У Год моладзі пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце быў створаны каардынацыйны савет па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі. Нядаўна прайшла каардынацыйная нарада, на якой быў зацверджаны план работы і абмеркаваны шэраг пытанняў, якія тычацца жыцця моладзі раёна.
Аб выкананні мерапрыемстваў комплексу мераў па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Дзятлаўскім раёне ў 2015 годзе і плане мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года моладзі расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Я. Калодка. Наталля Яўгенаўна зазначыла, што асноўнымі накірункамі ў рабоце, як і раней, будуць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прафілактыка супрацьпраўных паводзінаў, фарміраванне здаровага ладу жыцця, замацаванне маладых спецыялістаў у арганізацыях і гаспадарках раёна, другасная занятасць моладзі, дзяржаўная падтрымка і сацыяльныя гарантыі, дзейнасць моладзевых грамадскіх аб’яднанняў. Ад працоўнай моладзі сёлета чакаюць большай актыўнасці і ініцыятывы. Н. Я. Калодка падкрэсліла, што работа, якая праводзіцца ва ўстановах, арганізацыях і гаспадарках раёна, павінна адлюстроўвацца на іх сайтах і дошках інфармацыі. Там павінна размяшчацца і ўся актуальная інфармацыя ў дапамогу маладым спецыялістам (аб ільготным крэдытаванні, будаўніцтве жылля). Ад старшыні Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў А. Д. Сатарава паступіла прапанова на сайце райвыканкама стварыць банк даных сайтаў установаў і арганізацый раёна. Таксама плануецца размяшчаць важную для моладзі інфармацыю ў групе Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» «ВКонтакте» і на дзятлаўскіх сайтах.
Цяпер у раёне актыўна ідзе падрыхтоўка да конкурсу «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя». Пакуль паступілі 8 заявак на ўдзел, але ад маладых спецыялістаў раёна чакаюць большай актыўнасці. Усім удзельнікам конкурсу арганізатары абяцаюць аказаць кансультацыйную і практычную дапамогу.
З дакладам «Аб рэалізацыі адказна значных моладзевых ініцыятываў напярэдадні 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб павелічэнні колькасці моладзі ў шэрагах раённай арганізацыі ГА «БРСМ» выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чурай. Яна расказала, што на Дзятлаўшчыне ўжо стартаваў рэспубліканскі моладзевы праект «Кветкі Вялікай Перамогі». Моладзь прадаўжае ўзаемадзейнічаць з раённым саветам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў па аказанні шэфскай дапамогі ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, абавязкова будзе віншаваць іх з Днём Перамогі. Запланавана рэалізаваць шэраг тэматычных мерапрыемстваў: раённыя этапы рэспубліканскіх праектаў «Вясна 45-га года», «Дзякуй за жыццё», правесці ўсебеларускую патрыятычную акцыю ГА «БРСМ» і ГА «БРПА» «Пісьмо пераможцам», раённую патрыятычную акцыю «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны», адкрыць патрыятычныя фотавыставы «Разам дом пабудуем», «Жывая гісторыя», «Раўненне на Перамогу», правесці працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, завяршыць патрыятычны праект «Мая кінастужка аб вайне». Працоўны семестр «Лета-2015» на Дзятлаўшчыне таксама будзе прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Сумесна з ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» моладзь правядзе акцыю па пасадцы 70 бярозак у аграгарадку Вензавец. Запланаваны ўдзел саюзнай моладзі ў правядзенні агітцягніка канцэртных агітбрыгадаў «Салют Перамогі», аўтапрабега па мясцінах баявой славы Гродзенскай вобласці «Моладзь за Перамогу». У маі ў час мітынгаў пройдуць урачыстыя прыёмы ў шэрагі ГА «БРСМ», традыцыйныя камсамольскія вахты памяці.
Што тычыцца колькасці членаў раённай арганізацыі ГА «БРСМ», то на 1 красавіка 2015 года ў ёй налічваецца 1315 чалавек, гэта 53 першасныя арганізацыі. Раённы камітэт і надалей прадоўжыць актыўную работу па павелічэнні колькасці членаў раённай арганізацыі ГА «БРСМ».
І. КАЎКЕЛЬ