Вопыт раённых “Дажынак”: Раклевічы

Падзеі

У раёне поўным ходам вядзецца падрыхтоўка да абласнога свята шанавання хлебаробаў, якое адбудзецца сёлета ў Дзятлаве. У гэтай сувязі дарэчы будзе згадаць, што немалы досвед правядзення “Дажынак” мае і сама Дзятлаўшчына. Свята работнікаў нівы, якое раней праводзілася ў райцэнтры, не так даўно перакачавала “на раён” – тры гады запар яго па чарзе прымалі Раклевічы, Жукоўшчына, Хвінявічы. Сёння варта пацікавіцца, як жывуць гэтыя аграгарадкі цяпер, і ўлічыць карысны вопыт падрыхтоўкі да свята “Дажынак”, які стане эфектыўным для развіцця раёна.

НАГОДА ДЛЯ СВЯТА – ПРАЦА СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Раённыя “Дажынкі-2012” праходзілі на базе аграгарадка Раклевічы Дзятлаўскага сельсавета і СВК “Русь-Агра”, адной з буйных гаспадарак раёна. На сёння ў СВК 8,2 тысячы гектараў сельгасземляў, з іх 3,5 тысячы гектараў – ралля. У 2013 годзе быў узведзены новы збожжасушыльны комплекс “ЛідАрай” (кошт будаўніцтва склаў 6,9 мільярда рублёў). У 2014 годзе валавы збор (у бункернай вазе) збожжа і кукурузы склаў 10,4 тысячы тон (пры ўраджайнасці 49,9 ц/га), бульбы – 2,5 тысячы тон (ураджайнасць – 194 ц/га), цукровых буракоў – 19,3 тысячы тон (ураджайнасць – 551 ц/га), рапсу – 805 тон (ураджайнасць – 25,2 ц/га), ільновалакна – 79 тон (ураджайнасць – 13,2 ц/га). Выручка ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства за 2014 год – больш за 21 мільярд рублёў.
Па выніках апошняга году ў гаспадарцы налічваецца 6198 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 2157 – дойны статак, і  736 галоў свіней. У СВК “Русь-Агра” працуюць 13 жывёлагадоўчых фермаў, у тым ліку малочнатаварны комплекс на 777 галоў дойнага статку, пабудаваны ў 2013 годзе ў Хадзяўлянах (яго будаўніцтва абышлося ў 65,4 мільярда рублёў). Таксама была адрамантавана ўжо існуючая жывёлагадоўчая ферма ў Хадзяўлянах. Валавы надой у гаспадарцы за 2014 год склаў 8,4 тысячы тон, удой на адну карову – больш за 4 тысячы кілаграмаў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі летась склала амаль 53 мільярды рублёў.
На сёння ў гаспадарцы працуюць у сярэднім каля 400 чалавек. У калектыве СВК нямала вопытных прафесіянальных спецыялістаў. Гэта галоўны аграном У. Сянатар, інжынер па ахове працы І. Шэршань, галоўны інжынер С. Лупач, галоўны ветэрынарны доктар І. Кузьма. Ветэран арганізацыі майстар-будаўнік А. Гарбун са сваёй брыгадай выканаў вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы Раклевічаў да свята. Нагоду для гонару сваёй выніковай працай даюць В. Даргевіч, В. Ёда, Я. Ярмаш, С. Пашукевіч, П. Маложын.
Больш за чатыры гады СВК “Русь-Агра” ўзначальвае Аляксандр Кароль, які без малога 35 гадоў жыцця прысвяціў сельскай гаспадарцы, 20 з іх – працаваў старшынёй калгасаў на Зэльвеншчыне і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Зэльвенскага райвыканкама. У першы год сваёй працы на пасадзе старшыні гаспадаркі ён адчуў на сабе ўсе клопаты па падрыхтоўцы да галоўнага свята хлебаробаў.
— Для таго, каб дастойна прыняць гасцей у Раклевічах, усім давялося папрацаваць нямала, – заўважае Аляксандр Канстанцінавіч. – Для правядзення свята ў 2012 годзе толькі з абароту ўласных сродкаў СВК “Русь-Агра” было выдаткавана 4,2 мільярда рублёў.

_MG_4047

IMG_4084

IMG_4057
Разам са старшынёй Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандрам Маркушэўскім ён нагадвае, як аграгарадок Раклевічы пераўвасабляўся напярэдадні раённых “Дажынак”. Быў адрамантаваны фасад адміністрацыйнага будынка СВК, магазіна; капітальна адрамантаваны калгасная сталовая і мясцовы Дом культуры. Тым часам свае асобныя памяшканні атрымалі паштовае аддзяленне і фельчарска-акушэрскі пункт, з’явілася сваё памяшканне для абслугоўвання насельніцтва і ў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да ўсяго гэтага, было выканана добраўпарадкаванне цэнтральнай сядзібы аграгарадка Раклевічы, асфальтаванне вуліц.

РАКЛЕВІЧЫ СУЧАСНЫЯ

Па словах старшыні СВК “Русь-Агра” Аляксандра Караля, усё, што рабілася да свята хлебаробаў у Раклевічах, рабілася не на дзень. Праз тры гады пасля раённых “Дажынак” добраўпарадкаваныя і адрамантаваныя сацыяльныя аб’екты працуюць і прыносяць свой плён.
Калгасная сталовая, якая тры гады таму змянілася да непазнавальнасці, займела не толькі новыя сцены, глянцавую столь, новую сталовую мэблю, але і сучасны санвузел, гардэроб. Па словах кіраўніка гаспадаркі, сёння няма праблемы для мясцовага насельніцтва, дзе адзначыць вяселле, юбілей або іншае мерапрыемства. Раклевіцкая сталовая – да паслугаў людзей.

IMG_4039

_MG_4024
Сельскі дом культуры, у якім раней мясціліся ФАП, пошта і бібліятэка, бонусам да капітальнага рамонту атрымаў і пашырэнне плошчы. Цяпер у будынку, што глядзіцца пафарбаваным фасадам у закладзенае тры гады таму ў Раклевічах возера, засталіся працаваць непасрэдна культработнікі і бібліятэка. Па словах мастацкага кіраўніка Раклевіцкага Дома культуры Івана Петраша, тут з’явілася самае чаканае – газавае ацяпленне замест пячнога, што зрабіла работу ў разы больш камфортнай. Сцэна СДК, была цалкам заменена, аздоблена багатым арнаментаваным занавесам, таксама сёння яна годна прымае з канцэртамі не толькі мясцовых спевакоў і калектывы, але і папулярных ва ўсёй краіне гасцей – як ансамблі “Бяседа”, “Алюр”. Мясцовая моладзь не мінае наведаць танцавальна-забаўляльную праграму, якая ладзіцца ў адным з прасторных памяшканняў Дома культуры. Тут жа функцыянуе трэнажорная зала, якая, дарэчы, карыстаецца папулярнасцю ў мясцовага насельніцтва. У сельскім доме культуры збіраюцца ўдзельнікі інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?” і аматарскага аб’яднання “Асілак”, функцыянуюць гурткі мастацкай самадзейнасці.

IMG_4065
Раклевіцкая сельская бібліятэка, якая пасля 2012 года засталася пад адным дахам з Домам культуры, таксама не была абдзелена месцам: з аднаго памяшкання, дзе раней размяшчаліся ўсе бібліятэчныя фонды, установа пашырылася да асобнага аддзела з двума пакоямі і калідорам. Цяпер тут зручна кніжныя навінкі паглядзець, выбраць штосьці для сябе або пачытаць на месцы, ёсць дзе размясціць тэматычныя экспазіцыі. Сёння ў раклевіцкай сельскай бібліятэцы больш за 400 пастаянных чытачоў, каля 70 з іх – школьнікі. Па словах загадчыцы бібліятэкі Таццяны Цыгель, самае прыемнае, што сярод актыўных чытачоў – дзеці.

IMG_4089
Для мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта з пераездам у новы будынак адбыліся кардынальныя змены. Загадчыца ФАПа з 2006 года фельчар Людміла Савасцюк адзначае, што ў новым памяшканні – усё па-сучаснаму: уладкаваны асобныя кабінеты, абсталяваныя па санітарных правілах; дзякуючы з’яўленню новых апаратаў, пашырыўся пералік фізіяпрацэдураў для рэабілітацыі хворых.
— Наш участак вельмі малады, – заўважае Людміла Іванаўна. – На 540 чалавек – толькі 100 пенсіянераў. Дэмаграфічная дынаміка ў аграгарадку станоўчая, многа маладых сем’яў, дзетак.
Штодня фельчарска-акушэрскі пункт наведваюць да 40 чалавек. Частка з іх – на прыём або працэдуры, астатнія – у аптэчны пункт, які працуе па месцы (штодзённая выручка ад продажу медыкаментаў дасягае 1 мільёна). Гэтаму спрыяе і зручнае размяшчэнне ФАПа ў самым цэнтры аграгарадка.
У падрыхтоўцы да раённых “Дажынак” у Раклевічах прымалі ўдзел не толькі СВК “Русь-Агра” і Дзятлаўскі сельвыканкам. Навядзенне парадку ў аграгарадку стала справай прадпрыемстваў і арганізацый, саміх аграгарадкоўцаў і жыхароў раёна, бо кожны ўсведамляў: плён працы, прымеркаванай да аднаго важнага дня, будзе радаваць людзей многія гады.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *