У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у памеры 35 працэнтаў ад сумы налічанай заработнай платы, прычым 1 працэнт вылічваецца з заработнай платы працаўнікоў, 34 працэнты арганізацыі выплачваюць з уласных сродкаў. З выплачаных 35 працэнтаў страхавых узносаў 29 працэнтаў выкарыстоўваецца на пенсійнае страхаванне, 6 працэнтаў — на сацыяльнае страхаванне (выплату дапамогаў па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў і ў падобных выпадках).
Пытанне: як можа адбіцца на памеры пенсіі атрыманне заработнай платы ў канверце, а таксама нявыплата або частковая выплата страхавых узносаў?
Адказ: неабходна звярнуць увагу, што ў перыяд, калі працадаўцам узносы не выплачваюцца або выплачваюцца ў няпоўным аб’ёме, у працаўнікоў не фарміруецца права на сацыяльныя выплаты з улікам пенсіі. Пры гэтым неабходна ўлічыць, што ў выпадку выплаты ўзносаў з прыбытку ніжэйшага, чым мінімальная заработная плата (з улікам індэксацыі), стаж для прызначэння пенсіі будзе вылічвацца з улікам паправачнага каэфіцыента. Некаторыя наймальнікі, асабліва ў недзяржаўным сектары эканомікі, выплачваюць узнагароды за працу ў памеры ніжэйшым, чым мінімальная заработная плата (альбо па-за аплатнымі ведамасцямі). У выніку пакаранымі аказваюцца працаўнікі, якія прыходзяць да моманту выхаду на пенсію з мінімальнымі пенсійнымі правамі.
З 1 студзеня 2015 года мінімальная месячная заработная плата ўсталявана ў памеры 2 100 100 рублёў, на працягу года яна будзе індэксавацца. Такім чынам для заліку ў стаж пры прызначэнні пенсіі аднаго месяца работы неабходна налічыць і выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы з сумы заработнай платы не ніжэйшай, чым мінімальная заработная плата з улікам індэксацыі.
Пытанне: як пераканацца, што выплата страхавых узносаў робіцца, калі працуеш у прадпрымальніка або ў прадпрыемстве малога бізнэсу з невялікай колькасцю работнікаў?
Адказ: на жаль, мала хто цікавіцца гэтым пытаннем, пакуль не прыходзіць час афармляць пенсію. І досыць часта маюць месца факты легкадумнага стаўлення некаторых грамадзян да афармлення сваіх працоўных стасункаў з працадаўцам. У выніку працадаўца не падае ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва звесткі ні аб прыёме на работу працаўніка, ні аб суме налічанай яму заработнай платы, як гэтага вымагае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На жаль, далёка не кожны грамадзянін, які разлічвае на часовую асабістую выгаду, атрымліваючы зарплату «ў канверце», бачыць адваротны бок медаля. А страчаныя гады стажу могуць паўплываць на суму пенсіі, якая сёння здаецца многім малаважнай, але пры надыходзе пенсійнага ўзросту часта становіцца адзінай крыніцай існавання, памер якой будзе істотны для кожнага з нас.
Для таго, каб максімальна абараніць сябе ад прыкрых «сюрпрызаў» пры афармленні пенсіі, рэкамендуем работнікам, асабліва тым, хто працуюць у прадпрыемствах малога бізнэсу, па-першае, адмовіцца ад атрымання заработнай платы «ў канвертах», па-другое, карыстацца сваім правам на атрыманне інфармацыі аб выплаце за іх абавязковых страхавых узносаў у працадаўцы альбо ў органах Фонду.
Асабліва варта звярнуць увагу на выплату страхавых узносаў арганізацыямі, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (банкруцтва). Запазычанасць па страхавых узносах павінна быць пагашаная да іх ліквідацыі. У адваротным выпадку перыяды з няплатай або няпоўнай выплатай не будуць залічаны ў стаж работнікаў у час прызначэння пенсіі.
Пытанне: ці будзе прадпрымальніку, які з’яўляецца інвалідам, залічаны ў стаж час прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ад выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ён вызвалены?
Адказ: на падставе заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні індывідуальнаму прадпрымальніку, які атрымлівае пенсію, дадзена права добраахвотнага ўдзелу ў дзяржаўным сацыяльным страхаванні, а не вызваленне ад выплаты страхавых узносаў. Паколькі ён у перыяд занятку прадпрымальніцкай дзейнасцю ўзносы на сацыяльнае страхаванне не выплачвае, падставаў для ўключэння гэтых перыядаў у стаж работы няма.
Пытанне: не сакрэт, што некаторыя нашы суайчыннікі свой працоўны стаж зарабляюць выключна за мяжой. Маўляў, там заработная плата істотна вышэйшая. Няўжо грамадзяніну Беларусі ні пры якім раскладзе гэты час работы не можа быць залічаны ў працоўны стаж?
Адказ: жыхары Рэспублікі Беларусь, якія легальна працуюць за межамі Беларусі, могуць звярнуцца ў Фонд для пастаноўкі іх на ўлік. Пытанні, звязаныя з парадкам пераліку ўзносаў, растлумачаць у Фондзе.
Для пастаноўкі на ўлік у Фондзе неабходна падаць дакумент, які сведчыць аб асобе грамадзяніна, і копію працоўнага дагавору. У дадзенай сферы дзейнічае заявавы прынцып. Гэта значыць, што ставяць на ўлік тых грамадзян, якія працуюць за мяжой і лічаць патрэбным, каб працоўны стаж ім быў залічаны на радзіме. Сродкі імі выплачваюцца толькі для пенсіі ў памеры 29 працэнтаў ад заяўленай заработнай платы, але не ніжэйшай, чым мінімальная.
М. ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фондк сацыяльнай абароны насельніцтва