КВЗ: гумар ад «Красавчиков»

Падзеі

Гульня КВЗ крочыць па планеце Зямля ўжо больш за пяцьдзясят гадоў. Існуюць лігі КВЗ, фан-клубы прыхільнікаў гэтай гульні, крэатыўна і з азартам жартуюць як студэнты, так і школьнікі. Адным словам, КВЗ — гэта гульня маладых, актыўных людзей, у якіх атрымліваецца іграць і імправізаваць на сцэне, і гэтым дарыць пазітыўны настрой сваім гледачам.У гімназіі №1 горада Дзятлава другі год існуе каманда КВЗ «Красавчики».

Як тлумачыць кіраўнік творчага праекта Святлана Уладзіміраўна Андруніна, першапачаткова ў камандзе ўдзельнічалі як хлопцы, так і дзяўчаты. Цяперашнія «Красавчики» — выключна юнацкая каманда, у якой іграюць Яўген Калодка, Ягор Галадноў, Мікіта Калпінскі, Васіль Серпухаў, Дзмітрый Раманаў,Аляксандр Лаўроўскі, Роберт Баравік, Улад Красоўскі. Аснова каманды — вучні 11, 10 класаў. Улад Красоўскі вучыцца ў сёмым класе, самы малады ў камандзе, але тым не менш гарманічна дапаўняе яе, надае ёй своеасаблівы шарм.

Артыстычныя і таленавітыя «Красавчики» на сцэне трымаюцца ўпэўнена. Упэўненасць, лічыць капітан каманды Яўген Калодка, павінна быць асноўнай рысай любога артыста. Яна дазваляе дасканала адпрацаваць нумар, а калі і адбываюцца «збоі» — не разгубіцца і сымправізаваць.

Калі для Яўгена, які таксама валодае добрымі вакальнымі дадзенымі, умее іграць на гітары і саксафоне, удзел у КВЗ — яшчэ адзін запіс у сцэнічнай біяграфіі, то для Васіля Серпухава КВЗ стаў сцэнічным дэбютам. І вельмі паспяховым. За гэты час юнак сыграў не адну ролю, любімая з якіх — роля вайскоўца.

Увогуле, кожнаму з «Красавчиков» прыйшлося «прымерыць» не адзін сцэнічны вобраз — і не толькі ў час выступленняў, але і ў час рэпетыцый, калі толькі адпрацоўваюцца нумары. Патрэбныя парады хлопцам дае іх кіраўнік — Святлана Уладзіміраўна Андруніна. У сваім школьным юнацтве яна таксама актыўна іграла ў КВЗ, прымала ўдзел у многіх творчых конкурсах і праектах. Узгадвае Святлана Уладзіміраўна і той перыяд развіцця школьнага КВЗ на Дзятлаўшчыне, калі ў камандзе разам з вучнямі выступалі іх настаўнікі. Такія гульні КВЗ — заўжды цікава і азартна.

Для падапечных Святланы Уладзіміраўны КВЗ таксама адыгрывае пэўную ролю ў іх творчым жыцці. Мікіта Калпінскі лічыць, што гульня вучыць працаваць у камандзе. А яшчэ падымае жыццёвы тонус, дае аптымізм — такога погляду прытрымліваецца Ягор Галадноў. Як і Яўген Калодка, ён неаднаразова выступаў на сцэне з сольнымі вакальнымі нумарамі, умее іграць на гітары. А таксама з дзяцінства Ягор захапляецца аўтамабілямі.

Яшчэ трэба дадаць тое, што хлопцы з каманды КВЗ «Красавчики» не толькі любяць жартаваць, але і ўсур’ёз захапляюцца спортам: выступаюць за зборную гімназічную каманду па валейболе.

Для Яўгена Калодкі, Ягора Галаднова, Мікіты Калпінскага, Роберта Баравіка, Васіля Серпухава сёлетні навучальны год апошні ў іх школьным жыцці: яны — выпускнікі гімназіі.

Мяркую, што ўжо студэнтамі яны не толькі будуць узгадваць сваё насычанае творчае жыццё, але і працягнуць развіваць свае таленты на новым узроўні. А ў гімназіі №1 г. Дзятлава эстафету КВЗ у «Красавчиков» пераймуць наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах «Школа КВЗ».

ЖАРТЫ АД «КРАСАВЧИКОВ»

Для таго, каб пахудзець, бландзінка запісалася ў хор.
— А, што, гэта дапаможа? — спыталі ў яе.
— Мне ўсё роўна, толькі б есці не было калі.

Юнак пытаецца ў свайго старэйшага сябра, што падарыць дзяўчыне на Новы год: кветкі, тэлефон, духі?
— Кветкі завянуць, тэлефон зламаецца, духі выдыхаюцца. Лепш падары ёй шарык ад падшыпніка. Гэта арыгінальна і нічога з ім не здарыцца.

Дагістарычны перыяд. Хлопчык вяртаецца дахаты ў пячору. Сустракае бацька і правярае адзнакі сына:
— Я разумею, што табе чатыры па матэматыцы — мы толькі навучыліся лічыць, я разумею, што чатыры — па мове, мы толькі навучыліся гаварыць. Але чатыры па гісторыі, якой усяго толькі нічога!

Я зразумеў, што канчаткова з’ехаў з глузду, калі з дапамогай двух пальцаў імкнуўся павялічыць карцінку ў часопісе.

Сын просіць у мамы дазволу пайсці пагуляць.
— А ты памыў посуд? Пачысціў бульбу? Прыбраў у хаце? Вывучыў урокі? Звязаў касцюм браціку? Закатаў слоікі з кампотам? Адрамантаваў кран у ваннай? Не? І пасля гэтага ты яшчэ гаворыш, што я да цябе прыдзіраюся…

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *