Фіктыўныя студэнты

Падзеі

У маі 2015 года фінансавай міліцыяй горада Слоніма пасля сумеснай праверкі з пракуратурай Слонімскага раёна адной з навучальных установаў горада ў дачыненні да яго кіраўніка і былога намесніка ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах ч. 2 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь (“Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”).
На працягу 2013-2015 гадоў названыя кіраўнікі ўтойвалі факт фіктыўнага залічэння ў навучальную ўстанову, якой кіравалі, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, наведвання імі вучэбных заняткаў, выканання вучэбнай праграмы і нават праходжання практыкі. На паперы атрымлівалася, што названыя грамадзяне паспяхова асвойваюць навучальныя дысцыпліны, наведваюць заняткі, атрымліваюць адзнакі, асвойваюць прафесію, а, значыць, у хуткім часе папоўняць рады спецыялістаў з адпаведнай кваліфікацыяй, што пацвярджалі б адпаведныя дакументы аб заканчэнні навучальнай установы.
Але на справе ўсё аказалася не так. Яшчэ на стадыі ўступнай кампаніі шэраг работнікаў навучальнай установы па ўказанні кіраўніцтва займаліся агітацыйнай работай, аб’язджаючы па наваколлях патэнцыйных навучэнцаў і ўгаворвалі іх паступаць у іх навучальную ўстанову.
Аднак шэраг грамадзян не маглі гэтага зрабіць як з-за адсутнасці жадання вучыцца, так і з-за больш важкіх прычынаў, напрыклад – знаходжанне ў водпуску па догляду дзіцяці, або наяўнасць пастаяннага на той момант месца работы.
Але гэтыя абставіны не збянтэжылі “агітатараў”. З іх словаў, хлопцам трэба было толькі прадставіць дакументы для паступлення, а на вучобу можна не хадзіць, што, аднак, не будзе перашкодай для атрымання дыплома аб заканчэнні навучальнай установы. Хто ж не марыць аб такой “вучобе” ?
У выніку такіх угавораў шэраг грамадзян былі залічаны ў навучальную ўстанову і “па дакументах” нібыта пачалі працэс навучання. Праз некаторы час непасрэдныя куратары і майстры навучальных груп сталі задаваць слушнае пытанне: а дзе ж навучэнцы і чаму яны не наведваюць заняткі? І якое ж было іх здзіўленне, калі пры асабістым наведванні гэтых хлопцаў усе яны ў адзін голас казалі пра тое, што намеру і магчымасці навучацца не мелі, што дакументы для залічэння перадалі па просьбе прадстаўнікоў навучальнай установы, што наведваць заняткі не будуць.
Аднак зусім іншае меркаванне на гэты конт было ў кіраўніцтва навучальнай установы. Замест таго, каб прыняць прадугледжаныя заканадаўствам меры і навесці парадак, кіраўнік навучальнай установы і яго намеснік фактычна забаранілі зрабіць адлічэнне названых грамадзян, а таксама запатрабавалі ад падначаленых стварэння бачнасці, што навучэнцамі наведваюцца заняткі і выконваецца вучэбная праграма (пропускі не фіксаваць, адзнакі выстаўляць, пісаць ад іх імя кантрольныя і іншыя работы).
Калі ж прыйшоў час накіраваць указаных грамадзян на практыку, у навучальнай установе не прыдумалі нічога лепшага, чым дакументальна аформіць яе “праходжанне” або ў самой навучальнай установе, або ў арганізацыях, у якіх названыя грамадзяне ўжо доўгі час працавалі яшчэ да фіктыўнага залічэння ў навучальную ўстанову. У выніку чарговай “фікцыі” ў выглядзе накіравання на практыку ў некаторых хлопцаў на карысць навучальнай установы праводзіліся грашовыя ўтрыманні з заработнай платы, якія ў некаторых выпадках склалі некалькі мільёнаў рублёў.
Названыя махінацыі былі выкрыты фінансавай міліцыяй і пракуратурай. Праверка выявіла таксама і тое, што месцы ў каледжы былі бюджэтныя, у навучальнай установе вырашылі зрабіць адлічэнне навучэнцаў з фармулёўкай “за ненаведванне і пропускі”, у чарговы раз парушыўшы іх правы і законныя інтарэсы.

С. ТУПТАЛА
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *