1 чэрвеня прайшоў заключны этап рэспубліканскай акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!».
Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях праводзіў яе сумесна з работнікамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, раённай арганізацыяй таварыства ратавання на водах, раённым аб’яднаннем Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, прадстаўніцтвам «Белдзяржстрах».
Самым актыўным удзельнікам мерапрыемства сталі вучні СШ №1 г. Дзятлава.
На свяце дзяцей сустракалі роставыя лялькі Філька і Лілька — персанажы часопіса «Юны ратаўнік». Яны раздавалі паветраныя шары і наклейкі з малюнкамі аб мерах пажарнай бяспекі.
Вёў праграму клоун Клёпа. Гледачам было прапанавана прадстаўленне дзіцячай цыркавой студыі «Марсі». Прадоўжылі праграму «Вясёлыя прыгоды Фількі і Лількі». Яе персанажы ў гульнёвай форме расказалі дзецям пра меры пажарнай бяспекі.
Іх патлумачыў інспектар Дзятлаўскага РАНС. Таксама ён паведаміў аб прафілактычных мерапрыемствах, якія чакаюць дзяцей летам.
У час праграмы самыя актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі таксама паўдзельнічаць у конкурсах «Збор і выезд па трывозе», «Юны ратаўнік», «Знайсці пацярпелага».
Завяршыла свята паказальнае выступленне ратаўнікоў Дзятлаўскага РАНС. На пляцоўцы каля Дома культуры ўсім удзельнікам акцыі былі паказаны пажарная аварыйна- ратавальная тэхніка, абсталяванне і інвентар.
З дзецьмі, якія адпачываюць у аздараўленчых летніках, ратаўнікі таксама сустрэнуцца ў час акцыі «Канікулы без дыму і агню». У рамках мерапрыемства дзецям пакажуць тэматычныя відэастужкі, правядуць віктарыны і конкурсы.
МЕСЯЧНІК БЯСПЕКІ
З 1 чэрвеня па 1 ліпеня на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праходзіць месячнік бяспекі жыццядзейнасці, насельніцтва, прафілактыкі правапарушэнняў.
Мэта мерапрыемства — зніжэнне колькасці правапарушэнняў, умацаванне правапарадку, папярэджанне парушэнняў, якія ўчыняюць у стане алкагольнага ап’янення.
Прашу ўсіх грамадзян падключыцца да правядзення мерапрыемства, не заставацца ўбаку. Аб выпадках парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і іншых правапарушэннях мы можаце паведамляць па тэлефонах «101», «102» або «112». Ананімнасць званкоў гарантуецца.
А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС