Даша Вырко – навучэнка 11 класа гімназіі №1 горада Дзятлава, актыўная, камунікабельная, добразычлівая дзяўчына, паспяховая вучаніца, адным словам – гонар сваёй навучальнай установы. А з нядаўняга часу – гонар удвая. Даша прыняла ўдзел у ІІІ Міжнароднай алімпіядзе навукова-тэхнічных праектаў (ISPrO) у Інданезіі, адкуль вярнулася з бронзавым медалём і багажом уражанняў, якімі падзялілася з чытачамі “раёнкі”.
— Даша, раскажы, як атрымалася прыняць удзел у Міжнароднай алімпіядзе?
— Мая настаўніца біялогіі Валянціна Генрыхаўна Багдановіч, ведаючы маю цікавасць да прадмета, прапанавала паехаць у Мінск і пазаймацца ў рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і юнацтва. На базе цэнтра працуе школа дыстанцыйнага навучання для школьнікаў, а таксама навуковае аб’яднанне “Даследчык”, дзе старшакласнікі маюць магчымасць займацца навукова-даследніцкай дзейнасцю, праходзяць практычную падрыхтоўку.
У сталіцы я пазнаёмілася з маім навуковым кіраўніком, загадчыцай аддзела батанікі эколага-біялагічнага цэнтра, выкладчыцай БДУ Алесяй Аляксандраўнай Шавялёвай. Менавіта яна і прапанавала мне актуальную тэму для даследніцкай работы – праект “Эфірнае масла шалфею лекавага як натуральны харчовы кансервант: даследванне антыбактэрыяльнай і антымікатычнай актыўнасці”. Над тэмай я пачала працаваць у кастрычніку 2014 года.
— І спачатку ты прадстаўляла свой праект на рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах?
— Безумоўна. Я паспяхова прайшла папярэдняе праслухоўванне. Былі толькі станоўчыя водгукі. Пытанні задавалі розныя: “Што за расліна? Адкуль яна? Як выкарыстоўваць? Колькі доўжыўся эксперымент?”. Затым я ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе разам з іншымі школьнікамі-пераможцамі абласных эатапаў, была ўключана ў склад зборнай каманды Беларусі па біялогіі. Разам са мной там былі яшчэ трое навучэнцаў. Пазней двое накіраваліся ў Азербайджан (Баку), а я і Ілья Карпец з Лунінца – у Інданезію.
— Раскажы пра свой даследніцкі праект і работу над ім.
— Каб вывучыць уласцівасці масла шалфею, мы спачатку павінны былі яго атрымаць. Збіралі і сушылі шалфей (гэта лекавая расліна калісьці была прывезена ў Беларусь, і цяпер яе можна тут сустрэць). Здрабнялі сухую траву і з дапамогай апарата Гінзбурга пры награванні “выганялі” масла. Вырашылі праверыць яго на грыбах і бактэрыях, даведацца, ці прыгнячае іх масла, ці мае яно ўласцівасці антыбіётыкаў. Спачатку думалі звязаць даследаванне з медыцынскай галіной, але там хапае розных распрацовак. Таму вырашылі знайсці прымяненне маслу шалфею ў харчовай прамысловасці: чаму б не апрацоўваць ежу не антыбіётыкамі, а натуральнымі экстрактамі. Хацелася, каб работа стала карыснай і актуальнай для насельніцтва нашай краіны.
— Але праектам зацікавіліся і за мяжой, адзначылі яго “бронзай”?
— Так. У Міжнароднай алімпіядзе ўдзельнічалі 32 краіны. Пазнаёміцца з праектамі ўдзельнікаў прыходзілі школьнікі Джакарты – горада, які прымаў алімпіяднікаў. Мы размаўлялі і прадстаўлялі праекты на англійскай мове, таму загадзя дадаткова рыхтаваліся. Алімпіяда праходзіла ў фармаце навуковай канферэнцыі.
Да нас падходзіла шмат людзей: і журы, і госці, і ўдзельнікі. Іх цікавіў працэс атрымання масла шалфею, а таксама параўнальныя табліцы, дзе адлюстроўвалася ўздзеянне антыбіётыкаў і масла на грыбы і мікраарганізмы. І ведаеце, масла шалфею, па выніках маёй работы, выйграе. Думаю, гэта і было цікава: у антыбіётыкаў шмат супрацьпаказанняў, а у шалфея іх амаль няма.
Алімпіяда доўжылася два дні, на трэці ладзілася культурная праграма, дзе кожная дэлегацыя прадстаўляла сваю краіну, чацвёрты дзень быў для адпачынку, а на пяты – закрыццё. На жаль, мы былі вельмі загружаны падрыхтоўкай і работай, таму пайсці на пешую экскурсію па Джакарце не атрымалася — пабачылі горад з акна аўтобуса. Але гэту няўдачу поўнасцю кампенсавала прызавое месца за праект.
— Якія перавагі дае табе бронзавы медаль?
— Я ўжо практычна студэнтка, здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне не трэба, толькі сабраць дакументы. Пакуль яшчэ канчаткова не вызначылася з установай: вагаюся паміж лячэбным факультэтам Мінскага медыцынскага ўніверсітэта і біятэхналагічным факультэтам БДУ. Магчыма, аддам перавагу апошняму.
— А работу над праектам прадоўжыш?
— Збіраюся. Праект цікавы і актуальны, пры ажыццяўленні павінен даць добрыя вынікі. На жаль, у нашай краіне пакуль ніхто не зацікавіўся шалфеем лекавым. А яго тут лёгка можна вырошчваць і выкарыстоўваць у прамысловых маштабах. Гэта карысны прыродны кампанент здаровага харчавання, не шкодны і вельмі эфектыўны лекавы антыбактэрыяльны сродак.
— А што даў табе ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе?
— Упэўненасць у сваіх сілах, вопыт навуковай дзейнасці і работы над даследніцкімі праектамі, а таксама новых сяброў. Мы пасябравалі з дэлегатамі з Малдовы і Казахстана, у сацсетках мне ў сябры пачалі дадавацца ўдзельнікі з Косава, Аўстраліі.
Я ўдзячна ўсім сваім педагогам: Валянціне Генрыхаўне Багдановіч, Тэрэзе Феліксаўне Кіслай, якая дапамагала мне ўдасканальваць веды па англійскай мове, Алесі Аляксандраўне Шавялёвай, а таксама маім родным, якія падтрымлівалі мяне на працягу ўсіх гэтых месяцаў стараннай працы над тэмай. Без іх падтрымкі і ўдзелу нічога б не атрымалася. А цяпер – я заўтрашняя студэнтка ВНУ, якое сама сабе выберу.
— Даша, а што ты можаш параіць сваім равеснікам, якія пакуль толькі мараць пра поспехі?
— Умейце рызыкаваць! Не бойцеся выпрабоўваць свае сілы! Адшуквайце тое, што вам па душы, і старанна працуйце на вынік. Але ведайце: без уседлівасці і працавітасці нічога не атрымаецца. Паглыбляйце свае веды, сябруйце з кнігай, і будзеце заўжды паспяховыя!
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКУ: Даша Вырко ў час ІІІ Міжнароднай алімпіяды навукова-тэхнічных праектаў (ISPrO) у Інданезіі.
Фота з сайта гімназіі №1 горада Дзятлава