Анжэла Латушка: «Мастацтва — гэта штодзённая праца»

Падзеі

IMG_3534a_LatushkaМастак. Майстар. Настаўнік. Член Беларускага саюзу майстроў народнай творчасці. Гераіня аднаго з відэаматэрыялаў тэлеканала «СТБ» ў 2010 годзе. Усё гэта датычыцца Анжэлы Уладзіміраўны Латушка, жыхаркі Дзятлава. Сустрэўшыся з ёю, карэспандэнтка газеты пагутарыла з майстрам аб творчасці, мастацкіх выставах і творчых планах.

ЖЫВАПІС. КВЕТКІ. ІМПРЭСІЯНІЗМ

— Анжэла Уладзіміраўна, напачатку раскажыце крыху пра сябе.
— Я нарадзілася ў Расіі, у Архангельскай вобласці. Туды пасля заканчэння ваеннага вучылішча быў накіраваны служыць мой тата. Там ён пазнаёміўся з мамай. Праз пяць гадоў тату ўжо на пастаянную службу накіравалі ў Літву, горад Шауляй. Там я вучылася ў мастацкай школе. І ўжо ў той час зразумела, што сваю будучыню хачу звязаць менавіта з творчасцю.
У 1984 годзе я прыехала ў Беларусь, паступіла вучыцца ў Віцебскі інстытут, на мастацка-графічны факультэт. Перыядычна ездзіла да бацькоў, якія заставаліся ў Літве.
— Яны і надалей засталіся жыць там?
— Не. Калі пачалася перабудова, тыя змены, якія адбываліся ў краінах былога Савецкага Саюза, мае бацькі таксама пераехалі ў Беларусь, у Вілейку. Я ў сям’і — адна дачка, і мае бацькі заўжды казалі:»Дзе ты пусціш карані, туды пераедзем жыць і мы».
— Анжэла Уладзіміраўна, адкуль у вас мастацкі талент, ад каго дастаўся ў спадчыну?
— Ад таты — Уладзіміра Пракопавіча. Ён быў не толькі ваенным лётчыкам, але яшчэ і творчым чалавекам, вынаходнікам. Як старшы бортмеханік, ён зрабіў шмат прыбораў для сваёй работы.
Ваенных лётчыкаў нярэдка накіроўвалі падправіць сваё здароўе ў санаторыі. Адзін з іх размяшчаўся непадалёку ад Рыгі, у парку. І тата, прагульваючыся па ім, знаходзіў кавалкі старых дрэваў, першапачаткова звычайным перачынным нажом спрабаваў выразаць з іх прыгожыя вырабы. Пасля зрабіў інструмент для разьбы па дрэве, заняўся гэтым усур’ёз. У яго атрымліваліся цікавыя і прыгожыя работы.
— Дзе вы пачыналі свой прафесійны шлях?
— У Дзятлаве. Пасля заканчэння Віцебскага інстытута я пераехала сюды разам з мужам. Тады я гадавала маленькую дачку, але, тым не менш, ужо шукала сабе работу. І бачыла сябе толькі мастаком. Першапачаткова мне прапанавалі весці гурток у раённым Доме культуры, пазней — працаваць у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава. На гэтую прпанову я адказала згодай.
— Анжэла Уладзіміраўна, як жывапісец, у якім жанры вы больш за ўсё любіце працаваць?
— Я вельмі люблю маляваць кветкі. І не як частку нацюрморта або іншай кампазіцыі, а саміх па сабе, без гаршчкоў і вазаў. Падабаюцца ірысы, архідэі, іншыя экзатычныя кветкі. Як мастака яны вабяць мяне сваёй арыгінальнасцю формаў, колеравай палітрай.
— А ці ёсць у вас любімы мастак?
— Я не вельмі люблю класіку. Больш падабаюцца імпрэсіяністы. Уражваюць іх лёгкія, амаль паветраныя работы, арыгінальныя колеравыя спалучэнні. Хаця сама я працую ў жанры рэалізму.
— Цяпер вы — майстар па вырабе рэчаў са скуры. Як даўно займаецеся гэтым відам мастацтва? Хто натхніў вас на гэта?
— Паспрабаваць сябе ў дадзеным відзе мастацтва мне параіў муж маёй сяброўкі. Увогуле, у маім жыцці часта сустракаліся людзі, дзякуючы якім я займаюся мастацтвам. Я малюю з дзіцячага садка, і ўжо тады мае выхавальнікі напалову жартам, напалову ўсур’ёз казалі: «Анжэла будзе мастаком». Малявала я і ў школе, шмат — дома. А вось паступіць у мастацкую школу мне параіла менавіта мая школьная настаўніца па маляванні.
Калі я ўжо сама працавала настаўніцай ў СШ №3, мая сяброўка неяк сказала:»Вось ты працуеш з дзецьмі,вучыш іх ствараць, у цябе гэта атрымліваецца. Аднак чаму б табе самой не паспрабаваць сябе ў жывапісе?». Такім чынам я пачала пісаць карціны. Яны амаль адразу пачалі «разыходзіцца», гэта мяне яшчэ больш натхніла. Я пісала карціны дзесьці сем гадоў. Пасля паступіў адзін вялікі заказ — неабходна было намаляваць 50 карцін за тры месяцы. Я пагадзілася, хаця тэрміны былі вельмі сціслыя. Тым не менш, я справілася з заказам, аднак пасля мне ўжо не так моцна хацелася займацца жывапісам.
Якраз тады ў Беларусі настала мода на скураныя вырабы. І я вырашыла заняцца гэтым. Пачынала яшчэ сумяшчаючы дадзены від мастацтва з жывапісам, а пасля стала займацца толькі вырабам рэчаў са скуры.

АД «СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ» ДА «МЛЫНА»

— З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца на пачатку?
— Увогуле, скураное мастацтва даволі затратнае. Патрэбны спецыяльны інструмент, сам матэрыял дарагі. Ды і дастаць яго першапачаткова было складана. Тым не менш, крок за крокам я паступова асвойвала гэты творчы шлях.
У асноўным, я вучылася ўсяму сама. Майстры, якія займаліся гэтым доўга, не вельмі хацелі дзяліцца сакрэтамі сваіх вырабаў. Аднак ў мяне былі фотаздымкі рэчаў са скуры, я глядзела на іх, меркавала, як трэба правільна зрабіць, спрабавала. З цягам часу у мяне пачало атрымлівацца.
Магчыма, гэта і добра, што давялося асвойваць тэхніку самой, такім чынам нарадзіўся свой стыль. Як дэкор для скураных вырабаў я шырока выкарыстоўваю тасьму, метал, камяні. Нядаўна паспрабавала дапоўніць скураную сумачку аксэсуарам-кветкай, якая зроблены мной у тэхніцы валяння. Пакуль такога спалучэння тэхнік я яшчэ нідзе не бачыла.
— Анжэла Уладзіміраўна, вы пастаянная ўдзельніца фестывалю-кірмашу «Славянскі базар». А ці давялося вам у рамках мерапрыемства папрысутнічаць на канцэртах вядомых зорак?
—Трапіць на канцэрты вядомых зорак, якія звычайна адбываюцца вечарам або ноччу, фізічна немагчыма. Горад майстроў пачынае працаваць з 8 гадзін раніцы, заканчвае ў 8 гадзін вечару. За ўвесь дзень вельмі стамляешся — шмат людзей, вулічны шум. Ужо і не да канцэртаў. Усё ж такі наведваць такогакшталту мерапрыемствы я люблю адпачылай.
— Акрамя «Славянскага базару», у якіх яшчэ выставах прымаеце ўдзел?
— Цяпер у Мінску працуе шмат выставаў майстроў народнай творчасці. Шырокай папулярнасцю, як сярод саміх майстроў, так і сярод шэраговых наведвальнікаў, карыстаецца «Млын» — выстава-кірмаш, якая праходзіць два разы на год, у выставачным павільёне «Белэкспа».
Сёлета ўпершыню ўдзельнічала ў «Арт-базары». Гэта фестываль дызайнераў моднай вопраткі і аксэсуараў. Мяне запрасілі як майстра жаночых сумак.
Шмат гадоў я супрацоўнічаю і з мастацкай галерэяй «Славутыя майстры», якая размешчана ў Траецкім прадмесці. Сем гадоў таму, яшчэ калі толькі пачынала займацца вырабамі са скуры, я вырашыла паўдзельнічаць у адной з выстаў, якая штогод вясной адкрываецца ў Мінску. Мне было цікава, ці спадабаюцца мае вырабы людзям, ці будуць яны запатрабаваныя. І якраз па гэтай выставе прагульвалася дырэктар галерэі, якая запрасіла мяне супрацоўнічаць.
— А ці давялося вам удзельнічаць у фестывалі нацыяльных культур, які праходзіць у Гродне?
— Удзельнічала толькі адзін раз. Тлумачыцца гэта тым, што не заўжды атрымліваецца падрыхтавацца. Лета — гэта перыяд, калі святы ідуць за святамі, даволі напружаны графік. Напрыклад, каб на тыдзень з’ездзіць на той жа «Славянскі базар», мне неабходна напружана працаваць тры месяцы. Працоўны дзень у мяне не нармаваны. Акрамя гэтага, адзін дзень я яшчэ выкладаю чарчэнне і маляванне ў пятых класах у СШ №3 горада Дзятлава.
— Анжэла Уладзіміраўна, вырабляеце вы толькі рэчы прыкладнога характару, ці ёсць скураныя абярэгі, сувеніры?
— У асноўным, вырабляю рэчы прыкладнога характару. Цяпер яны найбольш запатрабаваныя сярод людзей. Сваю мастацкую фантазію я ў большасці рэалізую ў вырабе жаночых сумачак. Я магу сябе творча выразіць, а жанчына, якая набывае сумачку, — атрымаць прыгожую і непаўторную рэч. З кавалачкаў скуры, якія застаюцца, раблю сувеніры — скураныя чаравічкі. Яны таксама ёсць у галерэі «Славутыя майстры».
— Анжэла Уладзіміраўна, вы яшчэ і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Якія перавагі дае аб’яднанне тым, хто знаходзіцца у яго шэрагах?
— У саюзе майстроў я толькі з канца мінулага года. Аднак ужо цяпер магу сказаць, што ўдзельнікі аб’яднання маюць магчымасць арганізаванага ўдзелу ў выставах-кірмашах, у тым ліку і за межамі краіны. Напрыклад, ужо два гады на «Славянскім базары» ўдзельнічаюць майстры з Літвы, год — майстры з Латвіі. Мяркую, што такую магчымасць рэалізавала іх нацыянальнае аб’яднанне майстроў. Гэта ж датычыцца і беларускіх майстроў. У мінулым годзе прадстаўнікі саюза майстроў народнай творчасці цэнтралізавана ездзілі ў Індыю, Літву, сёлета — ў Германію.
— Як майстар са стажам, якія парады вы дасце тым, хто жадае усур’ёз заняцца дэкаратыўным мастацтвам?
— Усё залежыць ад таго, якое мастацтва выбірае чалавек, паколькі ў кожнай дэкаратыўнай тэхнікі — свая спецыфіка.
— Тым не менш, ці ёсць універсальная парада?
— Перш за ўсё чалавек павінен мець вялікае жаданне займацца творчасцю, добры настрой, цярпенне. Паколькі памылкова лічыць, што для заняткаў творчасцю патрэбна толькі натхненне. Мастацтва — гэта перш за ўсё штодзённая праца.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *