ЛІКВІДАВАЛІ НАСТУПСТВЫ НЕПАГАДЗІ
У Парэцкім сельскім савеце непагадзь і моцны вецер нарабілі шкоды. Сумеснымі намаганнямі работнікі зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама і Дзям’янаўскага лясніцтва аператыўна ліквідавалі наступствы стыхіі . Навялі парадак у вёсцы Хвінявічы, дзе вецер пашкодзіў яблыню і бярозу. Пазней ад старастаў вёсак пачалі паступаць паведамленні аб завалах. Пакуль работнікі Дзям’янаўскага лясніцтва прыбіралі паваленыя дрэвы ў вёсцы Латышы, старшыні Парэцкага сельвыканкама патэлефанавалі, што яшчэ два дрэвы ляжаць на дарозе Раманавічы-Калпінскія і перашкаджаюць праезду машын. Іх таксама ўбралі работнікі лясгаса. А вось завал на дарозе паблізу вёскі Навасёлкі ліквідавалі работнікі зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама.
ДОБРАЎПАРАДКАВАНЫ ДАРОГА І МОГІЛКІ
Сёлета на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета былі добраўпарадкаваны некалькі аб’ектаў інфраструктуры. Самы буйны з іх — дарога ад Жыбартоў да вёскі Агароднікі. Ля Агароднікаў шляхам паглыблення меліярацыйнага канала правялі перазалужэнне 10 гектараў пустуючых зямель. Работнікі зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама зрэзалі і выкарчавалі кустоўе, прыбралі і вывезлі смецце, камяні. Гэта дало магчымасць выраўняць саму дарогу і ўвесці добраўпарадкаваныя землі ў севаабарот.
На ўездзе ў вёску Агароднікі спілавалі старыя дрэвы, у вёсцы разабралі два падмуркі, вакол крыжа ўсталявалі бетонную агароджу. Работы па добраўпарадкаванні былі выкананы часткова за кошт спонсарскай дапамогі.
Таксама работнікі зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама навялі парадак на могілках у Рудзе-Яварскай, падрыхтавалі і абгарадзілі месца для складвання смецця. Сеткай рабіцай агарадзілі могілкі ў вёсцы Разважжа.
Ад кустоўя і смецця быў ачышчаны і добраўпарадкаваны выезд з вёскі Накрышкі і пад’езд да мясцовай фермы.
На ўсіх вадаёмах сельскага савета, дзе купанне забаронена, работнікі Парэцкага сельвыканкама разам з работнікамі СВК «Хвінявічы» ўстанавілі адпаведныя таблічкі.
ПРАЦУЕ АГЛЯДАВАЯ КАМІСІЯ
Згодна з распараджэннем №41 старшыні Гродзенскага аблвыканкама, кожны першы і чацвёрты чацвер месяца ў Парэцкім сельскім савеце працуе аглядавая камісія. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі адказных службаў раёна, якія наведваюць вяскоўцаў на даму. У першую чаргу камісія цікавіцца жыццём сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінокіх і састарэлых людзей. У час такіх візітаў вяскоўцы атрымліваюць памяткі і буклеты, знаёмяцца з актуальнай прафілактычнай інфармацыяй, могуць набыць у сацыяльных работнікаў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і батарэйкі да іх. Прадстаўнікі адказных службаў правяраюць у домаўладаннях спраўнасць газавага абсталявання, пячнога ацяплення, праводкі, а таксама захаванне жыхарамі патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі.
ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ
З пачатку 2015 года на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета памерлі 24 чалавекі, нарадзіліся 6 дзетак. Сярод наванароджаных адна дзяўчынка і пяць хлопчыкаў. Адзін з юных прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва быў названы рэдкім і прыгожым імем — Серафім. За мінулы 2014 год у сельсавеце нарадзіліся 14 дзетак.
Дарэчы, жыць і працаваць у СВК «Хвінявічы» прыехалі 10 сем’яў з Украіны. Усе яны атрымалі ад гаспадаркі добраўпарадкаванае жыллё.
Нядаўна ва ўкраінскага цёзкі вядомага рускага класіка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна ў Беларусі нарадзіўся сын, якога бацькі назвалі Сяргеем.
ПАДВОРКІ ЎЗОРНАГА ПАРАДКУ
У 2013 годзе ў час свята аграгарадка Хвінявічы былі падведзены вынікі конкурсу на самы прыгожы падворак. Узорнымі журы прызнала домаўладанні сем’яў Апанасік, Ядэйка, Дзямко, Барбоўскіх, Сухецкіх.
Мінула некалькі гадоў, а ўзорныя падворкі працягваюць радаваць жыхароў і гасцей аграгарадка сваёй прыгажосцю. Дбайныя гаспадары вырошчваюць багата кветак, для ўпрыгожвання выкарыстоўваюць малыя архітэктурныя формы, паркавыя фігуры, ліхтары.
І. КАЎКЕЛЬ