На мінулым тыдні Дзятлаўскі раён наведаў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы. Мэтай прыезду было правядзенне прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. У дадатак жа, як адзначыў сам Аляксандр Міхайлавіч, сёння кожны дзяржслужачы, які трапляе на Дзятлаўшчыну, цікавіцца, як ідзе падрыхтоўка раёна да абласнога свята “Дажынкі – 2015”.
Даверны дыялог
На прыём да першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю прыйшлі двое грамадзян і яшчэ тры пазванілі на «Прамую лінію».
— Не было “пустых” пытанняў і скаргаў, адбыўся сапраўды канструктыўны дыялог з людзьмі, — каменціруе звароты дзятлаўчан Аляксандр Садаўнічы. – Напрыклад, патэлефанавалі пенсіянеры аднаго з сельскіх населеных пунктаў, звярнулі ўвагу на высокі сухі травастой каля закінутых дамоў. Тут перажыванне не за прыгажосць, а за супрацьпажарную бяспеку. Хтосьці кіне акурак – і спаліць усю вёску. Гэта “каменЬчык” у адрас сельвыканкама, іх задача – кантроль за своечасовым абкошваннем тэрыторыі. Такія пытанні трэба ўзнімаць, гэта правільна. Думаю, райвыканкам ужо адрэагаваў, а жыхарам дзякуй, што не застаюцца раўнадушнымі – не заўсёды можна ўсюды даехаць, усё ўбачыць.
Быў зварот да Аляксандра Міхайлавіча ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з просьбай пасадзейнічаць у зніжэнні аб’ёму аплаты за замену электраправодкі да яго дома. Па словах заяўніка, раней гэтыя работы праводзіліся бясплатна, але электраправодка была ў добрым стане, і не было неабходнасці яе мяняць. Зараз жа – прыйшла ў непрыдатнасць, а работа каштуе дорага.
— Па-першае, хачу падзякаваць ветэранам за іх мужнасць, самаахвярнасць, подзвіг, за тое, што сучасная моладзь мае магчымасць жыць пад мірным чыстым небам, спакойна вучыцца і працаваць, будаваць планы на будучыню. Што датычыцца, пытання, мы перагаварылі са службовымі асобамі райвыканкама, і я атрымаў запэўніванні, што ў бліжэйшы час яно будзе вырашана, — падкрэсліў Аляксандр Садаўнічы.
Увогуле, “Прамая лінія” і прыём грамадзян у Дзятлаўскім раёне паказалі, што з усёй разнастайнасці хвалюючых людзей праблем дамінуе пытанне добраўпарадкавання.
“ДАЖЫНКІ – 2015”
Пасля правядзення “Прамой тэлефоннай лініі” з жыхарамі раёна і прыёму грамадзян, прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю накіраваўся на будаўнічыя пляцоўкі аб’ектаў, што рыхтуюцца да “Дажынак”.
— Абласное свята “Дажынкі” — мерапрыемства важнае ў эканамічным і сацыяльным плане, гэта шанц для любога раёна прывесці ў парадак асноўныя будынкі, збудаванні, вуліцы. І Дзятлаўшчына – не выключэнне. Хачу мець поўную карціну, як будзе выглядаць раён да абласных урачыстасцяў, абавязкова сустрэцца з будаўнікамі, паколькі перад імі пастаўлены няпростыя задачы, – падкрэсліў Аляксандр Садаўнічы.
Сустрэча з калектывам Дзятлаўскай МПМК-147 прайшла каля рэдакцыі раённай газеты “Перамога”. Тут брыгада з пяці чалавек вядзе поўную рэканструкцыю даху будынка рэдакцыі. Як адзначыў выконваючы абавязкі начальніка Дзятлаўскай МПМК-147 Васіль Шпакоўскі, аднапавярховы будынак узведзены ў 1957 годзе, за шмат гадоў перакрыцці сталі трухлявыя, працякае дах, патрабуецца замена бэлькаў і пакрыцця. Каштарысны кошт будаўніча-мантажных работ па аб’екце складае 660 мільёнаў рублёў. Тэрмін рэканструкцыі даху вызначаны ў 45 дзён. Калі работа будзе выканана своечасова, заработная плата брыгадзе будзе выплачана амаль у двайным памеры, калі ж будаўнікі перавысяць тэрмін – знізіцца на 20 %.
— Такая тактыка аплаты зразумелая і правільная, гэта стымулюе людзей і дазваляе заахвоціць тых, хто ўмее і жадае працаваць, але гэта – справа будучага, а мяне цікавіць, якую заработную плату атрымліваюць рабочыя Дзятлаўскай МПМК-147 сёння, ці ёсць затрымкі па выплаце? – з такім пытаннем звярнуўся першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю да работнікаў будаўнічай арганізацыі.
Варта заўважыць, што брыгада не скардзілася на памер заработнай платы, больш за тое, будаўнікі тлумачылі, што, нягледзячы на ўвогуле складаную фінансавую сітуацыю, яны да канца месяца атрымліваюць зарплату заўсёды, што дае пачуццё стабільнасці і спакою.
Акрамя рэдакцыі, сярод іншых аб’ектаў “Дажынак”, якія вядзе Дзятлаўская МПМК-147: цэнтральная раённая бальніца, ваенны камісарыят, кінатэатр “Спадарожнік”, Боркаўскі крухмальны завод і асноўны аб’ект – Дзятлаўскі райвыканкам.
— Маё меркаванне, што будаўніцтва – гэта тое, што ў Дзятлаўскім раёне сёння атрымліваецца лепш за ўсё. Аб’язджаем аб’екты, бачым, што ўмеюць людзі працаваць. У многім – гэта заслуга старшыні райвыканкама Івана Крахмальчыка, які надае шмат увагі менавіта будаўнічай галіне, — сказаў Аляксандр Садаўнічы.
На пытанне, ці з’явіліся ў вас заўвагі па тых аб’ектах, якія вы сёння наведалі, Аляксандр Міхайлавіч адказаў, што, зразумела, ёсць, але яны не носяць крытычнага характару.
— Гэта проста рабочыя моманты, дзякуючы якім, можна дасягнуць якасці ў рабоце. Нічога вострага, сур’ёзных парушэнняў я не бачу, работа вядзецца адказна, — рэзюмаваў Аляксандр Садаўнічы.
І. ГАЛОМЗІК
На фотаздымку: у час сустрэчы першага намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці А. Садаўнічага з будаўнікамі МПМК-147
Фота: Б.ВАРНЫ