Святочная праграма, прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня, адбылася ў Дзятлаўскім раённым доме культуры.
Афіцыйную частку праграмы склала выступленне старшыні раённага выканаўчага камітэта І. І. Крахмальчыка. Звяртаючыся да жанчын, ён адзначыў іх ролю ў жыцці грамадства і дзяржавы як матуляў, захавальніц сямейнага ачага, працаўніц, якія дасягаюць поспехаў у розных сферах жыцця.
Віншуючы жанчын Дзятлаўшчыны з 8 Сакавіка, старшыня райвыканкама пажадаў ім быць заўжды пяшчотнымі і прыгожымі, кахаць і быць каханымі, пабольш светлых і добрых дзён у жыцці, любові блізкіх і родных людзей.
Таксама ва ўрачыстай абстаноўцы І. І. Крахмальчык уручыў жанчынам, якія зведалі жахі Вялікай Айчыннай вайны, юбілейныя медалі «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Узнагароды атрымалі Р. І. Венславоўская, В. А. Калпінская, Г. І. Сліжэўская, Н. А. Цярэнцьева, Я. М. Капціловіч, Я. А. Хайко.
Канцэртная праграма да Дня жанчын была напоўнена песнямі, добрым гумарам, прыемнымі сюрпрызамі. Адзін з іх — танцавальны нумар, які выканалі таты разам са сваімі маленькімі дочкамі. У ліку сюрпрызаў і творчы дуэт Віталя Зайца і Таццяны Калодкі, якія выканалі вядомы хіт з рэпертуара спевака Араш. Запомніўся гледачам і Оле-Лукойе, ролю якога выканаў Іван Каско.
Яскравым атрымалася выступленне вядучых праграмы — Валерыя Макарчыка і Васіля Шыцько, а таксама іх юных пераемнікаў, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі ў нялёгкай справе канферансье.
Песенныя нумары ў выкананні Сяргея Малышчыка, Івана Кашко, Мікалая Райко, Генадзя Сураўца, Максіма Юганава,дуэта Алены Ярмак і Андрэя Вайцяхоўскага, юных «зорачак» сцэны — вучняў школаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, студыі цыркавога майстэрства стала для жанчын выдатным падарункам, крыніцай добрага вясновага настрою.
А.ДУБРОЎСКАЯ