Сумленнасць, пунктуальнасць, уважлівасць. Без гэтых асабістых якасцяў, па меркаванні вядучага спецыяліста мабілізацыйнай групы Дзятлаўскага ваеннага камісарыята Таццяны Кавальчук, у яе працы ніяк не справіцца. Хоць і не носяць жанчыны ў ваенкамаце пагоны, аднак адказнаць нясуць не меншую за афіцэраў.
Цяпер жанчыне мала верыцца, што калісьці атрымлівала спецыяльнасць хлебапёка. Без малога трыццаць гадоў таму ўраджэнку Зэльвеншчыны, выпускніцу Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума звязала з нашым раёнам размеркаванне ў хлебны цэх Дзятлаўскага спажыўтаварыства, затым доўгі час яна працавала ў санаторыі “Радон”.
Ужо мінула больш за сем гадоў, як Таццяна Уладзіміраўна зрабіла новы жыццёвы паварот, абраўшы зусім новую, напачатку нязвыклую работу ў раённым ваенным камісарыяце. Давялося нямала дакументаў вывучыць, шмат новай інфармацыі засвоіць, улічыць каштоўныя парады калегаў па працы. За дапамогу і слушную навуку жанчына ўдзячная сваёй папярэдніцы ў мабілізацыйнай групе Людміле Кончык.
Тое, што напачатку падалося складаным, праз колькі часу стала для Таццяны Кавальчук неад’емнай часткай жыцця. А разам са строгай сістэмай у працы – і лад жыцця набыў свой асаблівы парадак.
— Калі ў мяне пытаюцца, ці хапае часу на працу, сям’ю, дом, хобі, я не задумваюся, што адказаць. Каб усё паспяваць, трэба мець у жыцці нейкі план, сістэму, тады часу абавязкова будзе хапаць на ўсё, – тлумачыць жанчына.
Дарэчы, хоць і працуе цяпер з ваеннаабавязанымі, Таццяна Кавальчук не забываецца і пра сваю першую спецыяльнасць: часцяком выпякае для сваіх родных свежыя прысмакі па ўласных рэцэптах.
Н.АВЯРЧУК