Валянціна Пранкевіч: «Здзяйсняйце свае мары, але ніколі не спыняйцея на гэтым…»

Падзеі

Ведаеце, бываюць такія людзі, побач з якімі адчуваеш сябе як дома. Менавіта такім чалавекам мне паказалася Валянціна Эдвардаўна Франкевіч. Вельмі хутка згадзілася паразмаўляць са мной, і гэта нягледзячы на тое, што яна вельмі заняты чалавек, бо на яе жаночых плячах нямнога нямала – кіраванне аддзяленнем паштовай сувязі ў Наваельні. Першае, што прывабіла маю ўвагу ў гэтай жанчыне – адсутнасць тых рыс характару, якія ў большай ступені прысутныя ва ўсіх начальнікаў: важнасць і аддаленасць у размове са сваімі работнікамі. Мае назіранні аказаліся правільнымі, бо, як гаворыць сама Валянціна Эдвардаўна: “Да ўсяго трэба падыходзіць з дабром, патрабаваць ад работнікаў добрасумленнасці ў выкананні работы трэба па-добраму, бо людзі адчуваюць гэта і не злоўжываюць такімі адносінамі, і калі так падыходзіць да ўсяго, тады і справа хутчэй будзе ладзіцца. Крыкам ад людзей нічога не даб’ешся”.

Гэтая жанчына з белымі валасамі і добрымі блакітнымі вачыма не толькі справядлівы начальнік, але і добрая жонка вось ужо працягу 34 год, любячая маці дваіх дзяцей, тройчы шчаслівая бабуля і не пабаюся дадаць ад сабе – добры і мяккі чалавек. Размова з ёй мяне надта зацікавіла, і я спяшаюся падзяліцца тым, што даведалася, і з вамі. Але аб усіх яе “пасадах”: начальніка, жонкі, матулі і бабулі – па парадку.

АБ ПРАЦОЎНЫМ ШЛЯХУ: ТЭХНОЛАГ НА ХЛЕБАЗАВОДЗЕ, НАЧАЛЬНІК АДДЗЯЛЕННЯ ПАШТОВАЙ СУВЯЗІ

Валянціна Эдвардаўна падкрэслівае, што, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, а на маё пытанне: “Калі б вам прапанавалі пераехаць у другое месца, згадзіліся б?” засмяялася і адказала: “Безумоўна не, нікуды б не паехала”. Сама жанчына родам з Данілавічаў, а прыехала ў Наваельню таму, што выйшла замуж.

З самага дзяцінства Валянціна Эдвардаўна імкнулася быць лепшай ва ўсім, але не для таго, каб камусьці нешта даказаць, а перш за ўсё для самой сабе вызначыць, што не бывае недаступных вяршыняў.

— У мяне атрымліваецца абсалютна любая справа, я імкнуся зрабіць усё ідэальна. Я вельмі патрабавальная да самой сабе, калі стаўлю мэту нешта зрабіць, то раблю гэта бездакорна. Яшчэ не было такога, каб я нешта не даводзіла да канца. Калі трэба, магу і ноч не спаць. Адказнасць трэба выпрацоўваць у сабе пастаянна, калі адзін раз папусціш, то потым не збярэшся, на працягу ўсяго жыцця трэба працаваць над сабой, а ўжо потым і вынікі добрыя чакаць, не ўсё атрымліваецца адразу”.

Яна старанна вучылася ў школе, а любімымі прадметамі былі літаратура, лёгка даваліся геаграфія, матэматыка і фізіка. Такі максімалізм вельмі дапамог жанчыне ў будучым ставіць мэты і дабівацца іх сваімі намаганнямі. З малаком матулі жанчына ўвабрала ў сабе такія рысы характару як працавітасць, сумленнасць, прыстойнасць і трымаецца іх на працягу ўсяго свайго жыцця. Любоў да аналітычных навук вызначыла мару Валянціны Эдвардаўны: яна хацела стаць праграмістам, таму і паспрабавала паступіць у Баранавіцкі ліцэй машынабудавання, але не прайшла па конкурсе. Жанчына лёгка пакінула сваю мару і паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. Як яна гаворыць: “Мары трэба здзяйсняць, але, калі атрымліваецца не так, як мы плануем, не трэба спыняцца, бо змяніць жыццё мы не зможам, хіба толькі падкарэкціраваць. Тое, што прадвызначана лёсам, усё роўна збудзецца”. Выдатна скончыўшы адукацыю па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг, Валянціна Эдвардаўна адпраўляецца на адпрацоўку на хлебазавод пад Мінскам, у горад Мядзель.

А знаёмства з паштовай справай у жанчыны было двойчы. Яе бацька адпрацаваў у электрасувязі 30 год на пасадзе сувязіста, і менавіта ён параіў дачцэ пайсці працаваць на пошту. Валянціна Эдвардаўна ўспамінае: “Як зараз памятаю той дзень, калі мне тата сказаў, што ёсць месца на пошце, ідзі, будзеш дынастыю працягваць. Ну, я і пайшла”. Ва ўзросце 23 год Валянціна Эдвардаўна ўпершыню прыйшла на пошту і заняла пасаду аператара – гэта было 1 чэрвеня 1983 года. Адпрацавала нядоўга, усяго адзін год, а затым пайшла ў дэкрэт. Пасля таго, як яе дачцэ не споўнілася і паўгода, яна пайшла працаваць на чыгунку. Там працавала ў таварнай, а затым у білетнай касах на пасадзе таварнага камерцыйнага агента. Мінула амаль дзевяць год, і ў 1993 годзе яе запрасілі працаваць на пошце, спачатку намеснікам начальніка, а з 2 лютага 1994 года прызначылі на пасаду начальніка аддзялення сувязі.

Не за прыгожыя вочы і добры характар гэтая жанчына стала начальнікам. Як адзначае сама Валянціна Эдвардаўна: “Проста я вельмі хутка вучуся і адразу ж разумею сутнасць работы. Мне вельмі лёгка даюцца новыя праграмы і іншыя новаўвядзенні. Калі мне даюць інструкцыю, я хутка ў ёй разбіраюся і адразу ж пачынаю працаваць па ёй, а затым у даступнай форме даношу інфармацыю да сваіх калег. Мяне вабіць усё новае”. І калі гаварыць аб сямейных дынастыях, то яе дачка хацела пайсці працаваць на пошту, але дрэнны зрок перашкодзіў ёй у гэтым.

ГАЛОЎНАЕ Ў ЛЮБОЙ СПРАВЕ – ДОБРАСУМЛЕННАСЦЬ, А ІНШАЕ ПРЫЙДЗЕ З ВОПЫТАМ

Пра абраную справу яна не шкадуе, і гэта нягледзячы на тое, што кожны дзень прыходзіцца сутыкацца з рознымі цяжкасцямі. Валянціна Эдвардаўна адзначае, што работы многа, вельмі вялікая нагрузка і адказнасць – гэта і выкананне планаў, і стасункі з рознымі людзьмі. Кожнаму кліенту трэба дапамагчы, знайсці да кожнага свой падыход. Працаваць трэба хутка і пры гэтым нельга памыляцца, бо на работніках пошты – вялікая адказнасць.

Не памылюся, калі скажу, што гэтая жанчына сапраўды чалавек сваёй справы. Калі працоўны дзень пачынаецца ў 8.30, то яна прыходзіць амаль на гадзіну раней у 7.45. Гэты час жанчына прысвячае рыхтоўцы да працоўнага дня.

— Мой працоўны дзень пычынаецца так: спачатку трэба выдаць аванс аператарам на касы, затым – знакі паштовай аплаты (усё тое, што было прададзена за дзень трэба папоўніць зранку), далей трэба падрыхтаваць усе патрэбныя паперы для адпраўкі пошты, бо дастаўка пачынаецца рана. А затым увесь астатні час я занятая: дапамагаю калегам абслугоўваць кліентаў, разбіраю пошту, прымаю паштальёнаў, адпраўляю дастаўку, набіваю па касавых чэках даведкі і рыхтую дакументы для справаздачаў. Калі афіцыйна мая работа заканчваецца ў шэсць гадзін, то дахаты я іду не раней сямі вечара. Я вельмі рада абранай рабоце, і ніколі б яе не прамянала на іншую.

Пад яе кіраўніцтвам працуюць 7 чалавек, і, акрамя сваёй работы, Валянціна Эдвардаўна, як кіраўнік, павінна пракантраляваць выкананне іх работы і работу паштальёнаў, якія працуюць на паштовых участках. Напрыклад, правесці апытанне сярод насельніцтва аб якасці паштовага абслугоўвання.

У ПОШТЫ НЯМА ДРЭННАГА НАДВОР’Я. АБ КУР’ЁЗАХ ПАШТОВАГА ЖЫЦЦЯ

“У нашай справе не існуе ні плюсаў, ні мінусаў, — з усмешкай гаворыць Валянціна Эдвардаўна аб надвор’і, — пошта павінна дастаўляцца і ў спёку, і ў дождж, і ў снег. Раней з непагодай спраўляліся па-свойму, напрыклад, у моцны дождж надзявалі пакеты на ногі, каб не прамакалі. А яшчэ быў такі выпадак: прыходзіць наша паштальёнка і гаворыць: “Дзяўчаты, людзі гавораць, што рызінка ў штанах не прамакае, дык вось ведайце, хлусяць яны ўсё, вельмі прамакае”.

У час нашай з Валянцінай Эдвардаўнай размовы я дакладна зразумела, што гэтая жанчына вельмі важны і патрэбны чалавек на пошце, бо вельмі часта да яе звярталіся з рознымі пытаннямі, на якія яна лёгка давала адказы. А той факт, што яна без папераў дакладна ведае, колькі пенсіянераў абслугоўваюцца на яе ўчастку, 607 чалавек у мінулым месяцы, паказвае, што яна не толькі гаворыць пра добрасумленную работу, але і сама з’яўляецца для гэтага прыкладам.

“УСЁ МАЁ ЖЫЦЦЁ СКЛАДАЕЦЦА З ТРОХ ПРЫНЦЫПАЎ: ДАБРЫНІ, ШЧЫРАСЦІ І СПРАВЯДЛІВАСЦІ”

Менавіта такія рысы характару Валянціна Эдвардаўна выхоўвала ў сваіх дзецях, бо, як заўважыла жанчына: “Толькі ад бацькоў адбываецца станаўленне дзяцей, не бывае дрэнных дзяцей, бываюць лянівыя бацькі. А сваёй дачцэ я кажу, што трэба да ўсяго адносіцца з дабрынёй, тады і ў душы не будзе месца злу, і жыць лягчэй будзе”.

Валянціна Эдвардаўна выгадавала дваіх дзяцей: сына Дзмітрыя і дачку Вольгу. Дзмітрый цяпер працуе інжынерам-геадэзістам, а дачка – бухгалтарам у ліцэі.

Жанчына лічыць, што прыклад сямейнага жыцця бацькоў спрыяе будучыні дзяцей. Яна аказалася права: яе дзеці стварылі моцныя сем’і, поўныя любові і павагі.

А са сваім мужам Уладзімірам у гэтым верасні яны адзначылі 34-годдзе сумеснага жыцця. “Уладзімір, вось адкажы мне, калі б вярнуць гэтыя 34 гады жыцця назад, то што б ты рабіў у гэтым месяцы? А ён мне: на табе б ажаніўся”, — усміхаецца Валянціна Эдвардаўна.

Яе сакрэт жаночага шчасця ў вельмі простых рэчах: “Мы ніколі з мужам і пяці хвілін не сварыліся, нават і не было такога, каб мы не размаўлялі, бо гэта глупства. Трэба заўсёды шукаць альтэрнатыву. Калі сварацца пары па дробязі, дык гэта толькі іх любоў растрачваецца, а жыццё такое доўгае, што яшчэ будзе час, каб пакрыўдзіцца і пасумаваць. У гэтым жыцці можна вырашыць абсалютна ўсё”.

СЯМ’Я – ГЭТА МАЁ ЎСЁ

Для гэтай жанчыны няма нічога даражэй на свеце, чым сям’я, яна, як і любая любячая матуля, імкнецца рабіць усё для сваіх дзяцей і ўнукаў.

Яна вельмі лёгка прымае ўсё новае, ліберал, а не кансерватар па душэўным стане. Заўсёды спрабуе зразумець і дапамагчы іншым.

Максімалістка ва ўсім, яна і рамонт сама справіць можа і пральную машынку адрамантаваць. А калі выдаецца свабодная хвілінка, то Валянціна Эдвардаўна любіць узімку вязаць, а летам – працаваць на агародзе, хадзіць па грыбы. Таксама з захапленнем яна чытае гістарычную і мастацкую літаратуру, напрыклад дэтэктывы класікаў.

Пасля цяжкага працоўнага тыдня найлепшая аддушына для яе – любімыя ўнукі, якія не перастаюць радаваць бабулю сваімі талентамі, спецыяльна для бабулі ўнук арганізоўвае міні-канцэрты: іграе эцюды на піяніна і спявае песні на роднай мове.

Размову аб гэтай цудоўнай жанчыне мне хацелася б звяршыць яе словамі: “Калі б я змагла нешта змяніць, то я зрабіла б так, каб мір быў па ўсёй зямлі, усім людзям добра жылося і толькі дабрыня напаўняла сэрцы і думкі людзей”.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *