Яблыневая вёска. Замалёўкі аб яе жыхарах

Падзеі

Вёска Яблынька Парэцкага сельскага савета — адносна малады населены пункт. Утварыўся ён напрыканцы пяцідзясятых гадоў. Адбылося гэта, як узгадваюць цяперашнія жыхары вёскі, пры старшыні мясцовага калгаса Міхаіле Камінскім. Людзям пачалі даваць надзелы зямлі, на якіх яны паступова будаваліся, пераязджалі з хутароў. Так і ўтварылася невялікая вёсачка, якую на той момант склалі трыццаць падворкаў.

ЯБЛЫНЯ НА ПАДВОРКУ

Назва населенага пункта пайшла ад слова «яблыня». Разважаючы, як назваць вёску, жыхары ўзгадалі старую яблыню, якая расла на падворку заможнага чалавека па прозвішчы Карабач. Быў у гэтых мясцінах і яшчэ адзін даволі багаты гаспадар — Дзяхцевіч. Жыў ён з жонкай і дочкамі. «Ёмкі ён быў паўпанак, моцны гаспадар, — гавораць цяперашнія вяскоўцы. — Аднак, нягледзячы на сваю заможнасць, па-людску ставіўся да астатніх. Хай я і багаты, але ж без людзей не абыдуся, — казаў ён».

Сёння ў Яблыньцы жывуць каля 20 чалавек. Кажуць, што за гады сумеснага жыцця душэўна парадніліся між сабой. Многае перажылі. Узгадваюць аб гэтым на вячорках, якія ладзяць доўгімі зімовымі вечарамі. Жанчыны вяжуць шкарпэткі, мужчыны вядуць няспешную гутарку. Затым разам вячэраюць, абмяркоўваюць навіны, спяваюць — як песні сваёй маладосці, так і сучасныя. Гучаць у час вячорак і прыпеўкі. Шмат іх ведае Фаіна Іванаўна Забела.

Сёння жыхарам Яблынькі — ужо важкія дзясяткі гадоў. Кожны з іх упісаў у жыццёвую гісторыю свае значныя падзеі, якія засталіся ва ўспамінах.

 

ДЗЯЦІНСТВА НА ХУТАРАХ

Дзяцінства жыхароў Яблынькі праходзіла на хутарах. Дануся Станіславаўна Яблонская жыла на хутары, які называўся «Каморка». У яго склад уваходзілі 8 падворкаў, адлегласць паміж якімі складала 250-300 метраў.

Працоўнае жыццё жанчыны прайшло ў калгасе — яна была санітаркай, дапамагала ветэрынару лячыць жывёлу. А незадоўга перад выхадам на пенсію працавала даяркай.

Цяпер Дануся Станіславаўна жыве разам са сваёй сястрой Рамуальдай. Яна — была сапраўднай майстрыхай: прыгожа вышывала, ткала. Нават быў час, калі Рамуальда Станіславаўна супрацоўнічала са Слонімскай фабрыкай: жанчыне прывозілі ніткі, яна ткала пакрывалы. Гэта быў добры дадатковы заробак да калгасных працадзён, аплочваліся якія толькі напрыканцы года. Праўда, час, каб ткаць, выпадаў толькі зімой.

Увогуле, у тыя гады вольнага часу у вяскоўцаў было не так ўжо і шмат. Калі выпадаў — збіраліся на вячоркі, пазней прыходзілі на прагляд кіно. У нядзелю хадзілі памаліцца ў храм. Праваслаўныя — да царквы ў Накрышкі, католікі — у касцёл, які размешчаны ў Рудзе Яварскай. Вяскоўцы ўзгадваюць, што быў час, калі яго выкарыстоўвалі як амбар. А да гэтага ў касцёле быў арган, гукі якога пры добрым надвор’і былі чуваць ажно ў Яблыньцы.

НАВУЧАННЕ Ў ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЕ

Марыя Канстанцінаўна Варган таксама нарадзілася на хутары. Ён называўся «Сухоцкія» — па прозвішчы яго гаспадароў. Марыя была адной з чацвярых дзяцей, бацькі іх выхоўвалі ў строгасці. Тагачасныя дзеці ( гэта адзначаюць многія жыхары цяперашняй Яблынькі) звярталіся да сваіх бацькоў толькі на «вы».

Пачатковую адукацыю Марыя атрымлівала ў школе, якая размяшчалася паблізу ад іх хутара. У 1-2 класах у ёй выкладаў Валянцін Дарашкевіч. У 3-4 класах дзяцей вучыў настаўнік з Орлі па прозвішчы Гузень. Пасля заканчэння пачатковай школы ладзіўся выпускны. Быў на ім і свой музыка, звалі яго Міша. На той момант яму было дзесьці дзесяць гадоў. Тым не менш ужо ў такім юным ўзросце ён па-майстэрску іграў на гармоніку. Музычную навуку хлопчык пераймаў у сваіх бацькі і брата.

Тата Марыі — Канстанцін Іванавіч— спачатку працаваў на спіртзаводзе у Вялікім Мажэйкаве. Калі ў Пушчы Ліпічанскай утварыўся калгас, стаў яго першым старшынёй. Пазней загадваў магазінам. Марыя Канстанцінаўна расказвае, што размяшчаўся ён у адным з пакояў хаты. Належаў магазін да Зачэпінскага райпо Жалудоцкага раёна.

Замуж Марыя Канстанцінаўна выйшла за мясцовага хлопца — Анатоля. Дзесяць гадоў было яму, калі ў Пушчы Ліпічанскай рабілі аблаву немцы. Тады хутары палалі агнём, людзі беглі хавацца ад лютасці чужаземцаў. Яны не шкадавалі нікога. Анатоль Канстанцінавіч ўзгадвае, што не пашкадавалі немцы і старога нямоглага чалавека. Яго расстралялі на матрасе, які папярэдне вынеслі на вуліцу…

ВОДАР ДУХМЯНАГА ХЛЕБА

Перажыўшы ваенныя гады, голад і холад, вяскоўцы цанілі радасць імгнення проста жыць. Па-суседску дружна, дапамагаючы адзін аднаму. Разам ладзілі вяселлі, хрэсьбіны, іншыя святы.

Вяселлю, расказваюць жыхары Яблынькі, па традыцыі папярэднічала сватанне. У сваты ехалі на конях. На конях ехалі вянчацца і ў царкву. А вось калі калгас атрымаў грузавую машыну — ехалі да царквы ўжо на ёй.

У вясковых традыцыях Яблынькі — і ладзіць «запускі». Гэта тыдзень, які папярэднічаў пачатку посту, што праходзіць перад Калядамі і Вялікаднем. На «запускі», гавораць вяскоўцы, абавязкова пяклі пірагі. За мукой нават ездзілі ў Мінск.

Пячы пірагі ў тыя гады ўмела кожная гаспадыня. Аднак былі і сапраўдныя каравайніцы. Гэта датычыцца Алены Іосіфаўны Пугацэвіч. Уменне выпякаць, кажа жанчына, яна пераняла ад сваёй мамы. Выдатна пякла караваі і сястра Алены Іосіфаўны.

Умелі вясковыя жанчыны пячы і хлеб. Для гэтага, дзеляцца яны сакрэтам, неабходна было зварыць у чыгунку бульбу, патаўчы яе, затым дабавіць муку, якую папярэдне прасейвалі. Цеста падыходзіла ў дзежцы.

Пяклі хлеб у печы — папярэдне яе трэба было добра прапаліць. Цеста спачатку выкладвалі на вялікую драўляную лапату, якую засцілалі дубовым або кляновым лісцем. Яно надавала хлебу непаўторны водар. Пазней для выпечкі хлеба выкарыстоўвалі жалезныя формы, па-вясковаму іх называлі бляхі. Яны былі заводскай вытворчасці, прадаваліся ў магазіне.

Цяпер, гавораць вяскоўцы, пірагі яны пякуць толькі на вялікія святы, калі прыязджаюць дзеці.

Не трымаюць у вёсцы ўжо і кароў — ёсць толькі некалькі козаў. Прадукты вяскоўцы купляюць у аўталаўцы. Калі неабходна, едуць у Дзятлава: два разы на тыдзень ходзіць аўтобус. Засмучае адно: рэдка наведваюць медыцынскія работнікі. Дастаткова, каб раз у месяц прыязджалі, выказваюць пажаданні вяскоўцы, прывозілі лекі.

А.ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *