У межах Міжнароднага чэмпіянату сярод лесарубаў 12 чэрвеня на базе ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” прайшлі спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве вальшчыкаў лесу “Лесаруб-2015”. Сёлета яны праходзілі на базе Гезгалаўскага лясніцтва і вызначылі лепшых у сваёй прафесіі, тых, хто прадставіць Дзятлаўскі лясгас на абласных спаборніцтвах.
Спаборніцтвы вальшчыкаў лесу традыцыйна праводзяцца ў нашым раёне з 1994 года і маюць на мэце павышэнне прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу, абмен вопытам у бяспечнай і эфектыўнай працы на лесасеках, папулярызацыю і павышэнне прэстыжу “лясных” прафесій. Сёлета за званне лепшага пазмагаліся каманды з двух вальшчыкаў ад кожнага з 9 лясніцтваў і лесапункта Дзятлаўскага лясгаса. Канкурэнцыю дзятлаўчанам склалі таксама каманды па тры чалавекі са Слонімскага, Лідскага і Навагрудскага лясгасаў. Да перамогі ўдзельнікам спаборніцтваў трэба было прайсці пяць конкурсных этапаў. Гэта валка дрэваў, замена пільнага ланцуга, раскрыжоўка камбінаваным рэзам, дакладная раскрыжоўка і абрэзка сучча. У кожным відзе спаборніцтваў конкурсныя балы налічваліся за хуткае, дакладнае і якаснае выкананне практыкаванняў. Аднак самым галоўным патрабаваннем да канкурсантаў было выкананне патрабаванняў бяспекі працы, за парушэнне якіх з конкурснага выніку каманды аднімаліся штрафныя балы. Па выніках спаборніцтва лепшай камандай вальшчыкаў стала зборная Казлоўшчынскага лясніцтва, другімі былі вальшчыкі Ахонаўскага лясніцтва, трэцімі – прадстаўнікі Наваельнянскага лясніцтва.
Званне “Лесаруб-2015” па суме пяці конкурсаў атрымаў вальшчык лесу Наваельнянскага лясніцтва А. М. Адамчык, другое – А. Т. Яфімік (Казлоўшчынскае лясніцтва), трэцяе – М. А. Варган (Раготнаўскае лясніцтва). Пераможцы і прызёры спаборніцтваў вальшчыкаў лесу ў камандным і персанальным заліках былі ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі ад адміністрацыі і прафсаюза ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Андрэй Адамчык, пераможца сёлетняга спаборніцтва вальшчыкаў, які працуе ў Дзятлаўскім лясгасе з 1996 года, удзельнічае ў конкурсе з 2000-га, калі ва ўзроставай катэгорыі “юніёры” выйграў раённы і абласны конкурсы. Шэсць разоў ён станавіўся лепшым лесарубам раёна, астатнія гады – замацоўваўся на 2-м і 3-м прызавых месцах. Па словах Андрэя Мікалаевіча, самае каштоўнае ў такіх спаборніцтвах – прафесійныя стасункі і абмен вопытам з калегамі. Усе трое лідараў прадставяць Дзятлаўскі лясгас на абласных спаборніцтвах, якія адбудуцца на базе Слонімскага лясгаса 23 ліпеня (летась наша каманда вальшчыкаў стала 5-й з 11 каманд-удзельніц). Заўважым, што чэмпіянат лесарубаў, які пачынаецца з адбору ў кожным лясніцтве, праходзіць на раённым і абласным этапах, далей працягваецца рэспубліканскім спаборніцтвам і, нарэшце, міжнародным.
Н. АВЯРЧУК
НА ФОТАЗДЫМКУ: уладальнік звання “Лесаруб-2015” Андрэй Адамчык – на сваім працоўным месцы.