Шклавата — у рэжыме тэсціравання

Падзеі

У рамках рэалізацыі дзяржаўнага інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці шклаваты» згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ААТ «Шклозавод «Нёман» запушчана вытворчая лінія па выпуску сучасных цеплаізаляцыйных матэрыялаў з мінеральнай ваты на аснове шкловалакна, якія шырока прымяняюцца ў будаўнічай галіне пры ўцяпленні будынкаў і ў прамысловасці для цеплавой ізаляцыі.
З асартыментам, вобласцю прымянення, уласцівасцямі і характарыстыкамі выпускаемай гатовай прадукцыі са шкловалакна ААТ «Шклозавод» Нёман» можна азнаёміцца на сайце завода: www.neman.by
У красавіку ў новым цэху ААТ «Шклозавод» Нёман» было зварана першае шкловалакно. Але гэта не значыць, што ў той жа дзень цэх вытворчасці шклаваты запрацаваў на поўную праектную магутнасць. Гэта запланавана на май. Спачатку цэх працаваў у тэставым рэжыме: паэтапна, ад аднаго ўчастка да іншага адбываўся працэс канчатковай наладкі, рэгулявання, даводкі абсталявання. Паралельна вялося навучанне персаналу, удакладняліся разлікі па цэнаўтварэнні, пакет заказаў.
У гэты адказны перыяд мы вырашылі пабываць на адзінай, унікальнай для нашай краіны вытворчасці. На тэрыторыі прадпрыемства нас суправаджала намеснік дырэктара прадпрыемства Валянціна Набогез. Ля варотаў цэха было ажыўлена: з ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” прыбыла фура, гружаная адным з кампанентаў для падрыхтоўкі шыхты, з якой варыцца шклавата, — мелам. Пакуль пагрузчык, упэўнена манеўруючы паміж фурай і ўчасткам падрыхтоўкі шыхты, перамяшчаў біг-бэгі, напоўненыя мелам, у нас адбылася недоўгакароткая (з прычыны яго вельмі вялікай занятасці) гутарка з начальнікам вытворчасці шклаваты Юрыем Кісляком. “З кожным днём мы паступова павялічваем час работы абсталявання, — паведаміў Юрый Пятровіч, — і так будзе да таго часу, пакуль не стане ясна, што лінія гатова да бесперапыннай работы ўсе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Сёння, дарэчы, запланавана апрабацыя на працягу 8-10 гадзін”.
Калі лінія запрацуе на поўную магутнасць, яе сутачная прадукцыйнасць складзе да 50 тон шкламасы, з якой на выхадзе будуць атрыманы розныя гука- і цеплаізаляцыйныя вырабы (рулоны, пліты) зададзеных габарытаў і шчыльнасці. Памеры вырабаў могуць быць самыя розныя, а іх шчыльнасць — вагацца ад 10 да 100 кг/ куб. м. Усё залежыць ад канкрэтных пажаданняў заказчыка гатовай прадукцыі. Што ж тычыцца запатрабаванасці прадукцыі, то, па словах Юрыя Кісляка, заказы на яе пастаўку ўжо забяспечаны да канца года. У першую чаргу, бярозаўскай шклаватай будзе насычацца айчынны рынак, а потым 25-30% плануецца рэалізоўваць за мяжу.
Па меры таго як на пляцоўцы каля новага цэха павялічвалася колькасць упаковак з мелам, размова пераключылася на сыравіну. “У складзе шыхты айчынная сыравіна будзе складаць каля 80%, бо шклавата з’яўляецца імпартазамяшчальнай прадукцыяй, — растлумачыў начальнік вытворчасці. — Хоць, не выключана, што вытворчасць некаторых кампанентаў, якія мы цяпер імпартуем, з часам таксама наладзяць у нас у краіне”.
Вось-вось павінна было пачацца тэсціраванне аднаго з участкаў канвеера, і Юрый Пятровіч нас пакінуў. А Валянціна Набогез прапанавала ад гутаркі перайсці да агляду цэха. Мы пачалі яго з участка падрыхтоўкі шыхты. Самога працэсу падрыхтоўкі мы не ўбачылі, паколькі ён закрыты. Аўтаматычная сістэма дазавання і ўзважвання сама ў патрэбнай колькасці (паводле дакладнаму, загадзя зададзенаму складу) бярэ сыравіну з бункераў і адпраўляе ўсё ў змешвальнік. Таксама ў аўтаматычным рэжыме ў шкляную сумесь дадаецца шклабой і ўсё гэта з дапамогай аўтаматычнага пагрузчыка пераносіцца ў электрычную плавільную печ.
Печ знаходзіцца на самай верхняй пляцоўцы цэха, і мы, пераадолеўшы некалькі лесвічных пралётаў, аказваемся над сыравіннымі бункерамі, на ўзроўні трэцяга паверха. Тут мы назіраем дзівосны малюнак, як расплаўленая шкломаса тонкім вогненна-жоўтым струменьчыкам сцякае з печы ва ўстаноўку валокнаўтварэння. З гэтай пляцоўкі, калі глядзець уніз, адкрываецца ўражлівая панарама цэха.
Трапіўшы ва ўстаноўку валокнаўтварэння, шкло пераходзіць у сістэму цэнтрыфугі. Менавіта на гэтым этапе (шляхам распылення ў цэнтрыфузе) адбываецца ператварэнне расплаўленай масы ў шкловалакно. Пасля гэтага валакно пакрываецца адмысловым злучаючым рэчывам (смалой), якое дазваляе надаць дывану шклаваты жаданыя механічныя ўласцівасці (пругкасць, устойлівасць, кансістэнцыю). Пакрытыя смалой валокны гарачым паветрам выдзімаюцца на канвеер. Мы спусціліся ўніз і якраз засталі момант, калі беласнежная пухнатая маса толькі-толькі пачала “выплываць” дываном на стужку канвеера. Пухнаты пласт, першасны дыван, які павольна рухаецца па канвеернай стужцы, не мае пастаяннай таўшчыні. Аказваецца, дыван яшчэ павінен прайсці камеру полімерызацыі, дзе пад уздзеяннем высокіх тэмператураў набудзе жаўтаватае адценне і будзе спрасаваны да жаданай таўшчыні.
Пачатковы працэс атрымання шкловалакна для ўсіх відаў вырабаў аднолькавы. А на наступных этапах для кожнага вырабу — свая праграма. Да дня нашага прыезду вытворчасць плітаў са шкловалакна яшчэ не адладжвалася. Але на ўстаноўцы ў самым канцы вытворчай лініі ўжо можна было ўбачыць другі від прадукцыі — гатовы рулон са шклаваты з фірмовым гандлёвым знакам “Нёман Glasswool”.
Калі мы пакінулі памяшканне, звонку я зрабіла здымак самога будынка цэха. Прыгожы корпус я здымала не ўпершыню, але на гэты раз было адрозненне: над самым верхам велізарнай 50-метровай трубы злёгку віўся дымок як веснік таго, што вытворчасць ажыла. “Між іншым, дадзеная вытворчасць абсталявана вельмі магутнай сістэмай улоўлівання шкодных рэчываў, і ў яго экалагічнасці можна не сумнявацца. А труба — адзін з элементаў ачысткі”, — патлумачыла Валянціна Набогез.
Мы пайшлі, а ў цэху, нягледзячы на тое, што па календары быў выхадны, працягваліся напружаныя работы па даводцы абсталявання. Спецыялісты стараліся, каб да дня афіцыйнага адкрыцця цэха ў ім сінхронна ўсё працавала.
С. МЕДУНІЦА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *