Днямі юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.” быў уручаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Аляксандравічу Валуевічу. З 1944 года ён абараняў Радзіму ў складзе партызанскай брыгады імя Дзяржынскага, атрада імя Жданава. Партызаны дзейнічалі на малой радзіме ветэрана – у раёне вёсак Ходасы, Чарэшня, Баграва. Усяго ў брыгадзе было звыш 1200 чалавек. Як узгадвае сам партызан: “Не было і дня, каб мы проста сядзелі, кожны дзень нешта адбывалася. Хадзілі ў дазор, рабілі падрывы на чыгунцы, сядзелі ў засадзе. У нашым атрадзе было каля 200 чалавек”. Пасля перамогі, у 1945 годзе, А. Валуевіч змагаўся з паследкамі вайны: суправаджаў калону палонных фашыстаў у Мінск, амаль месяц ахоўваў пасадачную паласу за 18 км ад Стаўбцоў. А пасля вайны прысвяціў сваё жыццё школе, дзе адпрацаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры 45 гадоў.
Тэкст Л. СУР’ЯНІНАВАЙ