Спартыўную праграму першамайскага свята ў Дзятлаве традыцыйна склалі сем відаў спаборніцтваў: лёгкаатлетычныя эстафеты камандаў КФК прадпрыемстваў, арганізацый, установаў і школьных камандаў, лёгкаатлетычны забег “Міля Жалабоўскага”, турніры па шашках, гіраваму спорту, перацягванні каната, гонкі на ролікавых каньках і лыжаролерах.
Школьную эстафету па вуліцах горада, як і летась, выйгралі спартсмены СШ №3. У эстафетным забегу камандаў КФК сельгасарганізацый перамогу святкавалі лёгкаатлеты СВК “Слава працы”. У спаборніцтве камандаў установаў і прамысловых прадпрыемстваў перамаглі спатсмены аддзела адукацыі райвыканкама.
Лёгкаатлетычны забег “Міля Жалабоўскага” прысвечаны нашаму земляку – ураджэнцу Скіпоравічаў (Дзятлаўскі раён) Міхаілу Жалабоўскаму і мае за мэту прапаганду здаровага ладу жыцця, далучэння да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, у прыватнасці лёгкай атлетыкай. Стайер Міхаіл Жалабоўскі – майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен СССР на дыстанцыях 1500 і 5000 метраў, трохразовы пераможца матчавых сустрэчаў СССР – ЗША. Міхаіл Жалабоўскі ў складзе зборнай каманды СССР удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях 1968 года ў Мехіка. Спаборнічаў на дыстанцыі 1500 метраў (міля) і фінішаваў у паўфінальным забегу з часам 3.59. У дзятлаўскім забегу на “Мілю Жалабоўскага” ўдзельнічаюць аматары лёгкай атлетыкі розных узростаў. Сёлета абсалютнымі пераможцамі “мілі” сталі Максім Філідовіч (5.32,4) і Ірына Афанасенкава (7.18,5).
Пераможцамі гонкі на ролікавых каньках сталі Вадзім Дранковіч і Таццяна Стэцка.
У гонцы на лыжаролерах перамаглі Дзяніс Жых і Крысціна Загдай. Крысціна была пераможцай і леташняй гонкі.
Спаборніцтвы па перацягванні каната выйграла каманда КФК СВК “Граніт-Агра”. Летась гранітаўцы саступілі ў фінале камандзе СВК “Хвінявічы”, сёлета ўзялі рэванш за леташняе паражэнне. Канатчыкі СВК “Хвінявічы” занялі другое месца. Трэцяе месца падзялілі каманды СВК “Слава працы” і ЖКГ. Канатчыкі СВК “Слава працы” трэція былі і летась.
Нязменнаю засталася леташняя тройка прызёраў у спаборніцтвах па гіравым спорце. Спартсмены СВК “Хвінявічы” пацвердзілі свой узровень падрыхтоўкі і перамаглі другі год запар. Гіравікі СВК “Граніт-Агра”, якія летась былі трэція, узняліся на адну прыступку і занялі другое месца. На трэцяе месца з леташняга другога адступілі спартсмены СВК “Слава працы”. Індывідуальна лепшы вынік паказаў, як і летась, гіравік Аляксандр Пігульскі (СВК “Слава працы”). Летась на яго рахунку было 114 падняццяў гіры, сёлета – 146.
Па-ранейшаму, карыстаюцца ў дзятлаўчан папулярнасцю шашкі. Каля клетчатых дошак на плошчы “17 Верасня” было даволі шматлюдна. А перамагла каманда СВК “Слава працы”, на другім месцы – СВК “Хвінявічы”, на трэцім – ЖКГ.
Б. ВАРНА.