Факты. Падзеі. Навіны.

Падзеі

У БЕЛАРУСІ З’ЯВЯЦЦА ЧАТЫРЫ НОВЫЯ ЎЗНАГАРОДЫ
Пра гэта паведаміла Лілія Мароз, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, у час другога пасяджэння дзявятай сесіі верхняй палаты беларускага парламента. Сенатары адобрылі законапраект “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканальвання сістэмы дзяржаўных узнагародаў”.
Новыя дзяржаўныя ўзнагароды, якія прапануе дакумент, — гэта “Ордэн Працоўнай славы”, медаль “За выратаванае жыццё” і два Ганаровыя званні: “Народны настаўнік” і “Народны доктар”. Па словах старшыні камісіі Савета Рэспублікі, калі герой яшчэ раз здзейсніць подзвіг — выратуе чыёсьці жыццё, яго чакае паўторнае ўзнагароджванне.
Таксама законапраектам прадугледжваецца забарона на збыт і набыццё дзяржаўных узнагародаў Рэспублікі Беларусь, СССР і БССР. “Уводзіцца спецыяльная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць”, — паведаміла Лілія Мароз. За падобнае злачынцу чакае штраф памерам у 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй дзяржаўнай узнагароды ці без яе. Калі гэта мера не падзейнічае, тады парушальнік закона будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

МІЖНАРОДНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ПРАХОДЗІЦЬ У МІНСКУ
Міжнародная канферэнцыя «Устойлівае прамысловае развіццё ў краінах з сярэднім узроўнем даходу Еўропы і Цэнтральнай Азіі: інавацыі і тэхналогіі (патрэбнасці, патэнцыял і паспяховы вопыт)» праходзіць ў Мінску 23-24 красавіка.
Суарганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца МЗС Беларусі, ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА) і Праграма развіцця ААН (ПРААН).
Мэта канферэнцыі — садзейнічанне росту ўзаемнага гандлю, ініцыіраванне партнёрства краінаў з сярэднім узроўнем даходаў у галіне прамысловых інавацый і стварэнне платформы для сумеснага развіцця інавацыйнага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з прыцягненнем вопыту экспертаў ЮНІДА, ААН і іншых міжнародных структур.
23 красавіка пасяджэнне праходзіць у МЗС, 24 красавіка пройдзе ў Парку высокіх тэхналогій. Удзельнікі канферэнцыі наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў, уключаючы ААТ «Штадлер Мінск», «Адані», «Гейм Стрым».
У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі каля 20 дзяржаваў і трох міжнародных структур. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Ву Ханбо, генеральны дырэктар ЮНІДА Лі Юн і член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі. У Мінску арганізаваны сустрэчы прадстаўнікоў кіраўніцтва сістэмы ААН ва ўрадзе, Мінэканомікі, Мінпрыроды, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях.

ПЕРШАЕ ПАСЯДЖЭННЕ КАМІТЭТА ПА СУПРАЦОЎНІЦТВЕ БЕЛАРУСІ І САУДАЎСКАЙ АРАВІІ
Пытанні правядзення першага пасяджэння сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Саудаўскай Аравіі былі абмеркаваны ў Маскве на сустрэчы пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі з паслом Каралеўства Саудаўская Аравія ў Расійскай Федэрацыі Абдульрахманам аль-Расі. Пасяджэнне запланавана правесці ў Эр-Рыядзе 6-7 мая.
На пасяджэнні будуць разгледжаны пытанні далейшага развіцця ўзаемадзеяння ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах, а таксама ў галіне аховы здароўя, вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій, спорту і турызму, а таксама пытанні развіцця дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй устаноўлены 6 чэрвеня 1997 года. Па выніках 2014 года тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў $95 млн. 184,1 тысячы.

ПЫТАННЕ РЭФАРМАВАННЯ САВЕТА БЯСПЕКІ ААН
Міністры замежных спраў Беларусі і Індыі Уладзімір Макей і Сушма Сварадж абмеркавалі пытанні рэфармавання Савета Бяспекі ААН і ўсёй арганізацыі ў цэлым.
Абмеркаваны пытанні актывізацыі палітычнага дыялогу, абмену візітамі на розных узроўнях, у тым ліку на вышэйшым. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рэгіянальнай праблематыцы з акцэнтам на неабходнасць мірнага вырашэння канфліктаў, якія ўзнікаюць.
Міністры правядуць чарговае пасяджэння беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, а таксама Савета дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь-Індыя» ў мэтах выпрацоўкі канкрэтных праектаў, накіраваных на актывізацыю гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і фінансавага ўзаемадзеяння, пошук новых магчымасцяў для развіцця дзелавых сувязей.

ПАВЕЛІЧЭННЕ ПАСТАВАК БЕЛАРУСКАЙ ТЭХНІКІ Ў ІНДЫЮ
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў перагаворы з кіраўніцтвам шэрагу буйных кампаній у Індыі.
З улікам маштабных планаў кіраўніцтва Індыі развіваць горназдабываючую прамысловасць, сельскую гаспадарку і іншыя напрамкі асноўны акцэнт у перамовах быў зроблены на нарошчванне паставак вялікагрузных самазвалаў, беларускай сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі ў Індыю. Акрамя таго, абмеркаваны пытанні стварэння сумесных вытворчасцяў аўтакампанентаў, прадуктаў харчавання.
Індыйскім фармацэўтычным кампаніям прапанавана пашырыць сваю прысутнасць у Беларусі для лакалізацыі вытворчасці лякарстваў, якія імпартуюцца з Індыі. Пры гэтым быў прыняты пад увагу станоўчы вопыт рэалізацыі ў краіне трох праектаў па вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі.
Уладзімір Макей прапанаваў садзейнічанне МЗС для актывізацыі работы паміж беларускімі вытворцамі і прадстаўнікамі індыйскіх дзелавых колаў, каб у бліжэйшы час выйсці на падпісанне шэрагу камерцыйных кантрактаў.

ПАРЛАМЕНЦКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ БЕЛАРУСІ НАВЕДАЛА САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ
Беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам прыняла ўдзел у пасяджэнні Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаваў-удзельніц СНД і ўрачыстым пленарным пасяджэнні, прысвечаным 70-годдзю Перамогі.
Члены савета разгледзелі некалькі дзясяткаў актуальных пытанняў, абмеркавалі падрыхтаваныя Міжпарламенцкай асамблеяй дакументы і заслухалі выступленні дакладчыкаў. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі распрацаваны і ўнесены на пленарнае пасяджэнне два мадэльныя законы — «Аб увекавечанні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны» і «Аб патрыятычным выхаванні».
Да 70-годдзя Перамогі Міжпарламенцкая асамблея СНД праводзіць шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку маштабную акцыю «Эстафета Памяці». У сталіцах Садружнасці дэлегацыі МПА наведалі самыя буйныя мемарыялы, устаноўленыя ў памяць аб загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, і ў спецыяльных капсулах везлі адтуль часцінкі Вечнага агню, сустракаліся з ветэранамі, якія жывуць на прасторы Садружнасці.
У фінальнай урачыстай цырымоніі акцыі прадстаўнікі парламентаў дзяржаваў-удзельніц МПА СНД аб’ядналі часцінкі полымя ў адзін вялікі факел — адзіны агонь Садружнасці, які будзе перададзены ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга — «Манумент гераічным абаронцам Ленінграда».

ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ СУПРАЦОЎНІЦТВА З ЮНЕСКА
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка сустрэўся са старшынёй генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА Хаа Пінам.
Абмяркоўваючы супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА, Павел Латушка адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння краіны з гэтай міжнароднай арганізацыяй, якая ў 2015 годзе адзначае 70-гадовы юбілей.
У ходзе сустрэчы субяседнікі адзначылі высокі ўзровень двухбаковых беларуска-кітайскіх кантактаў. Хаа Пін пацвердзіў, што Беларусь з’яўляецца для КНР вельмі блізкім партнёрам і адной з краінаў, з якой у Кітая склалася эфектыўнае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Хаа Пін падкрэсліў, што высокі ўзровень беларускіх ВНУ прываблівае кітайскіх студэнтаў для атрымання вышэйшай адукацыі. Паміж краінамі наладжана супрацоўніцтва ў сферы паслядыпломнай адукацыі і ў навуковай сферы.

СТВАРЭНЕ ЗОНЫ СВАБОДНАГА ГАНДЛЮ З ЕАЭС
Амаль 40 краінаў зацікаўлены ў стварэнні зоны свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС). Аб гэтым паведаміў спікер Дзярждумы Расіі Сяргей Нарышкін у ходзе ІІІ Міжнароднага форуму «Еўразійская эканамічная перспектыва».
«Маштабныя ўзаемавыгадныя праекты пачынаюць ажыццяўляцца з такімі эканамічнымі гігантамі, як Кітай і Індыя. Супрацоўніцтва з імі мае прынцыповую перавагу, паколькі мы экспартуем нараўне з сыравінай высокатэхналагічную прадуцыю і ствараем сумесныя прадпрыемствы на базе еўразійскіх тэхналогій. Усё гэта стымулюе мадэрнізацыю і дыверсіфікацыю эканомік нашых дзяржаваў», — падкрэсліў спікер Дзярждумы.
Першай краінай, якая падпіша дагавор аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС, можа стаць В’етнам.

СПРАШЧЭННЕ ВІЗАВАГА РЭЖЫМУ ПАМІЖ БЕЛАРУССЮ І ЕС
Старшыня Рыжскай Думы Ніл Ушакоў прагназуе спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пасля саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў маі.
«Можна прагназаваць пэўнае спрашчэнне ў візавым рэжыме», — сказаў Ніл Ушакоў. Ён устрымаўся ад каментарыяў наконт таго, як хутка і ў якім фармаце будзе вырашацца гэта пытанне, аднак выказаў меркаванне, што праз нейкі час для некаторых групаў беларускіх грамадзян (студэнты, бізнэсмэны і інш.) можа быць уведзены спрошчаны або бязвізавы рэжым. Ніл Ушакоў звярнуў увагу і на неабходнасць зніжэння кошту шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзян.

ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ АЭС ЗАВЯРШАЕ СВАЮ ДЗЕЙНАСЦЬ
Чарнобыльская атамная электрастанцыя (ЧАЭС) пачала працэс па завяршэнні дзейнасці, у ходзе якога будуць закансерваваны ўсе энергаблокі станцыі.
Дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны выдала асобны дазвол на рэалізацыю работ па Праграме этапу канчатковага закрыцця і кансервацыі. Гэта значыць, што Чарнобыльская АЭС завяршае дзейнасць па спыненні эксплуатацыі і афіцыйна пераходзіць да этапу зняцця з эксплуатацыі.
Працэс канчатковага закрыцця і кансервацыі энергаблокаў Чарнобыльскай АЭС будзе доўжыцца да 2028 года. Дзейнасць у асноўным будзе датычыцца рэактараў, контураў шматразовай прымусовай цыркуляцыі і сумежнага абсталявання блокаў 1, 2 і 3 Чарнобыльскай АЭС. Былыя энергаблокі плануецца перавесці ў якасна новы стан, які характарызуецца больш высокім узроўнем бяспекі з мінімальным спажываннем рэсурсаў у рэжыме працяглага захоўвання.

БУДЗЕ СТВОРАНЫ АТАМНЫ ГАДЗІННІК
Новасібірскія фізікі плануюць стварыць ў 2016 годзе вопытныя ўзоры атамнага гадзінніка велічынёй з запалкавую каробачку.
Распрацоўкі па тэме атамнага гадзінніка ў Новасібірску вядуцца з пачатку 2013 года. За гэты час створаны лабараторны прататып атамных гадзін на аснове атамаў рубідыю са стабільнасцю, блізкай да лепшых узораў атамных гадзін аналагічнага класа.
Атамны гадзіннік лічыцца самым дакладным механізмам для вымярэння часу. У якасці рэгулятара ходу ў іх выкарыстоўваюцца ваганні атамаў, такі гадзіннік “спяшаецца” не больш, чым на секунду за некалькі мільёнаў гадоў. Атамныя гадзіннікі шырока прымяняюцца ў сістэмах навігацыі і тэлекамунікацыі і ў перспектыве павінны замяніць традыцыйныя кварцавыя.

ДОКАЗЫ ІСНАВАННЯ НА МАРСЕ ВАДЫ
Упершыню навукоўцы атрымалі доказы існавання вады ў вадкім стане на чырвонай планеце — Марсе.
Амерыканскі марсаход Curiosity выявіў соль хлоркавай кіслаты, якая “здольна пры пэўных умовах надвор’я паглынаць ваду з атмасферы і ператвараць яе ў салёную ваду”.
Прааналізаваўшы атрыманыя дадзеныя, даследчыкі ўстанавілі, што “тонкія плёнкі і кроплі салёнай вады могуць існаваць у верхніх пластах паверхні чырвонай планеты”. Спрыяльныя для гэтага працэсу ўмовы залежаць ад часу сутак. Так, халоднай ноччу кроплі фарміруюцца ў глебе, а днём выпараюцца.
Навукоўцы ўпэўнены, што такія незвычайныя з’явы могуць адбывацца ў любым месцы Марса. Аднак колькасць вады на гэтай планеце ўсё роўна застаецца вельмі малой. “Яе настолькі мала, што вы нават не зможаце яе ўбачыць”, — сказаў адзін з аўтараў даследаванняў Мортан Бо Мадсен з дацкага Інстытута Нільса Бора.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *