СТАРОНКАМІ ГІСТОРЫІ
Папраўчая калонія-пасяленне №26 вядзе свой адлік з 2 красавіка 1995 года, калі загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь №48 на Дзятлаўшчыне, паблізу пасёлка Гезгалы, была ўтворана новая рэжымная ўстанова. Першапачаткова яна размяшчалася на тэрыторыі вайсковай часці 29489, якая была расфарміравана ў сакавіку 1997 года. З гэтага моманту пачалася работа па падборы кіруючага саставу і штату работнікаў калоніі.
Першым начальнікам установы быў прызначаны палкоўнік унутранай службы М. А. Пінчук. Першапачаткова ў калоніі-пасяленні былі ўведзены 39 пасадаў кіруючага саставу, рабочых і службоўцаў, якія працавалі ў канцылярыі, дзяжурнай службе, аператыўна-рэжымнай групе, групе па выхаваўчай рабоце, сацыяльнай групе, ваенізаванай пажарнай службе, вузле сувязі, гаражы і медыцынскай часці. Нагляд за асуджанымі ажыццяўляў асобны ўзвод кантралёраў.
Першапачаткова ў ПКП-26 прыбылі ў 1997 годзе 20 асуджаных, якія былі занятыя на гаспадарчым абслугоўванні ўстановы, працавалі ў калгасах Дзятлаўшчыны і Лідчыны.
У лютым 1999 года ўстанову ўзначаліў падпалкоўнік міліцыі Г. М. Шут. Гэты час адзначыўся для ПКП-26 пачаткам пазабюджэтнай дзейнасці. Былі адкрыты піларама, такарны і дрэваапрацоўчы цэхі, вытворчая майстэрня. Уласная вытворчасць актыўна развівалася, што дазволіла да 2000 года працаўладкаваць ужо 200 асуджаных.
Тады ж, на мяжы тысячагоддзяў, установа атрымала ліцэнзію на рознічны гандаль, і на тэрыторыі калоніі з’явіўся магазін, дзе і сёння як супрацоўнікі ўстановы, так і асуджаныя могуць набыць харчовыя і нехарчовыя тавары.
У красавіку 2002 года начальнікам калоніі быў прызначаны В. В. Каляда. Ён працягнуў работу са спецкантынгентам, на якасна новы ўзровень вывеў прафесійную падрыхтоўку супрацоўнікаў установы.
З 2005 года калонію-пасяленне ўзначальваў падпалкоўнік унутранай службы В. А. Тумялевіч, у 2010-м яго змяніў на пасадзе палкоўнік В. Л. Лінкевіч. Гэты час адзначыўся ўмацаваннем выканаўчай дысцыпліны, выкананнем законнасці, а таксама паляпшэннем умоваў утрымання спецкантынгенту і пераабсталяваннем працоўных месцаў асабовага саставу.
У 2005 годзе ў папраўчай калоніі-пасяленні прынялі рашэнне аб будаўніцтве праваслаўнага храма. Ідэю з радасцю падтрымаў святар Расціслаў Салаўёў, які вёў праваслаўныя служэнні ў калоніі. Да лістапада 2006 года ў былым будынку пажарнага дэпо вайсковай часці сіламі асуджаных і супрацоўнікаў калоніі вяліся будаўніча-рамонтныя работы. 18 лістапада епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый асвяціў новы храм у гонар беларускага свяшчэннамучаніка Уладзіміра Гезгальскага (Хрышчановіча).
У 2008 годзе загадам Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутранях спраў Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай і службова-баявой дзейнасці, узорнае выкананне пастаўленых задач, праяўленыя ініцыятыву і адказнасць папраўчая калонія-пасяленне №26 была ўзнагароджана пераходзячым прызам імя генерал-маёра ўнутранай службы У. В. Кашаленкі.
20-гадовы юбілей існавання папраўчая калонія-пасяленне №26 сустракае пад кіраўніцтвам палкоўніка ўнутранай службы С. Ч. Баклажца. Працягваючы плённыя пачынанні сваіх папярэднікаў, на аснове ўласнага вопыту і метадаў Сяргей Часлававіч піша новую старонку працы і развіцця ўстановы.
ПРА ЛЮДЗЕЙ І ПРА СЛУЖБУ
За 20 гадоў з дня ўтварэння папраўчая калонія-пасяленне №26 разам са сваімі супрацоўнікамі прайшла значны шлях развіцця і мадэрнізацыі. Сёння ў яе калектыве больш за 50 чалавек – як вопытныя супрацоўнікі, якія тут ад самых вытокаў, так і маладыя, але не менш перспектыўныя. Якія службы сёння складаюць папраўчую калонію-пасяленне, чым жыве і “дыхае” ўстанова, даведаемся ў яе работнікаў.
АЛЯКСЕЙ ПЕТРЫКЕВІЧ,
намеснік начальніка па папраўчым працэсе.
У калонію Аляксей Валер’евіч прыйшоў працаваць пасля заканчэння Акадэміі МУС у 1999 годзе. З таго часу папрацаваў на розных пасадах сярэдняга і вышэйшага кіруючага саставу, рос у прафесійным майстэрстве і вайсковым званні. На сёння маёр унутранай службы А. Петрыкевіч кантралюе ва ўстанове правядзенне выхаваўчай работы са спецкантынгентам.
“Наша калонія-пасяленне – адна з трох спецыфічных утсановаў выканання пакарання ў рэспубліцы, – кажа Аляксей Валер’евіч. – Тут адбываецца адаптацыя людзей, якія адбывалі вялікія тэрміны пазбаўлення волі, да звычайнага жыцця. Папраўчая калонія-пасяленне – сацыяльны ліфт паміж заключэннем і воляй. Практыка паказвае, што, магчыма, у будучыні такіх установаў, як наша, стане ў рэспубліцы больш. У нас асуджаныя наноў вучацца працаваць, весці сваю штодзённую гаспадарку, размяркоўваць бюджэт, ствараюць сем’і, прыходзяць да веры. Некаторыя нават вянчаліся ў царкве на тэрыторыі калоніі”.
СЯРГЕЙ БЕЛАВУС,
намеснік начальніка па арганізацыі працы.
У 1997-ым Сяргей Канстанцінавіч прыйшоў у калонію-пасяленне галоўным бухгалтарам, працаваў на гэтай пасадзе да 2002 года. З таго часу ён з’яўляецца нязменным намеснікам начальніка папраўчай калоніі па арганізацыі працы.
“Кола маіх абавязкаў – працаўладкаванне асуджаных і наша вытворчасць. На сёння наша калонія-пасяленне адзіная ў рэспубліцы мае сваю вытворчую базу, якую мы арганізавалі і ўдасканалілі за 20 гадоў, – зазначае намеснік начальніка. – Пачыналі калісьці з трох станкоў, а цяпер мы маем 25 адзінак тэхнікі і больш за 60 станкоў. У калоніі функцыянуюць пазабюджэтныя майстэрні, два вытворчыя ўчасткі – металаапрацоўкі і дрэваапрацоўкі. У пазабюджэтных майстэрнях пастаянна працуюць ад 100 да 120 чалавек са спецкантынгенту і 10 вольнанаёмных. Мы выпускаем прадукцыю і супрацоўнічаем з шэрагам прадпрыемстваў рэспублікі, такіх, як “Навагрудскі завод газавай апаратуры”, “Лідабудканструкцыя”. За межамі калоніі-пасялення асуджаныя працуюць у будаўнічых (ад 15 да 20 чалавек) і сельскагаспадарчых (каля 50 чалавек) арганізацыях раёна, кожную раніцу вызджаюць за межы калоніі, пасля завяршэння рабочага дня – вяртаюцца. Многія адбываюць тэрмін у калоніі-пасяленні, ужо маючы спецыяльнасць на руках, аднак і ў межах нашай установы многія атрымліваюць новую прафесію. Сумесна з колішнім Казлоўшчынскім ліцэем мы рыхтавалі групы токараў, зваршчыкаў, цяпер навучаем электрыкаў”.
ІРЫНА СУШЧЭВІЧ,
галоўны бухгалтар установы.
Папраўчая калонія-пасяленне №26 стала першым месцам працы і для Ірыны Канстанцінаўны. У 2008 годзе пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа яна пачала тут свой працоўны шлях бухгалтарам, а праз 4 гады заняла адказную пасаду галоўнага бухгалтара ўстановы. Цяпер малады кіраўнік атрымлівае завочна вышэйшую эканамічную адукацыю.
“Цяжкая мая праца ці лёгкая – не ведаю, параўноўваць няма з чым, – кажа спецыяліст. – У невялікім калектыве нашай бухгалтэрыі працуюць і вопытныя спецыялісты, у якія дапамагаюць парадамі і падтрымкай у працы, і моладзь, якой яшчэ ёсць чаму павучыцца ў старэйшых. Больш за ўсё ў працы мне падабаецца тое, што пазабюджэтная дзейнасць калоніі-пасялення неаднастайная, а значыць і бухгалтарская праца не бывае манатоннай”.
СЯРГЕЙ САЗАНОВІЧ,
дзяжурны памочнік начальніка папраўчай калоніі-пасялення №26.
Сяргей Уладзіміравіч пачынаў працоўную дзейнасць у папраўчай калоніі-пасяленні №26 у 1999 годзе, будучы выпускніком акадэміі МУС, малодшым лейтэнантам унутранай службы. Працаваў оперупаўнаважаным аператыўна-рэжымнай групы, старшым оперупаўнаважаным, інжынерам па арганізацыі працы. Разам з працоўным вопытам расла і колькасць зорачак на пагонах.
“Мая асноўная задача – арганізацыя рэжыму і нагляду за асуджанымі, – тлумачыць спецыфіку сваёй працы дзяжурны памочнік начальніка. – Дзяжурная часць – як сэрца папраўчай калоніі, якое няспынна працуе, выконваючы свае функцыі. Усё, што адбываецца на працягу дзяжурства ва ўстанове – пад пастаянным кантролем дзяжурнага. Прыём этапаў, вызваленне ў выхадныя дні, у водпуск, вобыскі – усё гэта часам не самая прыемная і далікатная, але патрэбная грамадству наша служба”.
АНАТОЛЬ БУЗУК,
фельчар тэрапеўтычнага аддзялення медыцынскай часці.
Сёлета спаўняецца чвэрць стагоддзя ад пачатку службы Анатоля Пятровіча ў Гезгалах. Спачатку – у вайсковай часці, а пасля яе расфарміравання – у новаўтворанай калоніі-пасяленні. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак фельчар не змог доўга без сваёй службы: праз колькі гадоў вярнуўся ў калонію, праўда, цяпер – без пагонаў.
“Спецыфіка медыцынскай работы ў звычайнайнай паліклініцы і ў рэжымнай установе шмат у чым адрозніваецца, але і нямала падабенства тут ёсць, – расказвае Анатоль Пятровіч. – Хварэюць людзі паўсюль аднолькава. Тэрапеўтычнае аддзяленне калоніі нагадвае звычайны фельчарска-акушэрскі пункт: прыём хворых і картатэку вяду я сам, прызначаю прэпараты, якія можна набыць у аптэцы на тэрыторыі ўстановы. Некалькі год таму калоніі была аказана спонсарская дапамога: набылі стаматалагічнае крэсла і абсталяванне. Так у нас з’явіўся свой стаматалагічны кабінет, у які перыядычна прыязджаюць дактары з райцэнтра. Раз на тыдзень у нас ладзіцца выязное наведванне райпаліклінікі”.
Н. АВЯРЧУК