Адказ на гэтае пытанне дае раённы тэрапеўт Алена Куцко:
— Стан, калі стомленасць непакоіць нават пасля адпачынку, лічыцца адхіленнем ад нормы. Менавіта гэта медыкі і называюць сіндромам хранічнай стомленасці.
Прычына яго ўзнікнення тоіцца ў зменах рытму яго жыцця, яго паскарэнні пастаяннай неабходнасці ва ўдасканалення быту. Многім людзям даводзіцца сумяшчаць некалькі работ, у вялікіх гарадах некалькі гадзін у дзень чалавек праводзіць у дарозе, а калі стомлены вяртаецца дахаты, на яго навальваюцца штодзённыя хатнія справы. Стомленасць паступова назапашваецца, у выніку гэта вядзе да таго, што кароткачасовы адпачынак ўжо не здольны выправіць сітуацыю.
Каб хвароба не нанесла вялікай шкоды арганізму, важна своечасова яе заўважыць. Як правіла, людзі пачынаюць хвалявацца аб сваім здароўі, калі ўвесь дзень валяцца з ног ад стомленасці, а ноччу ўсё роўна не могуць заснуць. Аднак ёсць і іншыя сімптомы. Гэта зніжэнне працаздольнасці, слабасць, апатыя, нежаданне займацца работай і іншымі звыклымі справамі. Да гэтага далучаюцца парушэнні ўвагі, праблемы з памяццю, змены ў эмацыянальным стане. Чалавек становіцца раздражнёным, у яго з’яўляецца трывога, беспрычыннае хваляванне. У цяжкіх выпадках могуць быць і болі ў суставах, мышцах, парушэнні ў рабоце страўнікава-кішачнага тракта.
Усе сіпмтомы хранічнай стомленасці могуць сустракацца і пры іншых захворваннях, і таму толькі доктар можа высветліць сапраўдную прычыну недамагання.
Лекі ад стомленасці, на жаль, пакуль не вынайшлі. Аднак усё роўна існуюць спосабы барацьбы з гэтым станам. Па-першае, неабходна навучыцца правільна арганізоўваць свой дзень — уставаць і класціся спаць у адзін і той жа час, знайсці час на заняткі спортам. Вельмі часта людзі, занятыя разумовай працай, адчуваюць недахоп рухальнай актыўнасці.
Неабходна правільна харчавацца. Не варта злоўжываць салодкай і тлустай ежай, лепш дабавіць у рацыён агародніну, садавіну, чорны хлеб, тлустую рыбу. А вось ад моцнай кавы, чаю, варта адмовіцца. Яны могуць выклікаць кароткачасовы прыліў сіл, аднак яны прыгнятаюць нервовую сістэму.
Для эмацыянальнай разгрузкі варта пачытаць цікавую кнігу, пабыць на прагулцы, заняцца рукадзеллем.
А. ДУБРОЎСКАЯ