Як эфірнае тэлебачанне садзейнічае згуртаванню сям’і

Падзеі

Эвалюцыя электрасувязі здзіўляе сваімі дасягненнямі – лічбавае тэлебачанне, эфірнае радыё, інтэрнэт. А калісьці цудам было проста пачуць голас сябра па тэлефонай трубцы. На Дзятлаўшчыне аказанне паслугаў тэлефоннай сувязі і радыё пачало ажыццяўляцца яшчэ ў гады вайны, з 26 ліпеня 1944 года.

Памяшканне, у якім гэта адбывалася, было не на звыклым месцы «Белтэлекама», а ў цэнтры плошчы і называлася Дзятлаўскай раённай канторай сувязі. На той час у раёне для ажыцяўлення паштовай і тэлефонай сувязі былі выдадзены толькі тры кані. Пошта забіралася з цягнікоў у Наваельні, затым развозілася па раёне. Лініі электрасувязі былі слупавымі, таму на конях прыходзілася вазіць слупы, каб устанаўліваць і рамантаваць лініі. У наш час ужо і не верыцца, што такое было магчыма.

А як цяпер ажыццяўляецца электрасувязь у раёне, якія фактары на яе ўплываюць і што ў планах «Белтэлекама» на будучы год – аб гэтым і не толькі карэспандэнт газеты гутарыла з патомным сувязістам, начальнік Дзятлаўскага ВЭС РУП «Белтэлекам» у горадзе Дзятлаве Пятром Палікарпавічам Сокалам.

— Пётр Палікарпавіч, якія знакавыя падзеі для “Белтэкама” адбыліся ў 2014 годзе?
— Увогуле 2014 год быў багаты на падзеі. Мы працавалі планава, выканалі пастаўленыя мэты і задачы. Але хочацца адзначыць найбольш знакавую падзею для нас – гэта пераход тэлебачання на фармат лічбавага вяшчання, дзякуючы якому на тэрыторыі раёна стала магчымым ажыццяўляць паслугі ZALA.
— А як справы з радыёвяшчаннем?
— У нашым раёне, як і па ўсёй рэспубліцы, прайшла мадэрнізацыя праваднога радыёвяшчання. Некаторыя людзі спачатку ўспрынялі гэтую з’яву не вельмі аптымістычна. Але адзначу, што ўжо ва ўсіх краінах свету няма праваднога вяшчання, і пераход на эфірнае – з’ява, якую нам дыктуе час. Мы прапаноўваем насельніцтву радыёпрыёмнік МЭТА-212, які з’яўляецца лепшым узорам сярод існуючых як па якасці, так і па цане.
— Ці дайшло тэлевяшчанне да далёкіх куткоў?
— Трэба адзначыць, што раней у аддаленых вёсках узнікалі праблемы з вяшчаннем. Але з 2014 года мы можам забяспечыць насельніцтва шырокім наборам тэлевізійных каналаў у любой кропцы раёна. Напрыклад, ZALA дайшла да такіх вёсак, як Шаршні, Гузні, Дзям’янавічы. Аказанне паслугаў лічбавага тэлебачання ў далёкія куткі мы асвойваем ужо амаль тры месяцы і будзем рады, калі людзі стануць звяртацца да нас.
— А як быць тым, у каго няма тэлевізара, аснашчанага па апошнім слове тэхнікі?
— Зусім не важна, падтрымлівае ваш тэлівізар лічбавае вяшчанне ці не. Галоўнае, каб была антэна, якая ёсць амаль ва ўсіх старых мадэлях тэлевізараў. Мы бясплатна выдаём мадэмнае абсталяванне, дзякуючы якому і на старэнькім тэлевізары можна глядзець лічбавае тэлебачанне.
— З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца работнікам «Белтэлекама»?
— На цяперашні момант праблем няшмат, тэхніка працуе спраўна. Але ўсё ж узнікаюць пытанні. Напрыклад, ламаецца ў чалавека камп’ютар, і ён сам спрабуе яго адрамантаваць, але часцей за ўсё такі некампетэнты рамонт заканчваецца тым, што інтэрнэт перастае працаваць. Праблема ў тым, што пасля такога няўдалага рамонту тэхнікі абаненты непрацаздольнасць інтэрнэта звязваюць з няякаснай сувяззю. Працаздольнасць мадэма і магчымасць перадачы сігнала мы можам праверыць, знаходзячыся ў офісе, для гэтага не абавязкова ехаць да кліента дахаты, але людзі не заўсёды гатовы верыць. Таму нашы работнікі прыходзяць да абанентаў са сваім ноўтбукам і тэсціруюць мадэм на ім. Калі наша тэхніка працуе ладна, то кліенту проста трэба аддаць камп’ютар у рамонт.
— Як быць, калі прыродныя з’явы, напрыклад, маланка ці моцны дождж уплываюць на працу інтэрнэта?
— Калі здараецца такое, то спачатку вы павінны патэлефанаваць на нумар тэхнічнай падтрымкі 123 і паведаміць аб непрацаздольнасці вашага абсталявання. Затым у кантрольны тэрмін ліквідацыі пашкоджанняў, які ўказаны ў дагаворы, спецыялісты павінны ўхіліць непаладкі. Для горада тэрмін ліквідацыі парушэнняў, выкліканыхпрыроднымі з’явамі, складае 24 гадзіны, а для сельскіх населеных пунктаў – 72 гадзіны.
— Ці спісваюцца грашовыя сродкі з рахунка абанента на момант правядзення рамонтных работ, тэрмін якіх указаны ў дагаворы?
— Плаціць трэба. Але калі мы не вытрымліваем дагаворны тэрмін рамонту для горада і вёскі, тады з рахунка абанента не знімаюцца грашовыя сродкі на час ухілення непаладак.
— Пётр Палікарпавіч, падзяліцеся планамі на будучы год?
— Плануем павялічыць аўдыторыю карыстальнікаў нашымі паслугамі. Хочам набыць новае абсталяванне, каб мець магчымасць задаволіць попыт жыхароў аддаленых населеных пунктаў нашага раёна паслугамі эфірнага тэлебачання ZALA.
— Калі азірнуцца назад, не ўзнікае настальгіі па мінулым тэлебачанні?
— Не, не ўзнікае. Я лічу, што ZALA ўвогуле садзейнічае згуртаванню сям’і – вядома, гэта я жартую. Напрыклад, хочацца мужчыне футбол паглядзець, а тут у жонкі любімы серыял пачаўся. Дзякуючы эфірнаму тэлебачанню спрачацца за праграму не трэба, можна проста паглядзець яе ў перамотцы.
— Пётр Палікарпавіч, што пажадаеце сваім работнікам і кліентам у новым годзе?
— Жадаю сваім работнікам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, новых прафесійных дасягненняў, падмацаваных дастойнай заработнай платай. А жыхарам раёна разам з пажаданнямі здароўя, шчасця, радасці і ўдачы – шырэй выкарыстоўваць нашы паслугі эфірнага тэлебачання і інтэрнэта.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *