Бывай, папяровы «цэтлік»!

Падзеі

Дзятлаўскі вузел электрасувязі з 2015 года перайшоў на аўтаматычную даведачную службу 164. Па гэтым нумары можна атрымаць інфармацыю па аплаце за карыстанне дамашнім тэлефонам. Усе нюансы новай паслугі патлумачыў начальнік вузла электрасувязі Пётр Сокал.

— Пётр Палікарпавіч, што гэта за навінка – “164”?
— Фактычна – гэта замена традыцыйнаму папяроваму “цэтліку” з сумай для аплаты за карыстанне стацыянарным тэлефонам, які нашы абаненты прывыклі атрымліваць штомесяц па пошце. Функцыянуе паслуга вельмі проста: чалавек набірае з дамашняга тэлефона нумар 164, і прыемны жаночы голас паведамляе, колькі яму неабходна будзе заплаціць у гэтым месяцы за паслугі сувязі. Дадам, што, як і ў папяровым “цэтліку”, абанент атрымлівае поўную расшыфроўку па аплаце: колькі прагаварыў грошай па міжгародняй, міжнароднай сувязі або ў час размоваў па нумарах мабільных аператараў, колькі склала абаненцкая плата.
— Прыемны жаночы голас у трубцы – гэта аператар?
— Не, гэта камп’ютарная праграма. Размову яна з вамі не падтрымае, але будзе накіроўваць вашы дзеянні, даваць падказкі. Напрыклад, калі вы патэлефануеце на нумар 164 з мабільнага тэлефона, каб даведацца, колькі вам неабходна заплаціць за дамашні, што таксама магчыма, “прыемны голас” будзе называць лічбы, якія трэба націснуць, каб атрымаць інфармацыю. Прыкладна гэта выглядае так: “Калі вы жадаеце даведацца памер аплаты за карыстанне стацыянарным тэлефонам, націсніце кнопку “адзін.”
— У якіх выпадках чалавек можа не атрымаць інфармацыю па нумары 164?
— Праблемы могуць узнікнуць толькі ў двух выпадках: калі вы карыстаецеся дыскавым тэлефонам або калі ваш тэлефон не пераведзены ў рэжым танальнага набору. Дыскавы тэлефон не падтрымлівае танальны рэжым наогул, а паслуга працуе толькі ў ім. Але, думаю, такіх тэлефонаў у нашым раёне засталося няшмат, паколькі ўжо дзесяць гадоў мы не закупляем запчасткі для іх, адпаведна – не рамантуем. У 90% сучасных тэлефонаў танальны набор прадугледжаны, праўда, існуе адрозненне пераключэння: у адным апараце – гэта кнопачка на задняй панэлі, у другім – перавод праз “меню” тэлефона.
— Колькі каштуе званок у даведачную службу?
— Пры наборы са стацыянарнага тэлефона, які належыць фізічнай асобе, паслуга 164 з’яўляецца бясплатнай.
— З якой даты месяца і ў які час працуе даведка?
— Служба 164 працуе кругласутачна. Што датычыцца даты, з другой дэкады кожнага месяца ўжо можна атрымліваць інфармацыю па аплаце.
— Пётр Палікарпавіч, з якой мэтай Белтэлекам вырашыў арганізаваць пераход на аўтаматычную даведачную службу?
— Каштоўнасць службы 164 відавочная. Гэта чарговы крок наперад – да сучасных тэхналогій, да спрашчэння работы сістэмы сувязі. І мне вельмі прыемна, што Дзятлаўшчына актыўна перабудоўваецца на сучасны лад, паспяхова выкарыстоўвае інавацыі. Абанентаў жа, якія з недаверам адносяцца да новых тэхналогій, пабойваюцца аўтаматызацыі, хачу супакоіць і пераканаць у тым, што і ім больш выгадная будзе новая паслуга. Напрыклад, не сакрэт, што папяровыя цэтлікі часта занадта позна трапляюць у паштовыя скрыні, паколькі “пераадольваюць” вельмі доўгі шлях: “друкуюцца” ў Мінску, “сартыруюцца” ў Гродне, пасля “едуць” у Дзятлава да нашых абанентаў, якія часта ўжо паспяваюць да гэтага часу аплаціць паслугі. У выніку, папяровы рэсурс краіны становіцца непатрэбным, ператвараецца ў смецце, якое папросту валяецца ў пад’ездах шматпавярховак. Дзякуючы новаўвядзенню, чалавек, збіраючыся аплачваць паслугі ў зручны для яго дзень, незалежна ад таго: у банку, на пошце або праз інтэрнэт-банкінг, — можа за адну-дзве хвіліны па нумары 164 атрымаць поўную інфармацыю па аплаце. І яшчэ дадам, што дзятлаўскія сувязісты гатовы аказаць дапамогу сваім абанентам па настройцы тэлефоннага апарата на танальны рэжым, а таксама даць кансультацыю, калі паслуга 164 акажацца для кагосьці незразумелай. Па тлумачэнні звяртайцеся на нумар 2-14-35.

Гутарыла І. ГАЛОМЗІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *