятлаўчане і прадставілі наведвальнікам выставы новыя турыстычныя маршруты па нашым раёне і цікавыя турыстычныя прапановы.
Сёлета сферу аказання паслугаў па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні прадстаўлялі адразу дзве ўстановы – санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” і санаторый “Альфа Радон” ТАА “Торвлад”, які адкрыўся нядаўна на Дзятлаўшчыне.
Як адзначыла начальнік аддзела маркетынгу санаторыя “Радон” Алена Камароўская, сёлетні лячэбна-аздараўленчы сезон падыходзіць да завяршэння, практычна ўсе пуцёўкі ў санаторый на гэты год ужо рэалізаваны. У планах на сезон 2016 года – новыя працэдуры, методыкі лячэння і нязменнае прыроднае багацце возера Дзікага.
Для санаторыя “Альфа Радон” удзел у Міжнароднай выставе-кірмашы – магчымасць заявіць пра сябе, пазнаёміць беларусаў і замежных гасцей з новай установай, дзе можна аздаравіцца з дапамогай SPA-паслугаў і атрымаць сэрвіс еўрапейскага ўзроўню.
У межах выставы «Еўрарэгіён «Нёман» працаваў Міжнародны інвестфорум «Гродзеншчына на скрыжаванні межаў». На ім абмяркоўваліся пытанні інвестыцыйнага супрацоўніцтва Гродна і шэрагу польскіх, літоўскіх і кітайскіх гарадоў, перспектывы інавацыйнага развіцця бізнэсу, развіцця турыстычнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці, трансмежнага супрацоўніцтва, былі падпісаны некалькі міжнародных дакументаў. Упершыню ў бізнэс-форуме прынялі ўдзел каля 30 кампаній з кітайскай правінцыі Ганьсу, прыбылі дэлегацыі з Кітайскай Народнай Рэспублікі і Чэхіі. Усяго на выставе-кірмашы працавалі дыпламаты і бізнэсмены з 10 краін свету, у тым ліку Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Казахстана.
Н. АВЯРЧУК