Інфармацыйны цэнтр «Выбары-2015» будзе працаваць у Палацы Рэспублікі 10-12 кастрычніка

Улада

Інфармацыйны цэнтр «Выбары-2015» будзе працаваць у Палацы Рэспублікі 10-12 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў сёння сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік у час пасяджэння ЦВК, на якім разглядаліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення маючых адбыцца выбараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Такі цэнтр будзе створаны і ў час цяперашняй выбарчай кампаніі, ён будзе працаваць з 10 па 12 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі», — сказаў Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, у задачы гэтага цэнтра ўваходзіць прадастаўленне інфармацыі аб галасаванні, яўцы выбаршчыкаў на аснове даных Цэнтральнай камісіі. «У час кожнай выбарчай кампаніі мы стараемся ўнесці новыя элементы ў работу інфармацыйнага цэнтра», — заўважыў сакратар ЦВК. Так, на мінулых выбарах практыкавалася падключэнне ў час прэс-канферэнцый старшынь абласных выбарчых камісій. «Магчыма, у бягучым годзе гэта будзе зроблена ў больш шырокім фармаце, і адначасова змогуць удзельнічаць у прэс-канферэнцыях некалькі абласцей, каб прысутныя ў зале маглі таксама задаць пытанні старшыні абласной камісіі наконт таго, як ідуць у рэгіёнах справы з галасаваннем», — падкрэсліў Мікалай Лазавік.

Акрамя таго, у цэнтры будуць арганізаваны выступленні палітолагаў, міжнародных замежных наглядальнікаў, спецыялістаў у галіне выбарчага права і іншыя мерапрыемствы, звязаныя непасрэдна з правядзеннем выбараў.

Прэс-канферэнцыі будуць праходзіць у наступным рэжыме: першая з іх адбудзецца 11 кастрычніка ў 10.00, а далей (праз кожныя дзве гадзіны) запланавана чарговая прэс-канферэнцыя, аж да 20.00. Падагульняючая прэс-канферэнцыя намечана на 11.00 12 кастрычніка.

Для журналістаў беларускіх СМІ, якія хочуць прысутнічаць на мерапрыемствах, доступ у інфармацыйны цэнтр будзе ажыццяўляцца па акрэдытацыйных пасведчаннях, выдадзеных Нацыянальным прэс-цэнтрам, а таксама дакументах, якія засведчваюць асобу. Для замежных журналістаў — па акрэдытацыйных пасведчаннях, выдадзеных МЗС, і пасведчанні, якое засведчвае асобу. Што датычыцца замежных наглядальнікаў, ім неабходна мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае ЦВК, і пасведчанне, якое засведчвае асобу, дадаў Мікалай Лазавік.

Logo BelTA



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *