У 2015 годзе мы святкуем две надзвычай вялікія даты – спаўняецца 545 год з дня нараджэння Міколы Гусоўскага і 485 гадоў з дня нараджэння Сымона Буднага.
Мікола Гусоўскі нарадзіўся ў 1470 годзе. Ён увайшоў у гісторыю як беларускі паэт-гуманіст эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай літаратурнай школы, выдатны дзеяч славянскай культуры. Адукацыю атрымаў у Беларусі, паглыбляў веды у Вільні, Польшчы, Італіі. Вялікую ролю ў лёсе Гусоўскага адыграў Э. Вітэліус — сакратар вялікакняжацкай канцылярыі, біскуп плоцкі. У 1518 годзе ў складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначаліў Вітэліус, Гусоўскі едзе ў Рым. Выконваючы заказ для папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Гусоўскі стварае у 1522 годзе ў Рыме свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”.
У кастрычніку 1523 года ў Кракаве Гусоўскі выдае ў друкарні І. Віетэра паэтычны зборнік “Песня пра зубра”, які складаўся з паэтычнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў. Цікава, што ў прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне Сфорца, паэт просіць яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі мастакамі і навукоўцамі. І ў ХХІ стагоддзі гэта просьба гучыць вельмі эмацыянальна і досыць актуальна.
М. Гусоўскі стаў выдатным папулярызатарам гісторыі і культуры Беларусі на сусветнай арэне. Усе часткі “Песні пра зубра” аб’яднаны тэмай лёсу Бацькаўшчыны, адданасці роднай зямлі, беражлівых адносінаў да прыроды-матухны. Па сутнасці, аўтару ўдалося стварыць гімн прыгажосці роднай зямлі, чалавечаму розуму і духоўнай велічы. Зубр у творы – алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго магутнасці, а прырода – надзейная крыніца выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. Аўтар ашчадна ставіўся да фальклору беларускага народа. Прапагандаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі (“сем свабодных навук”), выступаў за творчае засваенне беларусамі антычнай міфалогіі і літаратуры, культуры, адводзіў мастацтву вялікую ролю ў выхаванні народа. М. Гусоўскі – пачынальнік жанра ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы, стваральні рэнесансавага мастацкага стылю ў літаратуры Беларусі.
На беларускую мову “Песню пра зубра” перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. Твор перакладзены таксама на полькую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.
Імя М. Гусоўскага ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар міжнарожных дат вялікіх дзеячаў славянскай культуры. Імем М. Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Сымон Будны нарадзіўся ў 1530 годзе і ўвайшоў у гісторыю як гуманіст, асветнік, філосаф, гісторык, філолаг, паэт Вялікага Княства Літоўскага. З 1558 года выкладаў на беларускай мове Катэхізіс у пратэстанцкай школе ў Вільні. З 1560 года жыў у Беларусі. У Клецку выконваў абавязкі пратэстанцкага прапаведніка. З Л. Крышкоўскім і М. Кавячынскім у Нясвіжы заснаваў друкарню і ў 1562 годзе выдаў па-беларуску “Катэхізіс” – першую на тэрыторыі Беларусі кнігу на беларускай мове. Была надрукавана таксама кніга “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”.
З сярэдзіны 1560-х гг. жыў у маёнтках магнатаў Кішкаў (Хоўхла, Заслаўе, Лоск), актыўна займаўся літаратурна-публіцыстычнай дзейнасцю. Выдаў Біблію (Нясвіж, 1572), Новы Запавет (Лоск, 1574). Дарэчы, прадмова і каментарыі да якога з’яўляюцца першай у сусветнай літаратуры спробай рацыяналістычнай крытыкі евангельскіх кніг. С. Будны таксама выдаў некалькі кніг пра чалавечую прыроду Хрыста (“Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры” (Лоск, 1576) і інш.). З’яўляецца аўтарам прадмовы да трактата Анджэя Мажэўскага Фрыча “Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай” (Лоск, 1577). У 1589 годзе ў Полацку палемізаваў з езуіцкімі тэолагамі. Апошнія гады жыў у Вішневе (Валожынскі раён), дзе і памёр.
Сымон Будны стаў прадаўжальнікам традыцый Францыска Скарыны. Даказваў неабходнасць засваення еўрапейскай культуры, створанай на розных мовах, у тым ліку на славянскіх. Не пагаджаўся з праваслаўнымі дзеячамі, якія імкнуліся адмежавацца ад заходнееўрапейскай культуры. С. Будны сцвярджаў нацыянальную годнасць славян, адзначаў багатыя духоўныя вытокі і здабыткі беларусаў, заклікаў да развіцця беларускай культуры на роднай мове. Ён аўтар эпікграм, напісаных гекзаметрам і прысвечаных не толькі беларускім магнатам (Я. Кішку, М. Дарагастайскаму, Х. Лясоце), але і простаму народу.
Катэхізіс С. Буднага перавыдаваўся ў Стакгольме ў 1628 годзе і ў Мінску ў 2005 годзе. У 1982 годзе ў Нясвіжы па вуліцы Міцкіча быў устаноўлены бронзавы помнік Сымону Буднаму. Ва ўзнятаў руцэ асветніка кніга з эмблемай сонца – сімвалам святла і ведаў (вышыня фігуры – 2,85 м., пастамента – 0,65 м. Скульптарам помніка з’яўляецца Святлана Гарбунова, архітэктарам — Юрый Казакоў).
Сёння, у ХХІ стагоддзі, мы, нашчадкі, павінны не толькі ведаць біяграфіі сваіх знакамітых папярэднікаў, не толькі па-сапраўнаму ганарыцца справай іх жыцця, але і працягваць яе.
К. КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца