Навіны тыдня

Падзеі

СУСТРЭЧА ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ З ВЫПУСКНІКАМІ ВАЕННЫХ ВНУ

Выпускнікі ваенных ВНУ павінны выкарыстоўваць усе свае навыкі і вопыт для эфектыўнасці нацыянальнай бяспекі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных установаў і вышэйшага афіцэрскага саставу.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сённяшніх умовах як ніколі важна вывучаць новыя формы ваенных дзеянняў, пастаянна адсочваць зменлівае становішча ў свеце. Спосабы і формы вядзення вайны істотна змяніліся, і сілавыя структуры Беларусі павінны дынамічна развівацца і ісці ў нагу з часам. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што эфектыўнасць і якасць навучання ў айчынных ваенных ВНУ прызнаны далёка за межамі краіны. Пра гэта сведчыць запатрабаванасць падрыхтоўкі ў Беларусі прадстаўнікоў Узброеных Сіл блізкага і далёкага замежжа. На ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт уручыў генеральскія пагоны афіцэрам Узброеных Сіл, камітэтаў дзяржаўнай бяспекі і судовых экспертыз, пракуратуры. Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў шэрагу выпускнікоў ваенных ВНУ спецыяльныя лісты аб аб’яўленні падзякі Прэзідэнта Беларусі за выдатныя поспехі ў вучобе, узорнае выкананне воінскага абавязку.

Прэзідэнт пажадаў усім прысутным быць годнымі абаронцамі Айчыны.

 

РАБОЧЫ ВІЗІТ ПРЭЗІДЭНТА

Аляксандр Лукашэнка зробіў рабочы візіт у горад Уфа Расійскай Федэрацыі.

Беларускі лідар прыняў удзел у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем сустрэчаў на найвышэйшым узроўні міждзяржаўнага аб’яднання БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі краінаў, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаваў. На сустрэчы былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні сусветнай палітыкі, эканомікі, фінансавай сферы.

 

ГРОДЗЕНШЧЫНА ЗАНЕСЕНА НА РЭСПУБЛІКАНСКУЮ ДОШКУ ГОНАРУ

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у сталіцы прайшлі ўрачыстасці з нагоды адкрыцця Рэспубліканскай дошкі Гонару, абноўленай па выніках мінулага года.

Ганаровага права быць занесенымі на рэспубліканскую Дошку гонару ўдастоіліся 62 суб’екта – вобласці, гарады, раёны, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а таксама ўстановы адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя.

Гродзенская вобласць (разам з Мінскай) за найлепшыя паказчыкі ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця заслужыла ганаровае права быць занесенай на Рэспубліканскую дошку Гонару.

Сярод раёнаў рэспублікі Гарадзеншчыну прадставіў на Дошцы гонару Смаргонскі раён, сярод прамысловых прадпрыемстваў Гарадзеншчыны на Рэспубліканскую дошку Гонару занесена ТАА “ТытунЁвая фабрыка “Нёман”. Адразу два сельскагаспадарчых прадпрыемствы Гродзеншчыны былі занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару па выніках мінулага года – СВК “Азёры Гродзенскага раёна” і СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна.

Асобна на Дошцы пашаны адзначаны прадпрыемствы, якія дасягнулі важкіх поспехаў у эканоміі энергарэсурсаў. У ліку лепшых – 11 прадстаўнікоў усіх галін эканомікі з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іх – Лідскі лясгас, Гродзенскі філіял рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам”, СВК “Зарэчны-Агра” Гродзенскага раёна.

 

ПАДРЫХТАВАЛІСЯ НА 100 БАЛАЎ

У Міністэрстве адукацыі разглядаюць магчымасць здачы абітурыентамі на цэнтралізаваным тэсціраванні чатырох дысцыплінаў, каб пашырыць для маладых людзей магчымасці для выбару прафесіі.

Сёлета 11 абітурыентаў набралі 100 балаў па двух прадметах з трох. Пры гэтым па трэцім прадмеце ЦТ у іх таксама вельмі высокія вынікі — 95, 96, 98 балаў.

Аналіз вынікаў ЦТ паказаў, што па рускай і беларускай мовах абітурыенты дастаткова пісьменныя. Сярэдні бал па рускай і беларускай мовах у выпускнікоў ліцэяў і гімназій гэтага года склаў больш за 60 балаў, а ў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ — больш за 40. Па матэматыцы сярэдні бал у выпускнікоў ліцэяў — 51, у выпускнікоў школ — 27 балаў.

Нядрэнны вынік на ЦТ паказалі выпускнікі пры здачы замежных моваў. Напрыклад, па англійскай мове сярэдні бал выпускнікоў гімназій — 59,8, а ў выпускнікоў школ — 39.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *