У верасні 1939 года Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Закончыўся амаль дваццацігадовы перыяд акупацыі польскай уладай, збылася мара працоўных аб нацыянальным вызваленні і ўз’яднанні ў адзіную дзяржаву. 18 верасня 1939 года было вызвалена і Дзятлава. У снежні таго ж года па ініцыятыве створаных органаў Савецкай улады быў праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі. І 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці быў ўтвораны Дзятлаўскі раён.
Пачалося новае жыццё. Сяляне атрымалі памешчыцкую зямлю, была праведзена нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстаў. Узначалілі гэтыя прадпрыемствы былыя рабочыя. Адкрываліся пачатковыя, сямігадовыя і сярэднія школы, дзе выкладанне вялося на роднай мове. На канец сакавіка 1940 года на Дзятлаўшчыне налічвалася 76 школ, дзе вучылася 6738 вучняў. У раёне з’яўляліся клубы, бібліятэкі, ствараліся бальніцы, фельчарскія пункты, амбулаторыі, дзе лячэнне было бясплатным. У 1940 годзе было ўтворана 8 калгасаў.
Але мірнае жыццё раёна працягвалася нядоўга. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Да канца чэрвеня 1941 года фашысцкія акупанты захапілі ўвесь Дзятлаўскі раён. Яны пачалі ўстанаўліваць так званы “новы парадак”, парадак разбою, рабаўніцтва і масавага знішчэння мірнага насельніцтва. З першых дзён пачалося праследаванне актывістаў Савецкай улады, камсамольцаў, дэпутатаў. Захопнікі рабавалі матэрыяльныя каштоўнасці і спальвалі хаты, цэлыя вёскі, вывозілі моладзь у Германію на катаргу.
Супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў разгарнулася ўсенародная барацьба. Пачалі ўтварацца падпольныя антыфашысцкія групы, партызанскія атрады, а пазней — брыгады.
На тэрыторыі раёна дзейнічала Ленінская партызанская брыгада, камандзірам якой быў прызначаны капітан Фёдар Міхайлавіч Сінічкін. Акрамя яе, дзейнічалі брыгады імя С. М. Кірава, “Перамога” і імя К. Я. Варашылава. Вялікую работу праводзіў, створаны 25 лютага 1944 года, антыфашысцкі камітэт, 11 членаў якога былі зверскі замучаны фашыстамі. Дзейнічалі таксама камсамольска-маладзёжныя групы.
10 ліпеня 1944 года раён быў вызвалены Чырвонай Арміяй. Пачалося аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі.
Вайна пакінула пасля сябе “цяжкую спадчыну”. Страты ў раёне склалі каля 36 мільёнаў рублёў. Разрабаваны бальніцы, школы, 2 лесазаводы, электрастанцыя, 2 спіртзаводы, прамкамбінат, 19 млыноў. Былі разбураны і спалены многія вёскі, а лёс Вялікай Волі, Гарадкоў, Дубраўкі, Трахімавічаў быў такі ж, як і Хатыні. У раёне былі знішчаны 19081 мірных жыхароў, партызанаў, падпольшчыкаў, воінаў Чырвонай Арміі.
Праз тры месяцы пасля выгнання фашыстаў пачаў дзейнічаць райбыткамбінат, у якім працавалі 12 чалавек, запушчаны ў эксплуатацыю цагельны завод. У кастрычніку 1944 года пачалі працаваць кравецкая майстэрня і майстэрня галаўных убораў, наладжана вытворчасць ганчарных вырабаў. Раён налічваў 20 дзеючых млыноў, меў тэлефонную станцыю на 20 нумароў. Рыхтавалі да запуску лесапільнага і спірта-гарэлачнага заводаў у вёсцы Парэчча.
У кастрычніку таго ж 1944 года ў Дзятлаўскім раёне дзейнічала 8210 сялянскіх гаспадарак. У іх было 1542 кані, 6614 кароў, 5107 козаў і авечак. Плошча пасяўных культур складала 29 тысяч гектараў. Дапамагала сялянам апрацоўваць палеткі Міроўшчынская машынна-трактарная станцыя, якая мела 2 трактары, малацілкі і іншыя сельскагаспадарчыя прылады. Пачала развівацца сацыяльная сфера. У кастрычніку 1944 года ў раёне дзейнічалі 75 школ: 2 сярэднія, 4 няпоўныя сярэднія, 69 пачатковых. Іх наведвалі 5637 чалавек, якіх навучалі 130 настаўнікаў.
Да канца 1944 года ў гарадскім пасёлку пачала працаваць раённая бальніца на 100 ложкаў, былі адчынены амбулаторыя і аптэка, у вёсках меліся 3 медыцынскія пункты.
На пачатак 1945 года ў раёне жылi 39338 чалавек. Дзяржаўную ўладу прадстаўлялі 1 пасялковы і 15 сельскiх Саветаў, тэрыторыi якiх уключалi 2 пасёлкi i 145 вёсак.
Паступова пашырыла сферу дзейнасцi і свoй уплыў раённая камунiстычная арганiзацыя. У сакавiку 1945 года яе складалi 5 пярвiчных арганiзацый i партыйна-кандыдацкая група, якiя налiчвалi 40 членаў і 25 кандыдатаў у члены партыi.
У сакавiку 1945 года ў раёне працавалi 26 млыноў, з iх 12 мелi вадзяныя турбiны вытворчай магутнасцю 10-12 тон у дзень. МТС налiчвала 5 трактароў, мела 3 электрастанцыi магутнасцю 162 кВт. Пачаў дзейнiчаць мылаварны завод, была арганiзавана вытворчасць колаў, створаны мэблевая арцель, 3 шавецкiя майстэрнi, адчынены 18 гандлёвых кропак.
Да канца 1945 года працавалi 1 сярэдняя, 2 няпоўныя сярэднiя і 78 пачатковых школ. Мелася 2 бальнiцы на 75 ложкаў, 5 медыцынскiх пунктаў, 2 клубы, дзейнічалi 15 хатаў-чытальняў. Былi створаны 2 дзiцячыя дамы: у першым — выхоўвалi 75 дзяцей, у другiм — 49. Дзiцячыя дамы былі пад апекай воiнскай часці, якая ў той час была расквартаравана ў Дзятлаве.
З 8 студзеня 1954 года Дзятлаўскі раён знаходзіўся ў складзе Гродзенскай вобласці. 20 студзеня 1960 года да яго была далучана частка скасаванага Казлоўшчынскага раёна. 25 снежня 1962 года Дзятлаўскі раён быў скасаваны, тэрыторыя ўключана ў склад Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў. І толькі 6 студзеня 1965 года раён адноўлены з цэнтрам у Дзятлаве.
За гісторыю свайго існавання Дзятлаўскі раён, як і іншыя раёны Беларусі, не раз перажываў перыяды ўзлёту і заняпаду, перажыў шматлікія войны, што стрымлівала развіццё краю, але, дзякуючы працалюбівым жыхарам, мы маем кім і чым ганарыцца. Усё створана і сагрэта цяплом чалавечых рук, энергіяй і талентам нашых землякоў. Кожны з іх працаваў і працягвае працаваць для таго, каб наша Дзятлаўшчына стала яшчэ больш прыгожай і багатай.
В. ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея