Крымінальнае праследаванне нацысцкіх злачынцаў

Падзеі

Навукова-практычная канферэнцыя пад такой назвай для журналістаў абласных і рэгіянальных газет прайшла ў Гродне. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел работнікі і ветэраны пракуратуры Гродзеншчыны.

Пракурор Гродзенскай вобласці В. Марозаў зазначыў, што мінула 70 гадоў з таго часу, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, але і сёння не губляе сваёй актуальнасці праблема справядлівага пакарання нацыстаў і іх служкаў за ўчыненыя ліхадзействы. Беларусь — адна з краін, якія найбольш пацярпелі ад вайны: загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. З тэрыторыі акупаванай БССР нямецка-фашысцкімі захопнікамі вывозіліся матэрыяльна-культурныя каштоўнасці, тысячы беларусаў трапілі ў германскае рабства, знішчалася мясцовае насельніцтва. Восенню 1945 года ў Нюрнбергу пачаўся Міжнародны ваенны трыбунал над галоўнымі ваеннымі злачынцамі, гэты працэс назвалі «Судом гісторыі». У студзені 1945 года ў Мінскім акружным Доме афіцэраў слухалася справа 85 нацыстаў вышэйшага рангу, прыгавор быў публічна прыведзены ў выкананне. Але і гэта на дазволіла паставіць кропку ў крывавай справе фашызму. З кожным годам высвятляліся новыя эпізоды.
Шмат гадоў недалёка ад беларускіх лясоў, у дастатку, пашане, не хаваючыся, жыў Рыгор Васюра. Працаваў намеснікам дырэктара саўгаса «Вялікадымерскі» Броварскага раёна Кіеўскай вобласці, лічыўся аўтарытэтным начальнікам. Кожны год на 9 Мая віншавалі ветэрана Васюру піянеры. Але ў яго біяграфіі была адна пляма: меў судзімасць, але за што — ніхто даўно не памятаў. Асудзілі Васюру адразу пасля вайны за тое, што ваяваў з разам немцамі (трапіў у палон, не выцерпеў жахаў канцлагера, пайшоў на службу да ворага). Тады шмат чаго ўтаіў былы лейтэнант Васюра, атрымаў тэрмін, але і яго не адсядзеў — выйшаў па амністыі ў 1955-ым.
На 40-годдзе Перамогі Рыгор Васюра, як ветэран, звярнуўся ў ваенкамат з просьбай даць яму юбілейную ўзнагароду. У ваенкамаце пачалі вывучаць дакументы. Высветлілася, што Васюра лічыўся прапаўшым без вестак з пачатку вайны. Чым ён займаўся да ўступлення ў Чырвоную Армію, было невядома.
Высвятленнем акалічнасцяў разам са следчай групай заняўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны, тагачасны эксперт-крыміналіст па асабліва важных справах упраўлення КДБ Гродзенскай вобласці, цяпер ветэран праваахоўных органаў Яўген Мікалаевіч Далідовіч. Менавіта ён і выступіў сёлета на канферэнцыі перад журналістамі з успамінамі:
— Сёння ўсяму свету вядома, што трагедыя беларускай вёскі Хатынь на Лагойшчыне, спаленай разам з жыхарамі ў сакавіку 1943 года, жорсткія расправы з партызанамі і мірнымі жыхарамі Міншчыны, Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці — справа рук паліцаяў 118-га ўкраінскага батальёна, далейшы шлях якіх пралягаў па Гродзенскай вобласці. Рыгор Васюра, Васіль Мялешка, Рыгор Лакуста — імёны карнікаў, асуджаных да справядлівага пакарання ў 1986 годзе.
Пасля Хатыні яны накіраваліся далей на захад. Наступным злачынствам вылюдкаў стала забойства начальнікам штаба батальёна Рыгорам Васюрам ні ў чым не вінаватага падлетка па прозвішчы Пудзелка на станцыі Наваельня Дзятлаўскага раёна. У хлопца, які бег па пероне, бразгала накрыўка чайніка. Васюры гэта не спадабалася. Ён стрэліў падлетку ў галаву з пісталета.
У ліпені 1943-га батальён на працягу двух тыдняў знаходзіўся ў Навагрудку, затым быў накіраваны ў Налібоцкую пушчу для ўдзелу ў карнай аперацыі «Герман» супраць партызан і мірных жыхароў.
Ледзь не пацярпела ад паліцэйскіх 118-га батальёна Люда Сечка з вёскі Чарэшля Навагрудскага раёна. Сувязную партызанскага атрада імя Катоўскага выратавала ад расправы тое, што ніхто пра яе дзейнасць не ведаў. Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі яе прывезлі на станцыю Наваельня, адкуль здзяйснялася адпраўка моладзі ў германскае рабства. Да Германіі Люда не даехала: каля Баранавічаў у прыцемках выскачыла з цягніка і вярнулася ў атрад.
Карная аперацыя «Герман» доўжылася з 4 ліпеня па 9 жніўня 1943 года. У сталіцу рэйха паведамлялі, што на тэрыторыі Навагрудскага, Іўеўскага, Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці, Валожынскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці ў час аперацыі забілі 4280 партызан, узялі ў палон 6654 чалавекі, у якасці рабочай сілы захапілі 9065 мужчын, 7801 жанчыну, 4178 дзяцей, спалілі каля 75 населеных пунктаў.
На справе было інакш: партызаны ўступалі ў бой, але такіх ахвяр не панеслі, у палон ніхто не здаваўся, калі бачылі няроўнасць сіл, адыходзілі ў лес. За перададзенай у Берлін статыстыкай забітых і палонных стаялі пераважна жыцці мірных жыхароў, якія дапамагалі партызанам.
У Налібоцкай пушчы, ля вёскі Каменная Слабада, знайшлі сабе сховішча некалькі яўрэйскіх сем’яў з Іўя і суседніх вёсак (Бакшты, Ладзуны). Жанчыны, дзеці, старыя жылі ў трох зямлянках. Карнікі 118-га батальёна закідалі зямлянкі з людзьмі гранатамі. Жахлівыя сляды таго злачынства праз чвэрць стагоддзя ўбачылі гродзенскія следчыя, якія вывучалі шлях карнага батальёна па беларускай зямлі.
У жніўні-верасні 1943 года 118-ы батальён удзельнічаў у карнай аперацыі «Вандсберг» у Ліпічанскай пушчы, на тэрыторыі Слонімскага, Дзятлаўскага, Мастоўскага раёнаў. Пасля штаб батальёна разам з шэфам — немцам Кёрнерам — і здраднікам Васюрам, размясціўся ў Слоніме, а роты — у раёне вёсак Альберцін і Дзераўная. Кёрнер трымаў справаздачу аб выніках карнай аперацыі ў Ліпічанскай пушчы перад гаўляйтарам Кубэ, генерал-маёрам паліцыі фон Готбергам. Тады батальёну прысвоілі іншы нумар (63 замест 118), змянілі форму адзення (з рыжых латвійскіх даваенных мундзіраў — на зялёныя нямецкія з карычневым каўняром).
У кастрычніку 1943-га батальён перавялі ў Лідскі раён, куды Васюра перавёз сваю сям’ю. Тут у яго нарадзілася дачка. Каб адсвяткаваць народзіны, абрабавалі навакольныя вёскі: адабралі ў людзей прадукты харчавання, свойскую жывёлу, самагон.
На пачатку ліпеня 1944 года 63-і батальён знаходзіўся ў Гродне, у час адступлення гітлераўцаў прыбыў у польскі горад Ломжу. Са сваёй сям’ёй (жонкай і трыма дзецьмі, народжанымі ў час вайны) адступаў на захад Васюра. На некалькіх фурманках везлі нарабаваную ім маёмасць.
…Летам 1944 года ў французскім горадзе Страсбургу гітлераўцы сфарміравалі з паліцэйскіх 62-га і 63-га батальёнаў, якія адступілі з тэрыторыі Украіны і Беларусі, брыгаду імя Зінгеля. Яна вяла баі з французскімі партызанамі і народнымі апалчэнцамі. Частка паліцэйскіх з ліку радавых напярэдадні капітуляцыі Германіі далучылася да французскага Руху супраціўлення. Але большасць працягвала служыць рэйху, пасля старалася ўхіліцца ад рэпатрыяцыі на Радзіму. Каму гэта ўдалося, рассяліліся па ўсім свеце. Так 93-гадовы Уладзімір Катрук (кулямётчык 118 карнага батальёна, удзельнічаў у расправе над жыхарамі Хатыні) сёння жыве ў Канадзе. Васюру, Мялешку, Лакусту ў 1986 годзе прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.
Сёння нельга замоўчваць падзеі мінулага, людзі павінны ведаць усю праўду, якой горкай яна ні была б. Не ўсвядоміць, не асудзіць такое ліхадзейства, значыць даць яму прарасці ў будучым.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *