Раённы шашачны турнір вызначыў лепшыя каманды і лепшых шашыстаў дашкольных установаў
У канцы мая ўжо чацвёрты раз раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму правёў раённы турнір па шашках “Шашачная скарбонка” з удзелам выхаванцаў установаў дашкольнай адукацыі. Традыцыйна спаборніцтвы прайшлі напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей і былі прысвечаны гэтаму інтэрнацыянальнаму святу, якое садзейнічае выкананню дзяржаўных задач па забеспячэнні ўмоваў для шчаслівага жыцця дзяцей і іх бацькоў. У большасці установаў дашкольнай адукацыі створаны ўмовы для заняткаў у шашачных гуртках і секцыях, выяўлення таленавітых дзяцей і аказання ім дапамогі ў развіцці здольнасцяў. Вынікам гадавой работы і з’яўляецца раённае першынство па шашках “Шашачная скарбонка”. Сёлета турнір адбыўся ў Дзятлаўскім яслі-садзе №1. Юныя шашысты спаборнічалі ў двух групах – гарадскіх і сельскіх установаў.
У групе гарадскіх установаў спаборнічалі каманды першага дзятлаўскага садка, ДЦРД №2, Наваельнянскага і Казлоўшчынскага садкоў. Кожная каманда налічвала трох юных шашыстаў, якія спаборнічалі на нумарных дошках – першай, другой, трэцяй па кругавой сістэме з асабіста-камандным залікам вынікаў. Напружаная барацьба так і не выявіла аднаасобнага пераможцу групы: па шэсць ачкоў набралі каманды ДЦРД №2 і Наваельнянскага садка. Толькі ўлік дадатковых паказчыкаў вызначыў чэмпіёна – дзятлаўскую каманду. Трэцяе месца заняла каманда дзятлаўскага садка №1. Заўважна слабей сваіх сапернікаў выступіла каманда Казлоўшчынскага садка.
За каманду-чэмпіёна ДЦРД №2 гулялі Паліна Ступчык, Ганна Капковіч, Раман Сілаў. Наваельнянцы выступілі наступным складам: Раман Макарчык, Ганна Сіневіч, Кацярына Бутэнка. Бронзавыя прызёры – Караліна Голуб, Савелій Ванчук, Лізавета Коўзель.
На першай дошцы ў асабістым заліку два спартсмены – Паліна Ступчык (Дзятлаўскі ДЦРД №2) і Раман Макарчык (Наваельнянскі садок) набралі па 2,5 ачка з аднолькавымі дадатковымі паказчыкамі і падзялілі першае месца. На другой дошцы першае месца (2,5 ачка) заняла Лізавета Коўзель (Дзятлаўскі садок №1). На трэцяй дошцы першынстваваў (2,5 ачка) Раман Сілаў (ДЦРД №2).
У другой групе сельскіх установаў адукацыі спаборнічалі дзевяць юных спартсменаў – з Руды Яварскай, Вензаўца, Круцілавічаў, Раготна, Дварца, Лявонавічаў, Жукоўшчыны, Таркачоў, Хвінявічаў. На першым этапе сельскія шашысты спаборнічалі ў трох падгрупах. Затым тры пераможцы груп – Ксенія Шастала (Круцілавічы), Максім Семяновіч (Руда Яварская), Раман Юркевіч (Вензавец) прадоўжылі барацьбу за чэмпіёнства, а менш паспяховыя на першым этапе ўдзельнікі – за 4-6 і 7-9 месцы.
Вельмі паспяхова, дэманструючы стабільную гульню, правёў увесь турнір Максім Семяновіч з Руды Яварскай. Максім не прайграў ніводнай партыі на ободвух этапах, ён – чэмпіён. Другое месца з адным паражэннем (ад чэмпіёна) заняў Раман Юркевіч з Вензаўца. Трэцім прызёрам стала Ксенія Шастала з Круцілавічаў. Наступныя месцы занялі прадстаўнікі Раготна, Дварца, Лявонавічаў, Жукоўшчыны, Таркачоў, Хвінявічаў.
Вынікі турніру падвяла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму К. Гайдук, яна ўзнагародзіла ўсіх удзельнікаў турніру памятнымі сертыфікатамі, каманды і ўдзельнікаў, якія занялі прызавыя месцы – граматамі. Акрамя таго, кіраўнікам гарадской і сельскай установаў дашкольнай адукацыі, каманда і ўдзельнік якіх занялі першае месца, уручаны грашовыя прызы па 720 тысяч рублёў. Грошы ў поўным аб’ёме будуць выкарыстаны для набыцця спартыўнага і гульнёвага інвентару для ўстановаў.
Трэба адзначыць, што ўзровень гульні юных шашыстаў у параўнанні з папярэднімі турнірамі (сёлетні турнір – ужо чацвёрты) вырас. Дзеці лепш падрыхтаваныя: упэўнена ведаюць правілы гульні, без мітусні абдумваюць хады. Адчуваецца, што з юнымі шашыстамі мэтанакіравана працавалі ў садках. Шашкамі захапляюцца ўсё больш дзяцей, а бацькі рады гэтаму і падтрымліваюць іх захапленне. Таму мэтазгодна колькасць удзельнікаў наступнага раённага турніру “Шашачная скарбонка-2016” павялічыць: у гарадскія каманды ўключыць па 4 удзельнікі, у сельскія – па два.
М. ВЕНСЛАВОЎСКІ