Вёска Хрольчыцы, згодна з дадзенымі кнігі «Памяць», яшчэ напрыканцы 90-х гадоў налічвала больш за восемдзесят жыхароў. Сёння, як адзначае стараста населенага пункта Іван Віктаравіч Лазовік, у Хрольчыцах жывуць 26 вяскоўцаў. А пачыналася гісторыя вёскі і ўвогуле з некалькіх хатаў. Першым уладальнікам населенага пункта быў пан Хрольчыцкі — адсюль і вытворная назва вёскі.
Самая старэйшая з яе жыхароў — Ніна Паўлаўна Гранкоўская. Яна з таго пакалення людзей, дзяцінства якіх апаліла Вялікая Айчынная вайна. Ніна Паўлаўна была сувязной партызанскага атрада, у якім ваяваў родны брат яе мамы. Неяк, узгадвае жанчына, дзядзька папрасіў яе схадзіць у Круцілавічы, паглядзець, ці ёсць там немцы. На зваротным шляху дзяўчынку затрымалі. Толькі дапамога настаўніка, ды слёзныя просьба мамы, якая стаяла на каленях перад паліцаямі, дазволілі Ніне выйсці з-пад варты.
Сёння Ніне Паўлаўне ўжо 87 гадоў, аднак падзеі тых далёкіх часоў свежыя ў яе памяці: перажытае не забудзецца ніколі.
У мірны час Ніна Паўлаўна працавала ў калгасе. А яшчэ была выдатнай майстрыхай па ткацтве так званых «перабіранак» — дываноў з кветкавымі арнаментамі. Умее Ніна Паўлаўна і вязаць.
Цяпер жанчына жыве адна, як і многія іншыя вяскоўцы некалі вялікага населенага пункта, дзе толькі за год гулялі 10 вяселляў. Гэта была значная падзея для цэлай вёскі, паколькі на ўрачыстасць запрашалі ўсіх жыхароў. А знаёміліся будучыя сямейныя пары часцей за ўсё на танцах.
Так сустрэў і сваю другую палавінку Іван Віктаравіч Лазовік. Сам ён ураджэнец Карыцы-1, у Хрольчыцы пераехаў пасля жаніцьбы.
Усё жыццё Іван Віктаравіч працаваў у калгасе, быў камбайнерам. Пачынаў яшчэ на камбайне СК-4, які не меў кабіны. Быў толькі навес, які абараняў ад сонца.
За сваю шматгадовую і добрасумленную працу Іван Віктаравіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі БССР. Мае ордэн Працоўнай славы трэцяй ступені, а таксама званне заслужанага камбайнера.
А ў 1985-1990 гадах перадавік працы з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Значнымі падзеямі ў жыцці Івана Віктаравіч з’яўляюцца ўдзел у чацвёртым Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў, які праходзіў у сакавіку 1988 года ў Маскве, а таксама ва Усесаюзным з’ездзе прафсаюзаў.
Як перадавік працы Іван Антонавіч узнагароджваўся і паездкамі на адпачынак па бясплатнай пуцёўцы. Масква, Ленінград, Стаўрапольскі край, Каўказ — гэта няпоўны пералік мясцін, дзе ён паспеў пабываць. Фотаздымкаў з тых паездак не так ужо і шмат (фотаапарат у тыя гады быў рэдка ў каго), аднак адметнасць і непаўторнасць убачаных краявідаў захавала памяць.
У час размовы мінулае ўзгадала і Соф’я Уладзіміраўна Грынь, карэнная жыхарка Хрольчыцаў. Нядаўна яны з мужам адзначылі залатое вяселле. А пазнаёміліся Соф’я і Фёдар яшчэ ў школьныя гады. Дзіцячая сімпатыя перарасла ў сур’ёзнае пачуццё, якое стала падмуркам для стварэння сям’і.
Падворак ля дома сям’і Грынь адразу ж кідаецца ў вочы: з ранняй вясны і да позняй восені яго ўпрыгожваюць кветкі. Яны — шматгадовае захапленне Соф’і Уладзіміраўны. Самыя любімыя з «гадаванцаў», як адзначае яна, — гэта флоксы.
Сакрэты кветкаводства Соф’я Уладзіміраўна чэрпае са спецыяльнай літаратуры, часопісаў, якіх шмат выпісвае.
А яшчэ жанчына любіць кулінарыць. Кажа, што гэтае майстэрства перадалося ёй у спадчыну ад мамы. Яна, ўзгадвае мая суразмоўца, нават са звычайных прадуктаў магла прыгатаваць смачныя стравы. А вучылася кулінарыць, прыслужваючы ў паноў у Навагрудку, да якіх пайшла працаваць яшчэ 17-гадовай дзяўчынай. Вучыла кулінарнай справе сама пані.
— Мы з братам рана засталіся без бацькі, — расказвае Соф’я Уладзіміраўна. Ён быў вядомым у вёсцы кавалём. Нават і цяпер у жыхароў вёскі ёсць вырабы, зробленыя яго рукамі.
Мама падымала на ногі нас адна. Працавала яна ў калгасе. А яшчэ яе запрашалі гатаваць на вясковыя вяселлі. Яна ўмела пячы караваі, хлеб — гатавалася ўсё ў печы. Смак гэтага хлеба не забыць ніколі.
—Раней хацелася, — працягвае жанчына, — каб хутчэй у гаспадарцы з’явілася газавая пліта. А цяпер разумееш, што самая смачная ежа — прыгатаваная менавіта ў печы.
Ужо шмат гадоў Соф’я Уладзіміраўна на заслужаным адпачынку. Да гэтага працавала бухгалтарам у калгасе. А пачынала свой працоўны шлях загадчыцай Навасёлкаўскага клуба.
Цяпер жанчына займаецца няхітрай гаспадаркай. Вечарамі любіць чытаць, пераважна часопісы і газеты. Летам ходзіць у грыбы і ягады. Адным словам, жыццё ідзе ў звычайных вясковых клопатах, да якіх яна прывыкла змалку.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА.