Свята 3 ліпеня. Віншаванне ад старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка і ўручэнне сертыфіката аб занясенні ў Кнігу Славы (абноўлена)

Падзеі

Урачыстыя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь распачаліся 3 ліпеня на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве святочнай праграмай “Беларусь – мая слава, надзея і гонар”.

Танцавальную кампазіцыю прапанавалі гледачам артысты Дзятлаўшчыны, а затым віншавальную эстафету прадоўжыў Сяргей Малышчык “Песняй пра Дзятлава”. Віншавальную праграму доўжылі Ала Чарняўская, Аляксандра Апанасік, Алеся Чурай, Яна Мармыш, Генадзь Суравец.

Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён пажадаў жыхарам горада і раёна здароўя, міру, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, стабільнасці, поспехаў на карысць нашай Айчыны.

Затым адбылася ўрачыстая цырымонія занясення звестак пра выдатных жыхароў Дзятлаўшчыны ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

Кніга Славы была заснавана ў 2007 годзе, і захоўваецца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На яе старонках —  фотаздымкі і звесткі пра знакамітых людзей Дзятлаўшчыны. Цяпер там змешчаны 43 прозвішчы. Гэтых людзей ведае кожны дзятлаўчанін. Першым у Кнігу Славы былі занесены звесткі пра Ігната Сымонавіча Дварчаніна, вядомага беларускага вучонага, літаратара, публіцыста, грамадскага дзеяча.

Далей ідуць звесткі пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, лепшых працаўнікоў Дзятлаўшчыны, таленавітых людзей, умелых кіраўнікоў. Там ёсць звесткі пра Яна Фогеля, Іосіфа Філідовіча, Вячаслава Адамчыка, Віктара Шымука, Мікалая Несцярэўскага, Вольгу Пакроўскую, Арцемію Чурыла, Інэсу Зубрыліну…

Сёлета Кніга Славы папоўнілася яшчэ трыма прозвішчамі.

За шматгадовую, сумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё адукацыі раёна занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна звесткі пра Ганну Станіславаўну Урбановіч, настаўніцу матэматыкі гімназіі №1 горада Дзятлава, якая ў 2006 годзе адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня райвыканкама ўручыў Ганне Станіславаўне Урбановіч сертыфікат аб занясенні ў Кнігу Славы.

На старонках Кнігі Славы з’явяцца звесткі пра Яўгена Аляксеевіча Мацвеева, доктара-фтызіятра вышэйшай кваліфікацыі, узнагароджанага ў 1972 годзе значком “Выдатнік аховы здароў’я”, паэта і таленавітага майстра, які працаваў з дрэвам.

Папоўняць Кнігу Славы звесткі пра механізатара з СВК “Жукоўшчына”, адзначанага ў 2002 годзе медалём “За працоўныя заслугі”, Вячаслава Аляксеевіча Вайчыка. Яго шматгадовая, старанная праца, асабісты ўклад у развіццё селькай гаспадаркі Дзятлаўшчыны ўганараваны такім чынам.

Гэтыя людзі – Яўген Мацвееў і Вячаслаў Вайчык — пайшлі з жыцця, але памяць пра іх будзе жыць.

Яшчэ адну прыемную місію на ўрачыстасці давялося выканаць старшыні райвыканкама: уручыць медаль”100 год міліцыі” Валянціну Іосіфавічу Пачабыту.

Віншаванні са святам прымалі і ветэраны працы, якім ўручылі кветкі, падарылі песні.

І. Іванава

Фота Б. Варны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *