Апошні званок развітальны

Падзеі

30 мая ў школах Дзятлаўшчыны прагучалі апошнія званкі. Выпускнікі развітваліся са сваімі навучальнымі ўстановамі, настаўнікамі, шчаслівым часам дзяцінства. Наперадзе ў іх — выпускны баль, паступленні, дарослае жыццё. Для астатніх вучняў майская лінейка стала пачаткам самай шчаслівай, самай доўгачаканай пары — летніх канікулаў.

Карэспандэнты газеты пабылі на свяце апошняга званка ў сярэдняй школе №3 горада Дзятлава, дзе сёлета праводзілі ў вялікае жыццё 39 адзінаццацікласнікаў. Яшчэ 68 вучняў установы скончылі дзявяты клас. Большасць з іх працягне навучанне на трэцяй ступені адукацыі, а некаторыя таксама паспрабуюць паступіць на выбраныя спецыяльнасці.

Развітальныя словы выпускнікам адрасавалі дырэктар, настаўнікі, школьныя сябры, бацькі і госці ўрачыстай лінейкі.

І. З. Кібінь, дырэктар установы, павіншаваў усіх навучэнцаў і педагогаў з паспяховым заканчэннем 2014-2015 навучальнага года і пачаткам канікулаў. Выпускнікам Іван Збышкавіч пажадаў удачы пры паступленні, новых поспехаў, удалых пачынанняў, слаўных справаў.

У вершаванай форме павіталі сваіх старэйшых сябоў навучэнцы першых класаў.

Павіншавала выпускнікоў са святам апошняга завнка першая настаўніца Г. М. Шундрык:

— Сёння з вамі развітваецца ваша дзяцінства. Вы знаходзіцеся на парозе новага жыцця. Будзьце добрымі, сумленнымі, адкрытымі, радуйце сваіх бацькоў. Няхай на вашым шляху заўжды будуць поспех і ўдача. У добры шлях, выпускнікі!

Услед за ёю цёплыя словы пажаданняў выказала класны кіраўнік А. Я. Стракоўская:

— Дзень майскай лінейкі мы чакалі і баяліся яго адначасова. Гэта пачатак вашай дарогі ў дарослае жыццё. Ніхто не ведае, што ў яго наперадзе. Вядома, будуць і расчараванні. Але я хачу, каб вы, што б ні здарылася, заставаліся Людзьмі з вялікай літары. Працуйце дзеля роднай краіны, адшукайце сваё прызванне.

Ад імя бацькоў падзякавала педагогам школы і пажадала шчаслівай будучыні адзінаццацікласнікам Т. С. Нікіпорчык.

Самі выпускнікі падрыхтавалі для сваіх настаўнікаў, малодшых сяброў, бацькоў і гасцей лінейкі развітальную праграму: школьны вальс, песні і вершы, ад якіх многія ўпотай змахвалі слёзы.

Кульмінацыяй свята стаў апошні развітальны званок. Яго адзванілі выпускнік Аляксей Гушча і першакласніца Віялета Юшкевіч.

З паспяховым заканчэннем навучальнага года школьнікаў павіншавала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама А. А. Чайкоўская. Яна ўручыла прэміі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта лепшым вучням установы: прызёру абласной алімпіяды па фізіцы Эдуарду Дораню і прызёру рэспубліканскай алімпіяды па матэматыці Ільі Латушку, які за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці атрымаў таксама Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру і грашовую прэмію. Выдатнікам вучобы, пераможцам алімпіядаў, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў уручыў граматы дырэктар школы І. З. Кібінь.

Б. ВАРНЫ 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *