9 мая ў Дзятлаве прайшлі святочныя мерапрыемствы да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Цэнтрам іх правядзення сталі Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, размешчаны побач з ім парк. Тут жыхароў і гасцей горада віталі Горад майстроў, тэматычныя пляцоўкі сельгаспрадпрыемстваў раёна, працавалі харчовыя кропкі раённага спажыўтаварыства, «палявая пошта» раённага вузла сувязі. Таксама дзейнічалі гульнёвыя атракцыёны для дзяцей, выстава-галерэя дзіцячай творчасці «Фарбы Перамогі». Напярэдадні свята юныя мастакі таксама прымалі ўдзел у конкурсе «Мы малюем Перамогу». Лепшымі ў ім сталі Мікіта Жынко, Кацярына Роўба, Вольга Лянная, Ульяна Баранава, Таццяна Візгір.
Распачаліся святочныя мерапрыемствы з хвіліны маўчання. Такім чынам у 11 гадзін 8 хвілін Дзятлаўшчына далучылася да аднайменнай агульнарэспубліканскай акцыі, якой беларусы ўшанавалі светлую памяць загінулых герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Канцэртную эстафету ўрачыстых мерапрыемстваў пачало выступленне-дэфіле Наваельнянскага духавога аркестра. У выкананні артыстаў прагучала папуры на тэму вядомых песень Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага часу. Эстафету падхапілі народны хор ветэранаў «Ветэраны ў страі» пад кіраўніцтвам Таццяны Шостка, вучні ўстановаў адукацыі. Дзеці падрыхтавалі канцэртную праграму «Вам, ветэраны, — нашы таленты!». Акрамя гэтага, адбыліся выязныя міні-канцэрты мабільных брыгад на вуліцах Дзятлава.
Песні Вялікай Перамогі гучалі таксама на тэматычных пляцоўках СВК Дзятлаўшчыны.
Тут жа працавалі палявая кухня і палявая пошта. А гаспадары этнаграфічнай пляцоўкі «Скарбы зямлі дзятлаўскай» прапаноўвалі ўдзельнікам свята выпрабаваць сваю ўдачу ў стараўдаўняй народнай гульні «У пікара».
Дэкаратыўнай прыгажосцю вітаў дзятлаўчан Горад майстроў, дзе працавала выстава- продаж. На ёй можна было набыць упрыгажэнні, сувеніры, карціны. Працавала бяспройгрышная латарэя. Сваё дэкаратыўнае майстэрства на выставе прадэманстравалі Вольга Мазура, Святлана Далжэнка, Галіна Богдан, Алена Шалесная, Таццяна Загорцава, майстры раённага Дома рамёстваў, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзялення «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
На пляцоўцы раённага камітэта ГА «БРСМ» дзятлаўчане маглі паўдзельнічаць у флэш-моб акцыі «Дзякуй за Перамогу»: пакінуць на плакаце свае пісьмовыя пажаданні, словы ўдзячнасці ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Таксама раённы камітэт ГА «БРСМ» праводзіў выставу «Фотасушка. «Кветкі Вялікай Перамогі». На фотаздымках былі прадстаўлены фрагменты з мірнага жыцця ветэранаў вайны, іх сустрэчы са школьнікамі, моладдзю раёна.
Героям Вялікай Айчыннай вайны была прысвечана перасоўная дакументальная выстава Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея «Салдаты Перамогі». У экспазіцыі былі размешчаны пасведчанні, аўтабіяграфіі, узнагародныя лісты камандзіра 556-га стралковага палка 169 стралковай дывізіі П.В. Качуры, удзельніка абароны Масквы, удзельніка Парада Перамогі ў Маскве І. Ф. Хацько, партызана брыгады імя Кірава Б.І. Канановіча, кавалера ордэна Славы трэцяй ступені М. Ю. Бранкоўскага, удзельніка баёў за вызваленне Ленінграда І.П. Мяцеліцы, члена Яварскай падпольнай арганізацыі У. І. Белага, удзельніц абароны Сталінграда М. В. Ільюшэнкі і М. М. Пуйта, удзельніка беларускага аддзялення казачага дывізіёна С. І. Лейкі. Таксама на выставе была прадстаўлена літаратура аб вайне, газеты 1945-года.
Вечаровую частку праграмы склаў песенны марафон, які праходзіў на плошчы 17 Верасня. Свае лепшыя музычныя нумары дзятлаўчанам падарылі Ганна Харлінская, трыа «Індзіга», Сяргей Рудоль, Яна Мармыш, Аксана Кашляк, Таццяна Дудкіна, Ала Чарняўская, Валерый Герасіменка і іншыя самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны.
А ў 11 гадзін вечара неба над Дзятлавам упрыгожыў святочны салют — як сімвал Вялікай Перамогі, мірнага жыцця.
А. ДУБРОЎСКАЯ