На пытанне адказвае раённы тэрапеўт Алена Куцко:
— Сонечнаму ўдару спрыяе працяглае знаходжанне на сонцы. У такіх умовах чалавек можа перагрэцца, страціць вялікую колькасць вільгаці.
А вось цеплавы ўдар выклікаюць высокая вільготнасць паветра, працяглае знаходжанне ў скураным, сінтэтычным адзенні, доўгачасовыя прагулкі.
Менавіта таму варта пазбягаць знаходзіцца пад адкрытым сонцам, асабліва з 11 да 16 гадзін, абавязкова насіць галаўныя ўборы.
У той жа час трэба асцерагацца і пераахалоджання — не сядзіце блізка да вентылятара, кандыцыянера.
Высокая тэмпература ўплывае і на ўзровень артэрыяльнага ціску. У адных ён можа панізіцца, а ў другіх — павысіцца. Менавіта таму ў спякотнае надвор’е варта пільна сачыць за ціскам.
Таксама, каб папярэдзіць абязводжванне арганізма, здаровым людзям у спёку варта павялічыць ужыванне вадкасці. А вось тым, хто мае сардэчна-сасудзістыя захворванні, рабіць гэтага не варта: можна справакаваць ацёчнасць і новыя праблемы са здароўем.
А. ДУБРОЎСКАЯ