Жыватворныя крыніцы фальклору

Падзеі

На Дзятлаўшчыне прайшоў трэці абласны занальны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы». Скарбы народнай культуры прадставілі самабытныя выканаўцы і калектывы Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Слонімскага раёнаў.

Гасцей вітаў  Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. У фае ўстановы ладзілася выстава майстроў, а ў глядзельнай зале разгарнулася галоўная дзея свята народнай песні і творчасці.

Яе самабытнасць і непаўторнасць адзначылі вядучыя фестывалю Анастасія Голуб і Часлаў Свіб. Да іх далучыліся галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Жук -Куніцкая і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько — прадстаўнікі журы, якія павіталі ўдзельнікаў фестывалю, пажадалі ім паспяховага выступлення.

Распачаўся фестываль фальклору ў Дзятлаве з «Вячорак у Паўлінкі», якія падрыхтавалі госці са Слонімшчыны. Удзельнікі з Навагрудскага раёна паказалі аўтэнтычны вясельны абрад. Карэліцкія госці на чале з Несцеркай праспявалі народныя песні сваёй мясцовасці, а таксама станцавалі «Лядкаўскую кадрылю».

Аснову праграмы Дзятлаўскага раёна склала выступленне самабытных народных калектываў з Ахонава, Студзераўшчыны, фальклорнага гурта з Данілавічаў, народнага ансамбля песні «Зараначка». Старэйшае пакаленне дапоўнілі дзіцячыя калектывы «Званочкі» і «Жавароначкі» са Студзераўшчыны і Казлоўшчыны. Яны  паказалі народныя гульні і забаўлянкі. Майстэрства народных спеваў прадэманстравала Маргарыта Літвінская. У гутарковым жанры выступілі Анастасія Клімец, Андрэй Савасцюк, Анастасія Саўко. Выступленне дзятлаўскіх артыстаў разгарнулася на імправізаваным беларускім падворку.

Напрыканцы праграмы дзятлаўскія артысты, прадстаўнікі журы павіншавалі з 90-годдзем Валянціну Васільеўну Бранкоўскую — старэйшую ўдзельніцу фальклорнага гурта  з вёскі Ахонава. Жанчына выканала народную песню, якую гледачы віталі гучнымі апладысментамі.

Трэба дадаць, што па выніках занальнага фестывалю яго ўдзельнікі адзначаны дыпломамі. Лепшыя калектывы і выканаўцы выступяць у абласным фестывалі, які пройдзе ў Астраўцы. Там будуць вызначаны  лаўрэаты.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *