«Школа маёй мары»

Падзеі

Для таго, каб разумець, якой школе аддаюць перавагу бацькі, у якой школе з задавальненнем жадаюць вучыцца дзеці, аб якой школе мараць педагогі, а таксама з мэтай выяўлення праблемаў, якія ёсць у сярэдняй школе №3 г. Дзятлава, і пошуку шляхоў іх рашэння ў школе пачаў рэалізацыю даследчы міжпрадметны праект “Школа маёй мары”.

Ініцыятарамі праекта з’яўляюцца настаўнікі чацвёртых класаў С. І. Ванчук, Т. С. Шалесная, Г. М. Герус, А. М. Шундрык і кіраўнік дзеючага на працягу чатырох гадоў клуба “Сям’я” А. С. Шалесная. Аб’ектам даследавання з’яўляюцца праблемы сучаснай адукацыі і магчымыя шляхі іх рашэння на базе школы №3 г. Дзятлава. Удзельнікі дадзенага праекта – навучэнцы 1-11 класаў, іх бацькі, сваякі, педагогі. Колькасць удзельнікаў – каля 250 чалавек. Час распрацоўкі і ўкаранення праекта – 3 месяцы (сакавік — май 2015 года).

З мэтай стварэння мадэлі школы, якая адпавядае запытам бацькоў, навучэнцаў і настаўнікаў, у межах праекта прайшло пашыранае пасяджэнне клуба “Сям’я” па тэме “Школа маёй мары”. Дадзенае пасяджэнне паказала, якім чынам можна арганізаваць стасункі паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, у выніку чаго адбываецца абмен дзейнасцю, інфармацыяй, вопытам. Гэта ў сваю чаргу дало магчымасць выявіць матывы, мэты, устаноўкі кожнага ўдзельніка, што дазваляе сумеснымі намаганнямі стварыць мадэль школы мары, зразумець праблемы школьнай адукацыі на дадзеным этапе развіцця і накірункі руху наперад.

Адкрылі сустрэчу ўдзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля “Юніс”, кіраўніком якога з’яўляецца В. У. Палухін. Удзельнікаў сустрэчы таксама парадавалі сваім выступленнем навучэнцы чацвёртых класаў, дэманстраваўся відэазапіс групавога інтэрв’ю “Кім быць?” з архіва відэаздымак класа. Затым кіраўнік школьнага клуба “Сям’я” А. С. Шалесная прапанавала навучэнцам і іх бацькам практыкум: “Нам, беларусам, важна зразумець, якой школе аддаюць перавагу бацькі, у якой школе з задавальненнем жадаюць вучыцца дзеці, аб якой школе мараць педагогі”. Яна прапанавала бацькам прачытаць матэрыялы з характарыстыкамі чатырох віртуальных школ, вызначыць, якой школе аддаць перавагу ў першую, другую, трэцюю і чацвёртую чаргу, падкрэсліла, што важнае меркаванне кожнага, бо яно абавязкова будзе ўлічана пры стварэнні вобраза будучыні не толькі нашай школы, але і адукацыі ў нашай краіне. Навучэнцам было прапанавана адказаць на пытанне, у якую школу хочуць хадзіць яны. Дзеці выбіралі пяць найбольш важных характарыстык і запісвалі ў графу індывідуальнага выбару. На наступным этапе ішло абмеркаванне выбару ў групах. Неабходна было выслухаць кожнага ўдзельніка групы, весці абмеркаванне, пакуль усе не прыйдуць да адзінага меркавання, затым запісаць выбар групы, выбраць аратара, які аргументавана прадставіць меркаванне групы.

Пры аналізе вынікаў выбару груп неабходна звярнуць увагу на крытэрыі, якія былі важныя для ўдзельнікаў. Апісанне чатырох школ было складзена з улікам развіцця сучасных тэндэнцый адукацыі ў свеце і нашай краіне, акрамя таго, у іх былі ўнесены і некаторыя нашы фантазіі і пажаданні наконт школьнай адукацыі. Так, за аснову характарыстыкі школы №1 узяты тэндэнцыі развіцця школьнай адукацыі Японіі: інфармацыйныя тэхналогіі, электронныя сродкі навучання, настаўнікі-робаты і іншае. Электронныя карты для навучэнцаў пачалі ўжо ўкараняцца ў некаторых школах нашай краіны. Важнай характарыстыкай дадзенай школы з’яўляецца татальны кантроль. Характарыстыкі школ №2 і №3 былі складзены з улікам тэндэнцый развіцця адукацыі ў нашай краіне. У школе №2 у адукацыйным працэсе пераважае навучальны аспект, а адпаведна канкурэнцыя і жаданне перамагаць. У школе №3 – выхаваўчы аспект, а значыць раскрыццё такіх якасцяў, як любоў, удзячнасць, павага і іншае. Характарыстыка школы №4 па многіх паказчыках адпавядае савецкай школе. Аднак пры вывучэнні тэндэнцый школьнай адукацыі ў Фінляндыі аказалася, што паміж гэтымі школамі ёсць шмат агульнага: роўныя магчымасці для ўсіх, сувязь з жыццём праз фарміраванне практычных уменняў і навыкаў, высокі аўтарытэт педагога ў грамадстве і іншае. У заданне для навучэнцаў унесены ключавыя словы з характарыстык чатырох школ.

Пры аналізе вынікаў важна выявіць крытэрыі, якія маюць значэнне для педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, а таксама суаднесці іх паміж сабой. Атрыманыя даныя можна выкарыстоўваць пры планаванні работы школы і дадзенага класа. Варта адзначыць, што ўсе групы дарослых удзельнікаў сустрэчы зрабілі выбар у першую чаргу на карысць школы пад №3, у апошнюю – школ пад №2 і №1. Навучэнцы зрабілі выбар на карысць сяброўства, ведаў, добрага настаўніка, паспяховых вучняў, спорту, любві.

Падводзячы вынікі, кіраўнік клуба “Сям’я” падзякавала ўсім за работу, падвяла ўдзельнікаў да думкі, што ў характарыстыцы кожнай школы ёсць важныя крытэрыі, якія можна выкарыстоўваць пры стварэнні вобраза школы сваёй мары. Таксама яна звярнула ўвагу на тое, што атрыманыя вынікі будуць улічаны пры выпрацоўцы пакета рэкамендацый па выніках праекта “Школа маёй мары”, апублікаваны ў сацыяльных сетках, на сайце школы і будуць улічаны пры планаванні работы СШ №3 г. Дзятлава ў наступным годзе. Гэтую ж думку выказаў і дырэктар школы І. З. Кібінь. Дырэктар звярнуў увагу на значэнне супрацоўніцтва паміж педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі; падзякаваў усім удзельнікам дыялогу; падкрэсліў, што ў кожнай прадстаўленай мадэлі школы №1, №2, №3, №4 ёсць як плюсы, так і мінусы, таму пры стварэнні мадэлі школы мары неабходна ўлічыць характарыстыкі чатырох школ.

Затым для навучэнцаў і іх бацькоў была арганізавана экскурсія па школе і вучэбных кабінетах. Першым быў прадстаўлены рэсурсны цэнтр – сучасны мультыкабінет, дзе праходзяць урокі з выкарыстаннем камп’ютараў і інтэрактыўнай дошкі, што не толькі аблягчае работу настаўніку і вучням, але і робіць заняткі больш цікавымі. У свабодны ад заняткаў час школьнікі могуць рыхтаваць тут рэфераты, знаходзіць неабходны матэрыял да ўрокаў з дапамогай сеткі Інтэрнэт, рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, выкарыстоўваючы розныя рэпетытарскія праграмы. А настаўнікі могуць, не выходзячы з кабінета, атрымаць дыстанцыйнае навучанне.

Навучэнцы і іх бацькі пазнаёміліся з лінгафонным кабінетам, дзе знаходзяцца камп’ютары з неабходнай інфармацыяй для навучання англійскай мове. Бацькі мелі магчымасць сесці за камп’ютары і на практыцы пазнаёміцца з электронным дапаможнікам.

Дзеці пазнаёміліся з сучасным кабінетам фізікі, у якім ёсць новае лабараторнае абсталяванне для эксперыментальных даследаванняў. Зрабіць урокі больш цікавымі і пазнавальнымі тут дапамагаюць камп’ютар, Web-камера, інтэрактыўная дошка, тэлевізар, тэлескоп.

У канцы мерапрыемства з мэтай стварэння аптымальнай мадэлі школы, якая адпавядала б запытам нашай дзяржавы, педагагічнай грамадскасці, навучэнцаў і іх бацькоў кіраўнік клуба “Сям’я” запрасіла да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых асобаў абмяняцца думкамі, ідэямі, меркаваннямі ў сацыяльных сетках.

С. УРБАН,
кіраўнік гуртка “Юны журналіст” СШ №3 г. Дзятлава



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *