Падворак Уладзіміра Мікалаевіча і Алы Уладзіміраўны Налівайкаў — у ліку самых прыгожых падворкаў Наваельні. Яго адметнасць — кветкі, якія з ранняй вясны да позняй восені радуюць вока гаспадароў, іншых людзей сваёй фларыстычнай прыгажосцю. Яна — як вынік плённай працы гаспадароў падворка, іх клопатаў пра свой кветнік.
Яму ўжо каля дзесяці гадоў. Колькі дакладна на падворку кветак — палічыць складана, адных ружаў толькі трыццаць сартоў. А па суседстве з імі ліліі, гладыёлусы, гартэнзіі, клематысы, клешчавіна. І нават дэкаратыўная капуста. І ўсё гэта спалучаецца ў гарманічным парадку.
— Якісьці рэестр сваіх гадаванцаў вядзеце? — пытаюся ва Уладзіміра Мікалаевіча.
—Не, не вядзём. Аднак жонка памятае кожную кветку. Яны для яе — як дзеці.
Як высветлілася ў час размовы, кветкаводства — гэта ў большасці захапленне Алы Уладзіміраўны. Яны працуе медсястрой, у прафесіі — ужо 45 гадоў. Столькі ж сёлета спаўняецца і сям’і Уладзіміра Мікалаевіча і Алы Уладзіміраўны.
Пазнаёміліся яны ў Наваельні, адкуль родам Уладзімір Мікалаевіч.
— Мае продкі былі першымі жыхарамі пасёлка, — расказвае ён. — Тут застаўся жыць і я, хаця была магчымасць пераехаць у горад. У Наваельні цяпер жывуць мае дзеці. Увогуле, Наваельня для мяне — гэта сапраўды родная зямля. Нават не ўяўляю, дзе б яшчэ змог жыць.
Праца на зямлі для сям’і Налівайкаў — гэта не толькі нейкі абавязак, гэта сапраўды захапленне, адпачынак. Прыходзячы з работы, Ала Уладзіміраўна адразу ж наведвае свой палісаднік, правярае, як жывуць яе гадаванцы, які клопат ім неабходны.
А калі па справах ёй даводзіцца пакінуць дом на доўгі час, то яна абавязкова тэлефануе мужу, цікавіцца, як кветкі, дае інструкцыі, што трэба зрабіць у кветніку.
Кожны год у ім з’яўляюцца новыя гадаванцы. У жаданнях Алы Уладзіміраўны — пасадзіць на падворку туі.
Побач з палісаднікам размешчаны дэкаратыўны басейн, зроблены рукамі Уладзіміра Мікалаевіча. Ён добраўпарадкаваў і сцяжынкі ў кветніку. У яго цэнтры — дэкаратыўная лавачка, абвітая клематысамі. А на варце ўсёй гэтай прысядзібнай прыгажосці «стаіць» хатні гадаванец Тобік.
— Сабака культурны. Ён добра ведае, што да прыгажосці трэба ставіцца акуратна, не шкодзіць яе, — жартуе Уладзімір Мікалаевіч.
— Вядома, — працягвае ён, — кветкаводства — занятак не з лёгкіх. Вымагае штодзённай працы і клопатаў, таксама грошай. Аднак не гэта галоўнае. Сакрэт поспеху — у любові. Кветкі трэба любіць. І яны абавязкова падораць сваю прыгажосць. А яшчэ ў іх асяродку адпачываеш душой, зараджаешся пазітывам.
Гэта ж могуць сказаць і дзеці Уладзіміра Мікалаевіча і Алы Уладзіміраўны — дзве дачкі, тры ўнучкі і ўнук. А таксама — госці, якія наведваюць падворак сям’і Налівайкаў.
Дарэчы, амаль штогод за плённую працу, за лепшы кветнік сям’я адзначаецца ўзнагародамі ад Наваельнянскага сельскага савета. А сёлета яны атрымалі падарунак ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» па выніках конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне свайго падворка.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА