Дзятлаўская арганізацыйная структура Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” правяла чарговы пленум, у час якога былі абмеркаваны надзённыя праблемы, адзначаны самыя ўдзельнікі таварыства, пераабраны савет арганізацыі.
Перад паляўнічымі і рыбаловамі, членамі раённай арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР” трымаў справаздачу па выніках 2014 года яе кіраўнік Аляксандр Шчыкарэвіч.
Па яго словах, на 1 студзеня 2015 года ў арганізацыі налічваецца 244 удзельнікі, 198 з якіх – з білетамі паляўнічага і рыбалова, 46 – з білетамі рыбалова. Аляксандр Іосіфавіч зазначыў, што шэрагі арганізацыі за апошні год папоўніліся менавіта рыбаловамі-аматарамі, бо ўдзел у таварыстве дае ім больш магчымасцяў пры лоўлі рыбы.
За мінулы год выручка арганізацыі склала 344 мільёны рублёў, асноўнай крыніцай даходу з’яўляецца выручка ад паляўніча-гаспадарчай дзейнасці – 232 мільёны рублёў (на 12% больш, чым у 2013-м).
Прытрымліваючыся канцэпцыі развіцця паляўнічай гаспадаркі, распрацаванай у Рэспубліцы Беларусь, дзятлаўская арганізацыйная структура РДГА “БТПР” праводзіць работу па замацаванні паляўнічых угоддзяў за першаснымі паляўнічымі калектывамі. На сёння ў арганізацыі іх 5 – Жукоўшчынскі (самы шматлікі), Наваельнянскі, Казлоўшчынскі, Дзятлаўскі, Дварэцкі. Таксама арганізацыя вядзе актыўную работу па зніжэнні колькасці асобных відаў жывёлін з мэтай прафілактыкі. Так, каб папярэдзіць распаўсюджванне шаленства, у мінулым годзе паляўнічыя арганізацыі знішчылі 172 лісіцы і 37 янотаў. З мэтай прафілактыкі афрыканскай чумы свіней удзельнікі таварыства актывізавалі здабычу дзікоў: было ўпалявана 147 асобін, усе яны знішчаны спальваннем.
На пленуме прысутнічаў начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Генадзь Шлыковіч, які нагадаў прысутным правілы вядзення палявання і рыбалкі ў вясновы перыяд.
Па выніках мінулага перыяду за актыўны ўдзел у справах арганізацыі і садзеянне развіццю паляўнічай гаспадаркі і ахове жывёльнага і расліннага свету граматамі таварыства, а таксама грашовымі прэміямі былі ўзнагароджаны С. М. Кучынскі, С. В. Кашко, В. П. Свіб, А. А. Тарасевіч, Д. В. Кулага, Г. Э. Гранкоўскі, А. Р. Лабар, А. І. Лявончык, А. А. Жыгала, В. Р. Малько, Ю. І. Міклаш, Ю. І. Мацюк.
Справаздачна-выбарны сход Дзятлаўскай арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР” традыцыйна завяршыўся выбарамі актыву. Згодна з адкрытым галасаваннем, старшынёй арганізацыі чарговы раз стаў А. Шчыкарэвіч. Акрамя яго, у праўленне арганізацыі ўвайшлі А. А. Жыгала, Г. М. Жых, А. Р. Лабар, В. П. Свіб.
Свае віншаванні ўзнагароджаным паляўнічым і рыбаловам, а таксама новаабранаму актыву арганізацыі адрасаваў намеснік старшыні абласной арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР” Марк Баранскі.
Н. АВЯРЧУК