Аляксандр Ківуля: «Свята сустракаем з выдатным настроем і добрымі паказчыкамі»

Падзеі

Лясы — гэта лёгкія нашай планеты, скарбонка яе багаццяў. Зберагаць іх — значыць клапаціцца пра жыццё новых пакаленняў. Аднаўленнем і эксплуатацыяй лясных угоддзяў у нашым раёне займаецца дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Дзятлаўскі лясгас». Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу карэспандэнтка газеты гутарыла з дырэктарам А. Ківулем.

IMG_ 004
— Аляксандр Міхайлавіч, з якімі вытворчымі паказчыкамі сустракаеце Дзень работнікаў лесу?
— Прафесійнае свята — важная падзея ў жыцці калектыву, стараемся не падвесці ў першую чаргу сябе, свой раён, вобласць. Да Дня работнікаў лесу прыйшлі з добрымі вынікамі. Вядома, хацелі б лепшых — планка высокая. Аднак, у сусветнай эканоміцы назіраюцца пэўныя праблемы, ёсць яны і ў нас: са збытам, з цэнамі, але рукі не апускаем. Свята сустракаем з выдатным настроем і добрымі паказчыкамі.

— Ці ўнесла спякотнае лета карэктывы ў работу лясгаса?
— Безумоўна. Наша галоўная задача — догляд лясоў і аднаўленне лясных масіваў. Адна справа пасадзіць дрэўцы (увесну мы іх садзілі, адзначалася добрая прыжывальнасць), а каб вырас спелы лес, павінна прайсці 80 гадоў. Вынікі нашай паўсядзённай працы ўбачаць наступныя пакаленні дзятлаўчан. Мы клапоцімся аб лесапасадках, на якія ўжо затрачаны грошы. Спякотнае сухое надвор’е сёлета дадало праблемаў. Па ўсёй рэспубліцы з-за пажарнай небяспекі была ўведзена забарона на наведванне лясоў. Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і ўлада пайшлі на гэта, бо галоўная прычына лясных пажараў — чалавечы фактар. Забарона дала станоўчыя вынікі. На Дзятлаўшчыне за лета зарэгістраваны ўсяго чатыры ўзгаранні. Нашы работнікі аператыўна выехалі, патушылі, вялікага ўрону лясной гаспадарцы Дзятлаўшчыны пажары не нанеслі. Пра гэта сведчаць лічбы: сёлета ад агню пацярпела 0, 32 гектара лесу, летась — 1,15 гектара. Гэта вынік стараннай працы нашых работнікаў. Арганізоўваліся кругласутачныя дзяжурствы ва ўсіх лясніцтвах і лясгасе, былі створаны спецыяльныя брыгады — машына, трактар, тры чалавекі лясной аховы. Таму і вынік станоўчы.

— Вы ўзгадвалі пра пасадку лесу, а саджанцы выкарыстоўвалі свае?
— Частку іх вырошчваем самі, частку — набываем, каб пасадзіць 50% лесу палепшаным пасадачным матэрыялам. Сеянцы нам рэалізоўвае ДЛГУ «Ваўкавыскі лясгас». А вось у Гезгалаўскім лясніцтве ёсць плантацыя карэльскай бярозы плошчай 5,3 гектара. Яе драўніна вельмі цэніцца, і пры правядзенні высечак першага догляду мы ўжо зарабілі 12 мільёнаў рублёў. Нашы бярозы пачалі пладаносіць. Плануем сабраць насенне, пасеяць у цяпліцы, каб у далейшым рэалізоўваць свае саджанцы. У Казлоўшчынскім лясніцтве ў нас ёсць дзве цяпліцы: у адной вырошчваем дэкаратыўны пасадачны матэрыял на продаж, у другой — сеянцы дзікарослых дрэваў для ўласных патрэбаў.

— Ці асвойваеце новыя накірункі ў рабоце?
— Займаемся вытворчасцю паліўных брыкетаў. У дрэваапрацоўчым цэху аграгарадка Вензавец усё пілавінне ідзе на іх вытворчасць. Летась рэалізавалі каля тысячы тон гатовай прадукцыі па 96 еўра за тону. Гэта крыніца паступлення валюты і безадходная вытворчасць. Брыкеты фармуюцца за кошт сціскання пілавіння пры пэўнай тэмпературы без хімічных рэчываў і клею. Гэта экалагічна чысты прадукт, які цэняць за мяжой. Аднак карэктывы ўносіць надвор’е: зіма была цёплая, і збыт знізіўся.
Таксама маем сваю пасеку — 100 пчаліных сем’яў. Сёлета атрымалі каля 1600 кілаграмаў мёду высокай якасці — аналіз рабілі і мы, і нашы пакупнікі.

— У Беларусі актыўна развіваецца экатурызм, што вы можаце прапанаваць жадаючым адпачыць на прыродзе?
— На базе Вензавецкага лясніцтва ў нас ёсць хатка паляўнічага. У летні час усе выхадныя былі распісаны, чарга склалася на два месяцы наперад. Госці засталіся задаволеныя адпачынкам. Летась львіную долю даходаў па сядзібе (каля 250 мільёнаў рублёў) атрымалі ад замежнага паляўнічага турызму. Найчасцей наведваюцца расіяне, былі немцы, палякі, украінцы, і ўсе паехалі з трафеямі.
Варта ўзгадаць, што ў Вензавецкім лясніцтве ёсць вальер плошчай 20 гектараў для ўтрымання ланяў еўрапейскіх, дзе жывуць 36 жывёлін. Згодна з заканадаўствам, вальернае паляванне дазваляецца пры плошчы не менш за 100 гектараў. У планах на бліжэйшы час — пашырыць вальер, каб праводзіць паляванне, у тым ліку з лукам (яно набывае папулярнасць).

— Якія яшчэ задачы ставіце?
— Завяршыць год з высокімі паказчыкамі. Гэтаму спрыяе зладжаная праца ўсяго калектыву Дзятлаўскага лясгаса. Кадры ў нас надзейныя: дзякуючы агульным намаганням, штогод дасягаем пастаўленых задач. Цяпер у нас працуюць 365 чалавек. Калектыў амалоджваецца, толькі сёлета прыйшлі 14 маладых спецыялістаў. Многія не пабаяліся складанасцяў, пайшлі працаваць у неперспектыўныя вёскі — Руду Яварскую, Дзям’янавічы, Лявонавічы.  

— Аляксандр Міхайлавіч, што пажадаеце работнікам і ветэранам галіны з нагоды прафесійнага свята?
— Усім нашым работнікам, ветэранам працы, іх сем’ям жадаю толькі наёлепшага: моцнага здароўя, поспехаў у рабоце і асабістым жыцці, ладу і дабрабыту ў сем’ях.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Фота: П. АДАМЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *