Дзень Дварэцкага і Мяляхавіцкага сельсаветаў

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дварэцкага і Мяляхавіцкага сельскіх выканаўчых камітэтаў і сельскіх Саветаў дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося 24 ліпеня. У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Дварэцкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла яго старшыня Т. Перапечына.
Дварэцкі сельскі Савет быў утвораны ў 1940 годзе, у лістападзе 2013-га да яго далучаны Раготнаўскі сельскі Савет. Цяпер тэрыторыю сельсавета складаюць 2 аграгарадкі і 28 вёсак, 14 837 гектараў зямлі. У паселішчах жыве 1961 чалавек, з гэтай колькасці 981 (50 працэнтаў) – працаздольныя, 759 (38,7 працэнта) – пенсіянеры, 221 (11,2 працэнта) – дзеці. У сельсавеце жывуць 3 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 86 адзінокіх людзей, 466 чалавек жывуць адзінока. Самы населены аграгарадок Дварэц – 876 жыхароў, у аграгарадку Раготне – 389 жыхароў, самая вялікая вёска – Яхноўшчына (72 жыхары), самая малая – Суцькі (2 жыхары). У жыхароў сельсавета 986 падсобных гаспадарак.

IMG_5884

IMG_5890

IMG_5912
Вытворчую структуру сельсавета складаюць СВК “Дварэц-Агра”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, “Ізакам”, “Палац”, ААТ “Боркаўскі крухмальны завод”, Раготнаўскае лясніцтва.
Мясцовае насельніцтва абслугоўваюць па аднаму магазіну прамысловых і харчовых тавараў, два магазіны змешаных тавараў (у Васявічах і Раготне) Дзятлаўскага філіяла спажыўтаварыства і тры магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў, кафэ “Вясёлка”, 27 паселішчаў па графіку абслугоўваюць аўталаўкі.
Дварэцкая школа налічвае 111 вучняў, Раготнаўская школа-сад – 41 вучня і 12 дашкольнікаў. Дварэцкі яслі-сад на 60 месцаў наведваюць 39 дзяцей. У сельсавеце дзве бібліятэкі, Дом культуры, пры якім дзейнічаюць 16 клубных фарміраванняў, два аддзяленні паштовай сувязі, філіял “Беларусбанка” ў Дварцы, комплексныя прыёмныя пункты ў Дварцы і Раготне. Медыцынскае абслугоўванне мясцовага насельніцтва даручана Дварэцкай і Раготнаўскай амбулаторыям доктара агульнай практыкі і Дзятлаўскай паліклініцы.
Шмат увагі сельвыканкам надае добраўпарадкаванню паселішчаў. Сёлета арганізаваны 3 суботнікі, зроблены агляд шматкватэрных дамоў у Дварцы і Раготне, прыбраны месцы агульнага карыстання, жыхарам сельсавета выпісаны 82 прадпісанні для навядзення парадку.
У сельсавеце 510 апусцелых хат. Сёлета рэкультывавана апусцелая сядзіба па вуліцы Навагрудскай у Дварцы, да севаабароту СВК далучаны 0,5 гектара зямлі.  Выдалены фундаменты магазінаў у вёсках Літаварцы, Рыбалава, Вялікая Палонка, Коцькі, Сямёнавічы, Петрукі, у аграгарадку Раготна. Заараны і далучаны да севаабароту ўчастак зямлі паўз дарогі Дварэц – Старына. Рыхтуюцца да ўводу ў севаабарот ўчасткі зямлі ў вёсках Малая і Вялікая Палонкі. Высякаецца кустоўе на могілках у Раготне. Найбольш актыўна добраўпарадкаваннем тэрыторый у ліпені сельвыканкам займаўся ў вёсках Рыбалава, Літаварцы, Буцвілавічы, Цяцейкі.
Сельвыканкам удзячны за супрацоўніцтва кіраўнікам раённых і мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый – В. Адамчыку, А. Ківулі, В. Манчуку, Я. Варгану, Д. Мулярчыку, І. Рэгіневічу.

Пра сацыяльна-эканамічнае становішча Мяляхавіцкага сельскага савета расказала яго старшыня В. Добыш.
Мяляхавіцкі сельскі Савет і яго выканкам пачалі дзейнічаць з 15 верасня 1940 года. Забудова цэнтральнай сядзібы гаспадаркі пачалася ў 1963 годзе. Цяпер тэрыторыя сельсавета складае каля 50 квадратных кіламетраў, на ёй месцяцца 13 паселішчаў, у іх жывуць 479 чалавек. З гэтай колькасці 233 – працаздольныя, 202 – пенсіянеры, 44 – дзеці, 19 – адзінокія, 155 – жывуць адзінока, 34 – інваліды першай і другой групаў, у сельскай гаспадарцы працуюць 117 чалавек. За жыхарамі сельсавета лічыцца 261 асабістая падсобная гаспадарка.
Надомнае абслугоўванне практыкуецца ў пяці паселішчах. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўвае 15 адзінокіх: 8 – на ўмовах поўнай аплаты, 7 – частковай.
У 2008 годзе Белагурну нададзены статус аграгарадка, яго насяляюць 237 чалавек. Інфраструктуру аграгарадка складаюць адміністрацыйны будынак (у ім месцяцца сельвыканкам, адміністрацыя СВК “Белагурна”, пункт паштовай сувязі, тэлефонная станцыя), дзіцячы сад, ФАП, філіял сельскага клуба, сельская бібліятэка, магазін, кацельня, мехдвор, сушыльная гаспадарка, склады, МТФ.
Самая населеная вёска – Харашкі (60 жыхароў, 43 дачы), самыя маланаселеныя – Ягадная і Каменка (па 5 жыхароў), на станцыі Выгада зарэгістраваны 2 чалавекі, але яны там не жывуць.
Плошча сельгасугоддзяў мясцовага СВК “Белагурна” – 3 476 гектараў.
На тэрыторыі сельсавета гандлююць два магазіны спажыўкааперацыі ў Белагурне і Жыхах. 10 вёсак па графіку абслугоўвае аўталаўка два разы на тыдзень.
У аграгарадку працуе дзіцячы сад, яго наведваюць 8 дзяцей. 12 мясцовых вучняў падвозяць у Дварэцкую школу.
Медыцынскае абслугоўванне мясцовага насельніцтва выконвае Мяляхавіцкі ФАП, у якім са жніўня 2014 года працуе малады спецыяліст. Адзін раз у месяц пацыентаў у ФАПе прымае доктар-тэрапеўт Дзятлаўскай паліклінікі. Дапамагаюць абслугоўваць выклікі медыцынскія работнікі Дварэцкай амбулаторыі.
На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 2 помнікі загінулым воінам і землякам, 7 грамадзянскіх могілак. Часткова агароджаны могілкі ў Дукраве, сёлета поўнасцю агароджаны могілкі ў Харашках. 5 могілак месцяцца ў лесе, іх агароджанне не плануецца. Прыбіраць могілкі дапамагаюць старасты, смецце вывозіць транспарт СВК.
Актуальнай задачай сельвыканкама з’яўляецца добраўпарадкаванне паселішчаў і належнае іх санітарнае ўтрыманне. Для гэтага праведзены 3 суботнікі, ліквідаваны стыхійныя звалкі смецця ў Харашках, Агародніках, Белагурне. Жыхарам сельсавета выпісаны 25 прадпісанняў для навядзення парадку, праведзены рэйд-праверка стану шматкватэрных дамоў у Белагурне, прыбраны месцы агульнага карыстання. З аграгарадка Белагурна цвёрдыя бытавыя адходы вывозіць транспарт ЖКГ, сёлета заключаны дагаворы на вываз смецця з Белалозаў і Агароднікаў, на чарзе – Харашкі.
Праблема апусцелых хатаў вырашаецца так: 85 знесены (2 – у 2013 годзе, 2 – у 2014, 1 – у 2015). Дзве хаты гаспадары дазволілі разабраць. 203 апусцелыя будынкі заяўлены для жыллёвага выкарыстання. Статус 30 апусцелых хат не вызначаны: тры апошнія гады іх ніхто не наведвае, сельвыканкам шукае нашчадкаў былых гаспадароў – рассылае паштовыя паведамленні, тэлефонныя, праз Інтэрнэт. Бацькоўскія хаты многія нашчадкі афармляюць у якасці дачаў, гараджане выкупляюць апусцелыя хаты ў Харашках, Цецераўцы, Жыхах, Мяляхавічах. Большасць дачнікаў наводзяць належны парадак на сядзібах, падтрымліваюць яго.
Шмат дапамагае для добраўпарадкавання СВК “Белагурна”: высечана кустоўе паўз дарогі да вёскі Харашкі і паўз дарогі Белагурна — Белалозы, прыбрана тэрыторыя каля фермы, мехдвара.
Праблемным застаецца рамонт воданапорнай вежы, асфальтаванне плошчы ў Белагурне, падсыпка і грэйдаванне ўчасткаў дарог у Белалозах, Цецераўцы, Дукраве.
Сельвыканкам удзячны за дапамогу ў рабоце кіраўнікам СВК “Белагурна”, ПМС, РЭС, ДРБУ № 119, ЖКГ, Раготнаўскага лясніцтва, РайЦГЭ.

IMG_5895
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай збожжасушыльнага комплексу СВК у Дварцы, магазінаў, пабылі на сядзібе індывідуальнага прадпрымальніка Антропавай, наведалі Раготнаўскае лясніцтва, школу-садок, амбулаторыю, крухмальны завод.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Дварэцкага і Мяляхавіцкага сельсаветаў. Рэспандэнты адзначылі, што работа сельвыканкамаў палепшылася ў абодвух сельсаветах. І ў абодвух сельсаветах падобныя праблемы: нястача моладзі ў вёсках, п’янства мясцовых жыхароў, нездавальняючы стан дарог. Жыхары Дварэцкага сельсавета адзначылі, у прыватнасці, кепскае асвятленне вуліц, а Мяляхавіцкага – недастатковую газіфікацыю паселішчаў. Анкетныя пункты рэспандэнты дапоўнілі наступнымі заўвагамі: не задавальняе графік работы магазіна прамысловых тавараў, не задавальняе арганізацыя работы прафкабінета (Дварэцкі сельсавет); адсутнічае асфальтавае пакрыццё на плошчы ў аграгарадку Белагурна (Мяляхавіцкі сельсавет).
Намеснік старшыні райвыканкама М. Мацюкевіч і кіраўнік справамі райвыканкама А. Андруцэвіч выказалі свае заўвагі па добраўпарадкаванні паселішчаў у Наваельні, Данілавіцкім і Дзятлаўскім сельсаветах. Работа вядзецца ва ўсіх запланаваных для бягучага добраўпарадкавання паселішчах. Сярод заўваг, у прыватнасці, — недастатковы дагледжаны лесапарк каля стадыёна ў Наваельні, не падсыпаная вуліца ў Барышыне, непрыбраныя рэшткі згарэлага дома ў Кузьмічах, кепска дагледжаная дарога Змяёўцы — Малдуці.

IMG_5877

Вынікі Дня сельсаветаў падвёў першы намеснік старшыні райвыканкама А. Гросс. Ён падзякаваў кіраўнікам сельвыканкамаў і мясцовых арганізацый за зробленае, папрасіў аказваць пасільную дапамогу сельгаспрадпрыемствам у час напружаных палявых работ.

Тэкст і фота Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *