Чалавек з Пушчанскага свету

Падзеі

У працоўнай кніжцы Марыі Сяргееўны Слушко, галоўнага заатэхніка СВК “Хвінявічы”, усяго два запісы за 30 гадоў

ПЕРСПЕКТЫВА ПАЧЫНАЕЦЦА З КОМПЛЕКСУ
Мы дамовіліся сустрэцца на новым комплексе. Афіцыйны статус у гэтага прасторнага збудавання – МТФ (малочна-таварная ферма). Але жывёлагадоўчы міні-гарадок так многа адрозніваецца ад звыклых воку даўнейшых фермаў, што мясцовы люд называе яго толькі комплексам.
Твар Марыі Сяргееўны адсвечваў сонца – прызналася, што ўсцешана сённяшняй экспертнай ацэнкай кансультанта: цялушкі на комплексе – лепшыя ў раёне. Было ёй прыемна і ад высокай ацэнкі ўжо зробленага жывёлаводамі і яшчэ больш прыемна ад абяцанай перспектывы росту. “Тэхналогію трымаем з усіх сіл” – гэта яна якраз праз дарошчванне цялушак для будучага малочнага статка. Чаму “з усіх сіл”? Таму што адвечную праблему збалансаванага фуражу адмяніць пакуль не ўдаецца. І сёння даводзіцца дакупляць пратэінавы корм – шрот, жмых. А працаваць на новым комплексе, вядома, зручна: урэшце з’явілася дастатковая вытворчая плошчы, каб належным чынам наладзіць догляд статку, арганізаваць племянную работу. Параўнаць жа ўмовы работы заатэхніку з працоўным стажам у тры дзесяцігоддзі, вядома, ёсць з чым.

СЯМЕЙНАЯ МАБІЛІЗАЦЫЯ
Калі на яе прафесійным вяку было найбольш цяжка? У дзевяностых гадах, мабыць, у 1995-1996. Калі палічыць па функцыях, кажа, то працавала яна тады адразу на чатырох, як мінімум, пасадах: і заатэхніка, і ветдоктара, і… І прыгадваць далей не хочацца. З Ірынай Уладзіміраўнай Марук, заатэхнікам-селекцыянерам, падзялілі асабістую “апеку” над абязлюдзелымі фермамі і стараліся, як маглі, захаваць статак. Жывёлагадоўля – інертная галіна, калі сёння ўпусціш работу на месяц-другі, заўтра будзеш гадамі аднаўляць упушчанае. Чаму здарыўся той правал? Безграшоўе было, спецыялісты, работнікі пазвальняліся, разбрыліся. Сям’я Слушко мабілізавала тады ўвесь сямейны патэнцыял: дочкі прыбягалі на ферму дапамагаць маці і бацьку (таксама спецыялісту-жывёлаводу) — выганялі кароў на пашу, прыганялі, даглядалі. Лепш-горш, а крызіс той перажылі. Што датычыць уласна Марыі Сяргееўны, то панічных думак, каб кінуць усё, маўляў, хіба мне больш за ўсіх трэба, у яе не ўзнікла. Змалку прывучана не палохацца. А вучэнне было такое.

ПРАЦОЎНАЕ ВЫХАВАННЕ
Яе старэйшая сястра Аня працавала даяркаю за тры кіламетры ад іхняй Яблынькі – на ферме ў Пушчы. Працавала так, што ў 25 гадоў была ўжо ордэнаноснаю, яе ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы. Аня працавала і вучылася, завочна. І калі ад’язджала на сесію, сваю групу – 17 каровак – не давярала нікому, акрамя малодшай сястрычкі Машы. Маша таксама вучылася – у сёмым класе. Але яе месца вучобы было значна бліжэй – школа ў Рудзе Яварскай. Таму дзяўчынка штодзень паспявала і на ўрокі, і на ферму. Вучылася і працавала, даіла 17 кароў. Працоўнае і ўвогуле выхаванне ў пушчанскай сям’і Пашукевічаў было пастаўлена без лішніх словаў. Выключным прыкладам для выхавання працавітасці ў дзяцей было працалюбства бацькоў – Сяргея Пятровіча і Юліі Іванаўны. І ніхто з па-сапраўднаму шматдзетнай (шасцёра дзяцей) сям’і Пашукевічаў у жыцці не згубіўся. Усе вывучыліся, усе стварылі сем’і, прадаўжаюць пушчанскі род.

ПРАДВЫЗНАЧАНЫ ВЫБАР
Маша на ферме спраўлялася — радавала сястру і калгаснае кіраўніцтва, група кароў пад старанным наглядам. А найболей радавала, мабыць, сябе – у яе атрымлівалася, атрымлівалася па-даросламу, яна самасцвярджалася. Вялікім аўтарытэтам для дзяўчыны сталася тагачасны калгасны заатэхнік Ганна Ільінічна Валяк. Адукаваная, разумная, на яе хацелася быць падобнай.
І выбар будучай прафесіі Марыі адбыўся неўзаметку. Калгас даў мэтавае накіраванне для паступлення ў Гродзенскі сельгасінстытут. Праўда, каб атрымаць накіраванне, давялося пасля школы яшчэ год штатна адпрацаваць на ферме. Працавала з радасцю. На ферму ў суседнюю вёску праз лес бегала. Вясною, як лес ажываў, распускаліся дрэвы, гэтыя паходы былі як праз лясную казку – пад птушыны аркестр, праз водар ігліцы, чаромхі. Лёгка дыхала і жыла, як ляцела. Між іншым, конкурс для абітурыентаў у сельгасінстытуце быў немаленькі – 2,4 чалавека на месца. Але паступіла яна без праблем, бо ў школе вучылася на чатыры і пяць (па тагачаснай пяцібальнай сістэме).

ШЧАСЦЕЙКА – ПОБАЧ
Добра вучыцца, калі абсалютна ўпэўнены, што менавіта гэтыя веды потым, на працы, табе і спатрэбяцца, нічога лішнім не будзе. Той догляд, з якім хадзіла яна каля жывёлы з навучання бацькоў, сястры, з падказак калгаснага заатэхніка Г. Валяк набываў у інстытуце тэарэтычнае абгрунтаванне, тлумачэнне, пашыраў кругагляд. Вучылася з цікаўнасцю, а з трэцяга курса, можна сказаць, з захапленнем. Без адрыву ад вучобы яшчэ і закахалася. Дзявочае шчасцейка па імені Коля — вось яно, побач, у гэтым жа інстытуце, інтэрнаце. Пажаніліся на чацвёртым курсе. Атрымалі дыпломы і разам прыехалі працаваць. Побач усё жыццё і працуюць. За невялікім выключэннем: Марыю прызначылі заатэхнікам-селекцыянерам, а Колю ваенкамат прызваў на тэрміновую службу ў войска. Потым ужо не разлучаліся. Праз сем гадоў Марыю Сяргееўну прызначылі галоўным заатэхнікам і галоўным яна ўжо ні многа-ні мала, а 23 гады. А Мікалай Генадзьевіч цяпер начальнік вось гэтага самага новага комплексу за Парэччам.
Іншыя, здараецца, кажуць, што калі муж і жонка працуюць побач, то надакучваюць адзін другому, а Марыя Сяргееўна трымаецца прама процілеглага меркавання і прызнаецца, што сумуе, калі Мікалай Генадзьевіч з’язджае на якія-небудзь курсы. Ёй блізкага чалавека не хапае, без яго з працай яна спраўляецца горш, прынамсі, у яе такое ўражанне і адчуванне.

ДОБРЫ НАСТРОЙ
Што трэба, каб за многа гадоў работа на адным месцы не надакучыла? Рэцэпт ад Марыі Сяргееўны ўвогуле просты, але вымагае самакантролю: трэба настройвацца на пазітыў, трэба нават прымушаць сябе да добрага настрою. Нават калі дакладна ведаеш, што ад самой раніцы цябе пільнуюць праблемы, насоўваюцца цёмнымі хмарамі, выглядвай між хмарамі прасвет. Тады і з людзьмі лягчэй знойдзеш паразуменне, а разам і хмары, урэшце, рассунеце. З такім настроем яна з’ездзіла на працы чатыры машыны і яшчэ больш “перажыла” кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства. Падабаецца, кажа, працаваць з тымі, хто не ўцякае ад праблемаў, маўляў, сёння перажывём, а заўтра нешта будзе, а падступаецца да праблемаў, шукае рашэнні. Таму ўхвальвае дзейнасць цяперашняга старшыні гаспадаркі М. Бубноўскага, які і пра вытворчасць клапоціцца, і пра ўмовы працы, быту работнікаў дбае.
Добрым словам прыгадвае колішняга шматгадовага старшыню В. Залеўскага. Калегі-заатэхнікі, кажа, ёй нават зайздросцілі: маўляў, добра табе пры Залеўскім. А зайздрасць была з таго, што Васіль Браніслававіч прыслухваўся да прапановаў спецыялістаў: прасілі яны прыдбаць тэхналагічную навінку, да прыкладу, кармавыя дабаўкі, — куплялі. А ў іншых гаспадарках, здаралася, проста адмахваліся: ат, не выдумляй, працуйце лепш. Васіль Браніслававіч і сам дашукваўся новага, прапаноўваў: а давайце паспрабуем. І сельгаспрадпрыемства, як помніцца, насіла званне гаспадаркі высокай культуры земляробства, жывёлагадоўлі. На прыкладзе “Хвінявічаў” праз абласны семінар паказвалі-вучылі, як паляпшаць вытворчасць.
Яшчэ Марыі Сяргееўне выразна запомнілася, як угаворвалі-выпрошвалі ўжо са старшынёй В?. Дзедулем дапамогу ў раённага кіраўніцтва, каб купіць замежны кормараздатчык-змешвальнік. І каштаваў ён дорага, і аплачваць давялося праз ільнозавод, але, урэшце, купілі. Прывагі на дарошчванні і адкорме адразу, лічы, падвоіліся. Удалы італьянскі агрэгат і да сёння працуе.

РОДНЫ ЛЕС
Любімая праца мала стамляе. А калі ўсё ж “дастае”, скінуць цяжар з душы і плячэй дапамагае ёй лес. Нават уявіць, што можна баяцца лесу, баяцца ў ім заблукаць, Марыя Сяргееўна не можа. Яна, лічы ў лесе вырасла, і лес для яе – гэта шчымліва сваё, гэта роднае. Любіць грыбы збіраць, вядома, баравікі. Пушчанскія людзі лісічкі і розныя там сыраежкі грыбамі не лічаць. У горадзе, кажа, жыць не змагла б, цесна там, душна. Хоць дочкі ў горадзе прыжыліся, кожнаму, відаць, сваё.
А яшчэ яна не ўяўляе сябе без сваёй работы, без сваіх каровак. Тут ізноў пра сваё: іншы ферму за вярсту абыдзе, а яна без фермы жыцця свайго не бачыць. Выхадны прыйдзе, кажа, дома не ўседзіць, трэба на ферму заскочыць, хоць адным вокам глянуць.
Людзі, што ні кажыце, розныя, вельмі розныя. І кепска думае і робіць той, хто імкнецца прычасаць усіх адным грэбенем дзе б тое ні было – у думках, захапленнях, у быце, і ў працы таксама.

ПРАВАФЛАНГОВЫ КОМПЛЕКС
Укладзеныя ў будаўніцтва МТФ “Парэчча-777” вялікія грошы павінны даваць аддачу. Таму жывёлагадоўчаму комплексу ў “Хвінявічах” надаюць максімум увагі і клопату. Што маюць на выхадзе сёння? Комплекс перахапіў лідарства ў шматгадовай лепшай фермы па вытворчасці ялавічыны “Ятвезь” (СВК “Русь-Агра”), па выніках трох месяцаў апярэдзіў на 3 грамы, маючы па 817 гарамаў штодзённых прывагаў буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме (прыбаўка да леташняга перыяду склала 145 грамаў).
Да раённага лідарства па надоі малака комплексу яшчэ далекавата, але станоўчая дынаміка ёсць: прырост надою ад каровы за тры месяцы самы значны ў раёне – 255 кілаграмаў.
У плюсе за тры месяцы і ўся жывёлагадоўля СВК “Хвінявічы”: па надоі малака – на 142 кілаграмы ад каровы (у параўнанні з леташнім перыядам), на дарошчванні і адкорме аналагічная штодзённая прыбаўка склала 70 грамаў.
У сухіх лічбах, як “сухой рэшце”, — вынік сёлетняй працы жывёлаводаў СВК “Хвінявічы”, іх шматгадовага кіраўніка галоўнага заатэхніка Марыі Сяргееўны Слушко.

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *