Спадчына князя Яўстаха Севярына Сапегі

Падзеі

У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі «Гiсторыя Сапегаў. Жыццяпiсы, маёнткi, фундацыi». Яе праклаў на родную мову беларускі паэт, перакладчык, журналіст Міхась Скобла. З чытачамі таксама сустрэліся беларускі паэт, бард, пісьменнік з Гомеля Андрэй Мельнікаў, спявачка, бард з Ашмянаў Таццяна Матафонава-Грыневіч, краязнаўца з Дзятлава Валерый Петрыкевіч.

— Кнігу «Гісторыя Сапегаў» напісаў адзін з апошніх прадстаўнікоў роду — Яўстах Сапега і выдаў яе на польскай мове ў Варшаве. Аднак намаганнямі цэлай грамады, у першую чаргу Міхася Скоблы і яго сяброў, гэту кнігу пераклалі на беларускую мову і надрукавалі сёлета ў Мінску. — распавёў Валерый Петрыкевіч. — Хто такія Сапегі? У гісторыі Вялікага княства Літоўскага было шмат знакамітых магнатаў, але найбольш уплывовыя, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю, — гэта Сапегі і Радзівілы. Яны маюць дачыненне і да горада Зецела-Дзятлава.

Напрыклад, адзін з Сапегаў, сын знакамітага канцлера Льва Сапегі — Казімір, пабудаваў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Храм у стыле віленскага барока і сёння ўпрыгожвае Дзятлаўскую плошчу. Яго наведваюць не толькі вернікі-каталікі, але і турысты, навукоўцы, гісторыкі. Радзівілы пакінулі нам палац.

Праўда, цяпер ён не ў лепшым стане, але, спадзяюся, прыйдзе час, мы будзем ганарыцца і палацам.

Пра тое, як перакладалася кніга «Гiсторыя Сапегаў. Жыццяпiсы, маёнткi, фундацыi», расказаў Міхась Скобла, ураджэнец Дзярэчына, дзе знаходзілася апошняя рэзідэнцыя Сапегаў.

 

— Аўтар кнігі Яўстах Севярын Сапега доўгі час жыў у Найробі (Кенія, Афрыка), займаўся прафесійным паляваннем. Разам з тым, сорак гадоў ён збіраў інфармацыю аб гісторыі свайго роду для выдання кнігі. Манаграфія была надрукавана ў 1995 годзе ў Варшаве на польскай мове пад назвай «Дом Сапяжынскі».

У 1997 годзе мы з сябрамі даведаліся, што ў Афрыцы, амаль на самым экватары, жыве Сапега, наш, дзярэчынскі. На той час яму было 83 гады. Асабліва не спадзеючыся на станоўчы адказ, мы паслалі яму запрашэнне прыехаць на Радзіму. Праз два тыдні князь Яўстах Севярын Сапега, пераадолеўшы самалётам і цягнікамі звыш сямі тысяч кіламетраў, завітаў на зямлю сваіх продкаў. Мы арганізавалі яму гасцінную сустрэчу ў Дзярэчыне.

Ад’язджаючы, ён падарыў мне кнігу на польскай мове «Дом Сапяжынскі» і сказаў: «Я б хацеў, каб гісторыя нашага роду пабачыла свет на мове таго краю, за які ўсё сваё жыццё са зброяй у руках змагаліся 15 пакаленняў Сапегаў». З таго часу я працаваў над перакладам кнігі, шукаў спонсара для яе выдання. На жаль, сам князь памёр у 2004 годзе, але ў памяць аб ім, у памяць 600-годдзя Дзярэчына, якое святкавалі летась, гэтая кніга выйшла ў свет. Над перакладам таксама працавалі Данута Бічэль, Валянцін Дубатоўка, Станіслаў Суднік, Язэп Янушкевіч, Юлія Шэдзько, Наталля Вайняловіч. «Гісторыя Сапегаў» карыстаецца папулярнасцю ў Мінску, бо гэта падрабязнае апісанне вядомага роду. У ёй сабраны жыццяпісы 85 найбольш выдатных Сапегаў, сярод якіх канцлер Леў, гетман Казімір Ян, генерал артылерыі і ўдзельнік паўстання 1794 года Францішак, мецэнат паўстання 1830 года Яўстах Каятан. У кнізе таксама маюцца апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый, нарысы па генеалогіі і геральдыцы, спісы пасадаў, якія займалі прадстаўнікі роду, старыя фотаздымкі, гравюры.

Спонсарам выдання беларускамоўнай кнігі стаў уладальнік кампаніі «Wargaming» Уладзімір Кіслы.

Напрыканцы cустрэчы дзятлаўчане задалі свае пытанні гасцям і падзякавалі ім за цікавы аповед і песні, якія выконвалі Таццяна Матафонава-Грыневіч і Андрэй Мельнікаў.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *