Здаўна вышыўка з’яўлялася адным з самых запатрабаваных відаў рукадзелля. Вышытыя гладдзю або крыжыкам арнаменты на вопратцы, сурвэтках, ручніках надавалі ім адметны стыль, узровень якога залежаў ад майстэрства рукадзельніцы.
Такія ўзоры-вышыванкі былі не толькі ўпрыгожаннем, але яшчэ і абярэгам. Асабліва гэта датычылася вышыўкі крыжыкам, які ў вераваннях славян меў сілу адганяць усё злое. І майстрыца, аздабляючы ўзорамі кашулю або ручнік, нібыта надавалі вырабу магічныя ўласцівасці. Найбольш каштоўнымі ў гэтых адносінах лічыліся ручнікі, вышытыя за адзін дзень. Часцей за ўсё над імі працавалі некалькі жанчын адначасова. Калі, пачаўшы работу на світанку, яны паспявалі закончыць яе да таго часу, як схаваецца за небасхіл сонца, то выраб лічыўся бездакорна чыстым, здольным аберагаць ад злых сілаў і розных хваробаў.
Вось такая цікавая гісторыя ў адной з папулярных і цяпер дэкаратыўных тэхнік, якой у вольны час можа заняцца кожная жанчына. Сярод іх ёсць і сапраўдныя майстрыхі. З дапамогай нітак і іголкі яны ствараюць шыкоўныя карціны, якія радуюць вока сваёй прыгажосцю. Аматарам вышыўкі з’яўляецца і дзятлаўчанка Іна Пятроўна Лаўнік, кантралёр вытворчага ўпраўлення «Дзятлаварайгаз».
У дзяцінстве матуля навучыла яе вязаць спіцамі. Аднак знайшла сябе жанчына ў вышыўцы. Захапілася ёю Іна Пятроўна толькі дзевяць гадоў таму. Пачынала з карцін-мініяцюр, паступова перайшла да складаных работ, вышыўка якіх займае 2-3 месяцы. І гэта пры ўмове, што вышываць трэба амаль кожны дзень па 2-3 гадзіны. Майстэрства вышыўкі асвойвала, прыслухоўваючыся да парадаў ужо вопытных рукадзельніц, у ліку якіх майстрыца з Наваельні Сняжана Піцур.
За гады захаплення рукадзеллем Іна Пятроўна вышыла 80 карцін, многія з якіх былі зроблены на заказ або ў падарунак. У ліку такіх работ і партрэт Майкла Джэксана. Вышыць яго Іну Пятроўну папрасіла дачка — прыхільніца творчасці гэтай сусветнай зоркі. Вышыўка карціны заняла амаль тры месяцы, для яе спатрэбіліся ніткі 59 колераў (адценняў жоўтага — толькі 6!), а яшчэ — шмат уседлівасці і цярпення. Менавіта назапасіць гэтыя якасці Іна Пятроўна раіць тым, хто яшчэ толькі хоча заняцца рукадзеллем. Сёння гэтаму садзейнічае і інтэрнэт, дзе можна знайсці схемы для вышывання. Нават, адзначыла Іна Пятроўна, ёсць праграма, якая ператварае малюнак у схему для вышывання. Цікава ведаць і тое, што сёння ёсць і ніткі, якія дазваляюць вышыць карціну ў фармаце 3D.
Для Іны Пятроўны вышыўка карцін — гэта і хобі, і работа, і адпачынак ад стомленасці.
— Калі ў мяне кепскі настрой, я адкладваю ўсе хатнія справы, саджуся за вышыўку, — зазначае майстар. — Такім чынам, сваю кепскую энергію «трансфармірую» ў належнае русла.
Шэраг вышытых карцін упрыгожваюць кватэру Іны Пятроўны. У хатняй галерэі прысутнічаюць і нацюрморты, і кветкавыя кампазіцыі, ёсць і ўсходнія матывы, а таксама выявы праваслаўнага і каталіцкага храмаў.
Мае Іна Пятроўна і адпаведныя схемы для вышыўкі іконаў. Аднак пакуль з гэтым жанчына не спяшаецца, лічыць, што такі крок павінен быць духоўна асэнсаваным.
Акрамя карцін, Іна Пятроўна вышывае і сурвэткі на стол, мяркуе вышыць і абрус. А вось да вяселля дачкі жанчына вышыла ручнік, уклаўшы ў яго чырвона-зялёныя арнаменты сваю мацярынскую любоў і благаславенне на шчаслівае сямейнае жыццё.
Дарэчы, дачка, таксама як і Іна Пятроўна, захапляецца вышыўкай, а яшчэ майстэрствам фатаграфіі. На фотаздымках ёсць і выявы вышытых мамай работ. Ствараецца гэтакае прафесійнае партфоліа, знаёмячыся з якім здзіўляешся таленту майстрыхі, якая адлюстроўвае прыгажосць з дапамогай каляровых нітак, манахромнай вышыўкі. Апошняя — своеасаблівая ніткавая графіка, калі пры вышыўцы карціны выкарыстоўваюцца ніткі пераважна аднаго колеру. Часцей за ўсё чорныя.
Як майстар вышыўкі Іна Пятроўна неаднаразова ўдзельнічала ў шматлікіх кірмашах-выставах. А яшчэ яе майстэрства было адзначана ўзнагародай па выніках выставы, якую некалькі гадоў таму праводзіла вытворчае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Гроднааблгаз». Тады Іна Пятроўна атрымала грамату першай ступені.
А. ДУБРОЎСКАЯ