Падарунак ад ветэрана

Падзеі

Ціхі, утульны падворак, маленькая хата. Сюды прыходзім мы з навучэнцамі Наваельнянскай сярэдняй школы, каб аказаць дапамогу гаспадыні, пенсіянерцы, добрай, гасціннай і вясёлай жанчыне — Ганне Канстанцінаўне Кізік (у дзявоцтве Дзяхцевіч).

Сёлета напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі Ганна Канстанцінаўна наведала музей нашай школы «Дзеці ліхалецця» і прынесла сюды рэчы свайго мужа — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Яўграфавіча Кізіка, 1918 года нараджэння. Сам ветэран ужо памёр, але яшчэ пры жыцці папрасіў жонку перадаць у школьны музей свае баявыя ўзнагароды, падзякі, фотаздымкі, дакументы. Цяпер яго пажаданні ажыццявіліся, шкада толькі, што самі ўзнагароды кудысьці зніклі, затое захаваліся дакументы на некаторыя з іх.

Нарадзіўся Іван Яўграфавіч на Віцебшчыне. Пачынаў свой вайсковы шлях слухачом курсаў малодшых лейтэнантаў. У 1941-1942 гадах быў камандзірам узвода коннай разведкі, з 1942 па 1943 год — камандзірам аўтаматчыкаў 229 стралковай дывізіі Ленінградскага фронту, у 1943-1946 гг. камандаваў ротай аўтаматчыкаў 9-й паветранай дэсантнай брыгады Украінскага фронту.

З Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся інвалідам другой групы: меў тры раненні. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі «Чырвонага сцяга», «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны 1-й ступені», медалямі «За абарону Ленінграда», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй», «40 гадоў Перамогі», юбілейнымі медалямі.

Жонка ветэрана, Ганна Канстанцінаўна, хоць сама і не з’яўляецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, але, як і ўсе людзі таго пакалення, зведала шмат гора і выпрабаванняў. Нарадзілася яна ў вёсцы Руда Яварская. Калі вёска была захоплена ворагамі, узгадвае Ганна Канстанцінаўна, ёй было толькі 15 гадоў. Іх хата была на ўскрайку, і маці ўпотай пякла хлеб, гатавала ежу для партызанаў. Хутка пра гэта даведаліся немцы. Расстраляны былі ўсе члены сям’і — 9 чалавек: маці і бацька, дзве сястры — Марыя і Валянціна, два браты — Мікалай і Вінцук, братава жонка і двое іх дзяцей. І толькі Ганне Канстанцінаўне пашчасціла застацца ўжывых: у той момант яна знаходзілася ў суседкі. Ганна была падлеткам. І сёння са слязамі на вачах яна расказвае, як хадзіла да немцаў прасіць дазволу на пахаванне родных. Сама збіла труну, у якую паклала маці і дзвюх сясцёр. Побач у адну магілу паклала бацьку і астатніх памерлых родных. Накрыла іх зверху хусткай, засыпала зямлёй.

Нялёгка давялося дзяўчыне адной без сям’і. Але яна працягвала жыць, дарыць цяпло сваёй душы людзям. Доўгі час працавала ў Наваельнянскай гарпасялковай бальніцы. Калі пайшла на пенсію, наведвала вечары ў мясцовым Доме культуры, спявала ў хоры, выступала з песнямі і гумарэскамі на канцэртах.

Цяпер Ганне Канстанцінаўне 86 гадоў. Яна клапатлівая гаспадыня і цудоўны чалавек. Успаміны пра Вялікую Айчынную вайну часта непакояць жанчыну, але, магчыма, яны і дапамагаюць ёй працаваць і жыць далей. Мы жадаем Ганне Канстанцінаўне моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Г. КУЛЕШ,
настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *