Сустрэлі Ўваскрэсенне Хрыстова

Падзеі

5 красавіка вернікі-каталікі адзначылі Уваскрэсенне Хрыстова. У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве велікодная служба распачалася з урачыстай працэсіі, так званай рэзурэкцыі, што ў перакладзе з лацінскай мовы значыць «уваскрэсенне».

У час шэсця, якое пачалося на досвітку, а шостай гадзіне раніцы, дзятлаўскія вернікі са Святымі Дарамі тройчы абышлі касцёл, малітвамі і песнапеннямі праслаўляючы Светлае Хрыстова Уваскрэсенне. Удзел у працэсіі таксама прынялі моладзь араторыя, прадстаўнікі раённага аддзела МНС, міліцыі. Урачыстае шэсце прайшло пад гукі Наваельнянскага духавога аркестра.

Святочным перазовам аб Уваскрэсенні Хрыста абвясцілі і касцёльныя званы, якія згодна з традыцыяй, з Вялікага чацвярга да поўдня суботы маўчалі.

Пасля працэсіі ў касцёле пачалася Святая імша. Праводзячы яе, ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула яшчэ раз нагадаў вернікам аб найвялікшай Велікоднай таямніцы, якая з году ў год выражаецца ў словах: «Хрыстос Уваскрос». У іх для кожнага верніка заключана надзея на выратаванне і вечнае жыццё.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *