«Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня

Падзеі

14 студзеня моладзь Гродзеншчыны сустракалася са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. А 19-20 студзеня ў Мінску, у Палацы Рэспублікі, у фармаце адкрытага дыялога «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшоў 42-і з’езд ГА «БРСМ», у якім прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Форум аб’яднаў тысячу дэлегатаў, а таксама гасцей і запрошаных, у тым ліку партнёраў ГА «БРСМ» з моладзевых арганізацый Беларусі, Расіі, Казахстана, Літвы.

Гродзеншчыну на з’ездзе прадставілі самыя актыўныя і ініцыятыўныя маладыя людзі вобласці. Дэлегатамі ад Дзятлаўскага раёна былі першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чурай, настаўніца Рудаяварскага дзіцячага сада-базавай школы Вольга Жых, аператар электравылічальных машын Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Аксана Баброўнік.

Пачалося мерапрыемства з рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Мы памятаем і ганарымся», прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі. У час мітынга на плошчы Перамогі дэлегаты з’езда ўсклалі вянкі і кветкі да манумента Перамогі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых. Моладзь і надалей прадоўжыць удзел у акцыі: па ўсёй краіне пройдуць вахты памяці, творчыя фестывалі, конкурсы патрыятычнай песні, моладзевыя форумы, канцэрты, сустрэчы з ветэранамі. Яркімі мерапрыемствамі стануць праекты «Мая кінастужка пра вайну», «Вясна 45-га года», агітцягнік канцэртных брыгадаў «Салют Перамогі», акцыя «70 гадоў міру», праект «Героі Перамогі».

Пасля мітынга дэлегаты з’езда накіраваліся ў кінатэатр «Кастрычнік», дзе прынялі ўдзел у адкрытым дыялогу з аўтарамі і вядучымі акцёрамі мастацкай стужкі «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзявяты: кур’еры страху», паглядзелі кінастужку.

Галоўным днём у рабоце з’езда было 20 студзеня: у Палацы Рэспублікі адбыўся адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня». З самай раніцы дэлегаты і госці наведалі выставу патрыятычых фотаздымкаў «Разам дом пабудуем», на якой былі прадстаўлены найбольш яркія моманты жыцця саюзнай моладзі, адлюстраваныя на фотаздымках.

У час адкрытага дыялога ўдзельнікі з’езда абмеркавалі вынікі работы грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», вызначылі асноўныя накірункі дзейнасці на наступныя тры гады. Прайшлі выбары членаў Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай кантрольнай камісіі ГА «БРСМ». Лідарам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі стаў Андрэй Белякоў, які раней займаў пасаду другога сакратара ЦК ГА «БРСМ».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы выказаў моладзі пажаданне, каб 2015 год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі, прайшоў заўважна і запомніўся многім пакаленням. Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, з якімі задачамі сёння па сілах справіцца маладым беларусам, станоўча ацаніў праект «Кветкі Вялікай Перамогі».

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў дэлегатаў нашага раёна, якія ўражанні ў іх засталіся ад сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама і ад 42-га з’езда ГА «БРСМ». Што найбольш спадабалася і запомнілася ў час гэтых мерапрыемстваў?

Анастасія Чурай:
— Cпадабаўся сам фармат адкрытага дыялога. Так, у час паездкі ў Гродна любы жадаючы мог свабодна задаць хвалюючае пытанне кіраўніку вобласці, пачуць адказ, і ні адно пытанне моладзі не засталося без увагі.

Ураджанні ад 42-га з’езда ГА «БРСМ» найлепшыя. Сустрэча была арганізавана на высокім узроўні, усё прадумана да дробязяў. Спадабалася сімвалічнае афармленне залы: выявы квітнеючага сада, вялікія шкляныя куфры з яблыкамі, як сімвал маладосці, росквіту і тых добрых справаў, якія ўжо паспела зрабіць саюзная мрладь, прэзентацыя новай песні пра «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ў час адкрыцця.

Асабліва цікава было пачуць аб перспектывах развіцця арганізацыі на наступныя тры гады, даведацца, дзе яшчэ недапрацоўваем, на што варта звярнуць увагу. Даведаліся мы і пра рэальныя справы калегаў з іншых рэгіёнаў, пабачылі, як гэта адбывалася, на фотавыставе «Разам дом пабудуем», дзе былі і нашы фотаздымкі.

У час пасяджэння адбылася онлайн-канферэнцыя з абласнымі цэнтрамі Беларусі, дзе таксама сабралася актыўная моладзь. Кожная вобласць прэзентавала свае ідэі. Віцебская моладзь прапанавалі пашырыць ільготы для байцоў моладзевых атрадаў аховы правапарадку, каб яны маглі паступаць не толькі ў ваенныя і міліцэйскія навучальныя ўстановы, але і ва ўстановы МНС. Гомель прапанаваў для кожнага валанцёра БРСМ завесці валанцёрскую кніжку, стварыць у Беларусі спецыяльную арганізацыю, якая будзе курыраваць валанцёрскі рух.

Цікава было пачуць, што скажа Прэзідэнт. І ён станоўча ацаніў дзейнасць ГА «БРСМ», сказаў, што сёння наша арганізацыя ўжо не мае патрэбы ў рэкламе. Таксама кіраўнік дзяржавы зазначыў, што сёлетні год будзе багаты на падзеі, і на моладь, як самую актыўную частку грамадства, ускладзена шмат задач. Але маладыя абавязкова з імі справяцца, бо арганізацыя робіць шмат карыснага для краіны і пацвярджэнне таму — атрыманне прэмій за духоўнае адраджэнне. Прыемна было разумець, што наша арганізацыя прыносіць карысць Айчыне, што ўлады ўдзяляюць ёй увагу, што жыццё і справы саюзнай моладзі заўжды ў аб’ектыве сродкаў масавай інфармацыі.

Вольга Жых:
— Прыемна ўражана, таму што змагла задаць сваё пытанне старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Краўцову. Цікавілася пра жыллё для маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці, бо ў свой час самой з-за гэтай праблемы давялося памяняць месца працы.

У Мінску спадабалася кінапрэм’ера — «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзявяты: кур’еры страху». Пасля нам прадаставілі магчымасць паразмаўляць з кінаакцёрамі, якія зняліся ў стужцы.

Уразіла і праграма самога з’езда — цікава, прадумана, свабодна, дасціпна. У зале праз два рады ад мяне сядзеў Прэзідэнт, так блізка ў рэальным жыцці я яго яшчэ не бачыла. Вельмі спадабалася выступленне прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці. Яны самі напісалі песню пра вайну, знялі відэаролік. Расказалі, што займаюцца пошукавай дзейнасцю, працуюць на будоўлі гістарычнага комплекса.

Дэлегацыя нашай вобласці вылучалася яркім знешнім выглядам, арганізаванасцю. У нас былі самыя прыкметныя шырокія шалікі з гербам Гродзеншчыны, сцяжкі. Напрыканцы мерапрыемства, калі прыспеў час ад’язджаць, тэлежурналісты папрасілі нас даць інтэрв’ю на камеру. Відаць ім спадабаўся наш знешні выгляд.

Мы шмат пачулі і пабачылі, займелі новых знаёмых. Але самае галоўнае, што ў час паездкі я зразумела: мы не проста працуем, а прыносім рэальную карысць сваёй краіне. Многае ўжо зроблена. А колькі яшчэ трэба паспець зрабіць!

Аксана Баброўнік:
— Запамінальнай і цікавай была сустрэча са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама ў фармаце адкрытага дыялога. Уладзімір Краўцоў дакладна і поўна адказваў на ўсе нашы пытанні.

Што тычыцца 42-га з’езда ГА «БРСМ», то я вельмі рада, што трапіла ў склад дэлегацыі. Уражанні самыя станоўчыя. З вялікім задавальненнем прымала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Яркай і арыгінальнай аказалася выстава фотаздымкаў «Разам дом пабудуем» аб жыцці і справах саюзнай моладзі. Да слёз уразіла песня і відэаролік абкама РК «БРСМ» Брэсцкай вобласці «Мы хацелі кахаць». Натхнілі словы Прэзідэнта аб моладзі.

За час з’езда я пазнаёмілася з многімі яркімі, таленавітымі людзьмі, знайшла новых сяброў, з якімі прыемна паразмаўляць, падзяліцца вопытам і ўражаннямі. Мы ўсе заняты адной справай, і нам ёсць, што абмеркаваць.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *