Мае падарожжы ў Брэст і Хатынь

Падзеі

Я са сваёй сям’ёй люблю падарожнічаць. Віды транспарту ў нашых падарожжах часта змяняюцца: ад аўтобуса і аўтамабіля – да веласіпеда і байдаркі залежна ад маршрутаў. І кожнае падарожжа варта доўгага расказу.
У гэтым годзе мы святкуем 70-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Таму я раскажу пра свае падарожжы ў Брэсцкую крэпасць і мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

Наша сямейная паездка ў Брэсцкую крэпасць планавалася цэлы год. І вось 22 чэрвеня 2014 года ў 4 гадзіны раніцы мы апынуліся ў крэпасці. Летась наша краіна адзначала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму мітынг-рэквіем, які праходзіць у крэпасці штогод, быў асаблівы – прыехала вельмі многа гасцей. Самым запамінальным для мяне і маёй малодшай сястры Сашы ўражаннем ад гэтай паездкі стаў вялікі гадзіннік у крэпасці, які адлічваў апошнія хвіліны мірнага жыцця. Нам было вельмі страшна: мы стаялі і чакалі нечага жудаснага. Крапаў дождж, было холадна і цёмна. Я ўзяла тату за руку. Вакол нас было вельмі многа людзей. І мне стала яшчэ болей страшна з-за таго, што ў гэтым натоўпе, да ўсяго іншага, я магу і згубіцца.

А потым мы былі на рэканструкцыі падзеяў пачатку вайны каля Кобрынскай брамы. Там было так: спачатку мірна танцавалі людзі, а потым з’явіліся немцы, паехалі машыны з пушкамі, пайшлі салдаты са зброяй. Калі пачалі рвацца снарады, змушаючы ўздрыгваць усіх гледачоў, мне здалося, што напраўду пачалася вайна. Мая сястра нават заціснула вушы і прыціснулася да бацькоў.

Першыя, каму я расказала пра свае ўражанні ад паездкі, былі мае аднакласнікі. Мой аповед іх уразіў. І калі наш клас вырашаў, куды паехаць на канікулах, аднакласнікі назвалі Брэсцкую крэпасць. І мы паехалі. Праўда, на гэты раз не 22 чэрвеня, а ў студзені, але ўсё роўна было вельмі цікава.

Чаму я цяпер пра гэта расказваю? Таму што ў год 70-годдзя Перамогі хачу, каб гэта месца наведалі як мага больш людзей. Ды і сама хачу зноўку пабыць у Брэсце і аддаць даніну памяці героям Брэсцкай крэпасці.

Яшчэ я хачу расказаць пра сваю другую паездку з сям’ёй да мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. У Хатыні я адчула сябе такою безабароннаю і слабою перад людскою жорсткасцю і бязлітаснасцю. Я вельмі доўга не магла зразумець, як можна было такое ўчыніць з невінаватымі дзецьмі і старымі людзьмі. Як стаяла каля дзіцячых цацак, што прыносяць наведвальнікі комплексу да “Сцяны памяці”, мне здалося, што я пачула дзяцей, якія загінулі. І праз гэта мне стала яшчэ болей страшна.

У Хатынь прывезены капсулы з зямлёю тых вёсак, жыхароў якіх спалілі фашысты. Мы ведалі, што ёсць такія вёскі і ў нашым Дзятлаўскім раёне. Хацелі знайсці іх на “могілках вёсак”, каб ушанаваць памяць загінулых хвілінай маўчання і букетамі кветак, але не змаглі. Затое мы знайшлі нашы вёскі на сімвалічным “дрэве жыцця”. Мы ўзрадаваліся, бо гэта азначала, што вёскі былі адноўлены пасля вайны і ў іх прадоўжылі жыць людзі.

Я думаю, што наступным маім падарожжам з аднакласнікамі будзе паездка ў Хатынь. Пасля наведвання такіх месцаў пачынаеш больш шанаваць пераможцаў над фашыстамі, помніць пра іх. Таму мы і ствараем у нашым класе электронную “Кнігу памяці”, у якой збіраем інфармацыю пра родных людзей, знаёмых тых, хто ўдзельнічаў у бітвах, жыў у акупацыі ў час вайны, знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах. Нам трэба спяшацца, бо адыходзяць ад нас людзі – сведкі тых страшных дзён.

А яшчэ я хачу сказаць вялікі дзякуй усім ветэранам, абаронцам, якія падарылі мне мірнае неба і дзяцінства.

Ксенія ПЯКАРСКАЯ,
вучаніца 6 “А” класа Казлоўшчынскай школы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *